У ноч на Івана Купалу

З далёкіх часоў засталося нам у спадчыну свята “Купалле”. Людзі па сённяшні дзень хочуць верыць у тое, што дабро абавязкова пераможа зло, што знойдзецца цудоўная папараць-кветка і знікнуць цяжкасці, жыццё заззяе ўсімі колерамі вясёлкі.

“Ой, рана на Івана”… Кожны раз падчас гучання гэтай песні чамусьці ўзгадваюцца малюнкі мінулага. Ідуць дзяўчаты ў поле, рвуць кветкі, плятуць вянкі і спяваюць. Увечары пускаюць свае вянкі па рацэ і назіраюць, ці далёка яны паплывуць. Бліжэй да ночы вогнішча на лясной паляне запалала, вакол яго народ весяліцца, а бабулі расказваюць ўнукам паданні пра цудоўную ноч…
Адно з іх у тэатралізаванай пастаноўцы распавядалі жыхарам і гасцям Лоева артысты гарадскога цэнтра культуры. Дзейства адбывалася на пароме. Галоўныя героі — дзве звычайныя сялянскія сям’і, у якіх выхоўваюцца юнак і дзяўчына. Ім давялося ў чароўную ноч сутыкнуцца з Бабай-ягой і чарцянятамі, Няптуна з русалкамі пабачыць і каля вогнішча патанцаваць. Песні ў выкананні народнага калектыву “Жывіца” дапаўнялі пастанову яскравымі музычнымі кампазіцыямі. Некаторыя з іх і ёсць наша культурная спадчына, якую мы павінны берагчы і перадаваць дзецям.
Нягледзячы на тое, што ноч з усіх бакоў акутала гледачоў, самыя актыўныя лаяўчане сталі ўдзельнікамі пляжнай вечарынкі. Яны ўдзельнічалі ў конкурсах, арганізаваных раённай арганізацыяй “БРСМ”, танцавалі на прыбярэжным пяску, здымалі на тэлефоны спецэфекты “халодны агонь”. Кульмінацыяй рабінзаніяды стаў феерверк.
***
Не менш яскравым атрымалася свята і ў Карпаўцы. Вяскоўцы тэлефанавалі ў рэдакцыю ў панядзелак, каб праз газету выказаць словы падзякі загадчыцы клубам Валянціне Канцавенка: “Яна ўсіх нас аб’ядноўвае, сваю справу не кідае. Заўсёды імкнецца нешта новенькае прыдумаць”. Жанчыны сцвярджалі, што ў сельскім клубе народных традыцый свабоднага месца не было. Сабраліся малыя і старыя мясцовыя жыхары, дачнікі, нават ваеннаслужачыя пагранічнай камендатуры, вольныя ад службы. З задавальненнем прысутныя паглядзелі тэатралізаваную пастанову, дзе былі задзейнічаны настаўніцы мясцовай установы адукацыі Наталля Канцавенка і Кацярына Краўчанка, а таксама дзяўчаты, якія прыехалі на летні адпачынак да вясковых бабуль — Галіна Булаўка, Васіліса Ганчарэнка і Анастасія Ганчарэнка.
Усе разам удзельнічалі ў конкурсах, а потым танцавалі на дыскатэцы.
Людміла Аляксандрава, «ЛК».

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK