«Дарогі памяці, вядучыя да Перамогі»

Яшчэ некалькі год назад многія жыхары зарэчнай зоны маглі пазнаць Марыю Пракоф’еўну Жлоба здалёк: рухавая постаць, шпаркая хада, праніклівы позірк, бадзёры голас, у якім заўжды адчуваліся захапленне жыццём, спагада і падтрымка. На жаль, апошнім часам жанчыне цяжка рухацца, яна патрабуе дапамогі сына. І тут няма чаму здзіўляцца.

Падчас акупацыі Марыя, яе састарэлыя бацькі і родныя жылі ў Хамінцы. Нянавісць да ворага мацнела з кожным днём. Каб шкодзіць фашыстам, многія аднавяскоўцы падаліся ў лес. Але знайшоўся здраднік, і ўсіх жыхароў арыштавалі. Старэйшы брат дзяўчынкі ўцёк, а іх пагналі за Дняпро. Яна хоць і была маленькай, але добра разумела, што іх не міне растрэл. Ды не ўгадала: уратаваў іх, з яе слоў, сам Гасподзь, таму што мама ўвесь час малілася.
Зараз Марыя Пракоф’еўна фрагментарна памятае тыя падзеі. Запомнілася, што ўсе людзі беглі з вёскі ў бярозавы гай. Фашысты прачэсвалі мясцовасць ланцужком, узброеныя, з сабакамі. Калі сталі чутны стрэлы, хтосьці з маленькіх заплакаў, і да іх адразу падбеглі фашысты. Разам з астатнімі жыхарамі, каму не пашчасціла ў той дзень схавацца ці ўцячы, іх даставілі да чыгункі і пасадзілі ў вагоны. Менавіта тады цягнікі павезлі сотні нашых суайчыннікаў насустрач нягодам, у далёкую Аўстрыю, як тых, хто здзейсніў страшнае злачынства супраць нямецкага народа. Наперадзе вязняў чакалі канцэнтрацыйны лагер, потым — праца ў гаспадара. Жылі ў бараках, было цесна, а кармілі іх вельмі дрэнна: баландой, у якой плавалі шалупінне бручкі і чарвякі. Перажытае там стрэмкай засталося ў сэрцы. Шлях дамоў праходзіў праз Вену, а ноччу дзяўчынцы сніліся сады, дзе цвітуць яблыні. Вяртанне было радасным, але ж вельмі цяжкім. Хатка ўцалела, толькі ні падлогі, ні вокнаў не было, і вакол панавала поўнае разбурэнне. Беларусы — моцныя людзі. Перажылі голад, холад, дома ж і сцены дапамагаюць, і падтрымка аднавяскоўцаў мае вялікую сілу.
З часам Марыя Пракоф’еўна працавала ў роднай гаспадарцы, потым была матросам на судах. Выйшла замуж, нарадзіла 4 дзяцей. Усе яны працуюць у Гомельскай вобласці. Даўно ўжо няма мужа, і перажытае ў дзяцінстве нібы падкошвае ногі. Толькі вось памяць пра шляхі, якія яны з роднымі і землякамі прайшлі ў гадзіны вайны, змушвае і зараз трымцець сэрца, закрываць вочы ад удару маланкі, выціраць слёзы ад горкіх успамінаў. Добра разумее жанчына, што дарога да Вялікай Перамогі — гэта барацьба, боль, адзінота, роспач, жах. Гэта шырокія дарогі і вузенькія сцежкі, на якіх засталіся сляды забітых і выжыўшых, замучаных і смела ідучых у наступленне, знядоленых і дайшоўшых да Берліну беларусаў.
Хай гэтыя сцежкі зарастаюць травой, у небе смяецца сонейка і кожны дзень прыносіць только радасць.
Наталля Апанасенка, «ЛК».
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK