Зрабілі ўсё, што маглі

Любіць Радзіму можна па-рознаму. Можна паехаць за тысячы кіламетраў, сумаваць па дзяцінству і юнацтву, успамінаць свае самыя лепшыя гады жыцця побач з продкамі. Можна ўвесь вольны час “завісаць” у сацыяльных сетках і хаяць любую ініцыятыву, маўляў, “а хто нам дапаможа”, “самі не дадумаліся”, “калі бясплатна дадуць” і г.д. А ёсць іншыя, якім у Інтэрнэце некалі дэмагогіі разводзіць. Яны не расказваюць пра сваю любоў да родных мясцін, бо звыклі проста рабіць нешта прыемнае і прыгожае для ўсіх.
На ўездзе ў вёску Прагрэс растуць бярозы. Ніхто іх не садзіў — няма каму, бо ў вёсцы засталося 5 жыхароў — самі выраслі з насення, прынесенага ветрам. Прыгрэтыя сонейкам на родных прасторах, пусцілі яны карэнне непадалёк ад шляху. Растуць, моцы набіраюцца, нарады мяняюць кожную пару года, прыгажэюць на вачах, нібы нявесты перад вяселлем. У бягучым годзе каля адной з прыгажунь з’явіліся лава, самаробны грыб-баравік, а на дрэве — новая шпакоўня. Дарэчы, да яе ўжо пільна прыглядаецца сямейства пярэстых птушак, спевы якіх напоўнены радасцю ад сустрэчы з роднымі мясцінамі, прысвечаны цяплу, сонейку, жыццю. Глядзіш на гэтую самаробную прыгажосць і хочацца прысесці, прытуліцца да бярозкі, нібы да матчынага пляча, паслухаць шэпт яе галінак. Пра што яна расказвае? Мабыць, пра жыццё, пра людзей, добразычлівых, працавітых. Магчыма і пра тых, хто на мінулым тыдні наводзіў парадак.
Гуртам любая справа выконваецца хутчэй і весялей. Сем’і Трубнікавых, Дзялец, Акуліч, Бондар вырашылі зрабіць добрую справу — добраўпарадкаваць могілкі. “Амаль уся вёска ўжо тут”, — сумна ўздыхалі жанчыны, гледзячы навокал.
“Гараджане прыедуць да продкаў у госці на адзін дзень — на Радаўніцу. Хіба паспеюць што-небудзь зрабіць, — разважалі кабеты, пакуль мужчыны высякалі і спільвалі малады параснік дрэў і кустоў. — Навошта чакаць святога дня, калі можна загадзя разам папрацаваць і не спадзявацца на некага”. Як расказаў наш інфарматар, які патэлефанаваў у рэдакцыю, зрабілі ўсё, што маглі. Аварыйныя дрэвы не рызыкнулі чапаць: пад імі каштоўныя помнікі ўсталяваныя. Адходы склалі каля агароджы могілак, каб сельвыканкаму лягчэй было арганізаваць вываз іх на звалку.
Сем’і гэтыя не чакаюць падзяк, бо не дзеля славы працавалі, а сваіх продкаў ушанавалі — парадак на іх “апошнім двары” навялі.

Людміла Краўцова, «ЛК».

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK