Адкуль паходзяць назвы нашых вёсак

На зямлi Беларусi зараз бадай што не знойдзецца нiводнай геаграфiчнай назвы, якая б узнiкла выпадкова, без дай прычыны. Кожны населены пункт, кожнае месцейка прыроды: луг, лес, вялiкая рака i маленькi ручаёк звычайна маюць у народзе сваю назву, сваё, часам непаўторнае, моўнае, абазначэнне.

У сувязi з гэтым, вядомы беларускі тапограф, прафесар, доктар геаграфiчных навук В.А. Жучкевіч (1915-1985 гг.), які, дарэчы, нарадзіўся ў Лоеве, сцвярджаў, што тапанiмiчнае iмя заўсёды мае канкрэтны сэнс. У iм па большай частцы выяўляюцца цi якiя-небудзь прыкметы ўрочышча, цi намёк на паходжанне, цi характэрная рыса мясцовасцi, цi, нарэшце, якая-небудзь акалiчнасць, больш-менш цiкавая для розуму i фантазii. I якiх толькi назваў мы тут не сустрэнем, з якiмi дзiўнымi легендамi i паданнямi паходжання гэтых назваў не сустрэнемся. Часам гэтыя паданнi вельмi даўнiя, яны перадавалiся з вуснаў у вусны i дайшлi да нас праз пакаленнi нашых продкаў.

Гэта пацвярджаюць і назвы вёсак Лоеўскага раёна, у межах якога зараз знаходзiцца 7 сельскіх Саветаў i 81 населены пункт. Але нагадаю, што яшчэ на пачатку 40-х гадоў ХХ стагоддзя на тэрыторыi раёна налiчвалася больш ста вёсак і пасёлкаў. На падставе даследавання назваў населеных пунктаў, легенд і паданняў Лоеўшчыны былi вылучаны некалькi груп такiх паселiшчаў.
Самую вялiкую з іх складаюць вёскi, у назвах якіх характарызуюцца асаблiвасцi навакольнай мясцовасцi або яе знешнi воблiк. Да гэтай групы адносяцца вёскi Глушэц, Падрачыцкае, Ваўкашанка (паселішча сярод воўчых балот), Каўпень (на ўзвышшы, каля возера), Чаплiн (на вяршынi гары, паросшай зараснiкамi), Чанец (у панiжэннi, акопе), Шчытцы (на ўзвышаным шчыце).
Да гэтай жа групы вёсак адносяцца i населеныя пункты, увасобiўшыя ў сваiх назвах факт iх размяшчэння на месцы лясных масiваў: Алiшэеўка, Дубраўка, Лiпнякi, Малiнаўка, Лесуны, Ляскi, Страдубка, або каля канкрэтнага прыроднага, гаспадарчага аб’екта: Белы Калодзеж, Гарадок (каля старажытнага гарадзішча), Карчомка (каля карчмы), Крупейкі (каля млына-крупадзёркі), Мохаў (каля мохавага балота), Ручаёўка (каля ручая), Суткоў (каля сутока рэк), Уборкі (каля бора).
Зараз можна з упэўненасцю сцвярджаць, што шэраг вёсак раёна быў заснаваны ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, як выселкі з іншых вёсак. Яны атрымалi назвы ўрочышчаў, на месцы якiх гэтыя вёскі ўзніклі: Астравы, Вазон, Вулкан, Вышкаў, Галы, Грэбянястае, Добры Рог, Нiва, Пагальное, Пустая Града, Свiрэжа, Тучкi.
У назвах некаторых вёсак знайшоў адлюстраванне характар iх забудовы: Дамамеркi — дамы пад мерку, Казярогi — загнутыя вулiцы, як рогi казы, Крывiн — крывыя вулiцы, Цясны — цесная забудова, Хаткi — вёска без вулiчнай забудовы, Шыя — адна доўгая вулiца; альбо з важнай падзеяй, звязанай з гiсторыяй заснавання, або перабудовай гэтых вёсак: Зарэзаў, Пярэдзелка.
Вялiкую групу складаюць вёскі, назвы якiх утвораныя ад iмён першапасяленцаў, а таксама ад прозвiшчаў заснавальнiкаў цi ўладальнiкаў, або нават тых вёсак, адкуль перасяліліся людзі на новае месца жыхарства: Абакумы, Аўрамаўка, Вiнаградаўка, Грамыкi, Грохаў, Іванькаў, Iсакавiчы, Казiмiраўка, Карпаўка, Мiкалаеўка, Мiхалёўка, Новая Баршчоўка (да 1938 г. Баршчоўка), Салаўёў хутар, Сінск, Хамiнка.
Асабную групу складаюць назвы вёсак, якiя ў пэўнай ступенi адлюстроўваюць характар паводзiн iх пер-шажыхароў або ўладальнікаў зямлі: Арол, Бывалькi, Бодры, Смелы, Удалёўка, Ястрабка.
Працавiты беларускi народ даволi часта месцы свайго пражывання называў словамi, увасабляўшымі вiд вытворча-гаспадарчай дзейнасцi, якiм пераважна займалiся жыхары гэтага паселiшча. Каштоўнасць гэтай катэгорыi тапонiмаў у тым, што мы можам меркаваць, чым займалiся нашы далёкiя прашчуры. Ёсць група такiх тапонiмаў i на Лоеўшчыне: Будзiшча, Буда-Петрыцкая, Бушацiн — населеныя пункты, якiя некалi былi звязаныя са смалакурэннем, гонкай дзёгцю або выпальваннем драўлянага вугалю, Дзяражычы — вартай шляхоў зносiн (дзяржаць i жыць), Кашовае — лазапляценнем, Лутава — вытворчасцю лыка, Новакузнечная — кавальскай справай, Сяўкi — земляробствам, Трасцянец — апрацоўкай ільну.
Сярод гэтай групы сустракаюцца і тапонiмы, паходжанне якiх звязана з жалезнарудным промыслам. Такiя паселiшчы ўтрымлiваюць у сваёй назве слова Рудня, якое спалучаецца альбо са словамi, адлюстроўваўшых асаблiвасцi мясцовасцi: Рудня Пясочная, альбо паказваючымі прыналежнасць паселiшча: Рудня Бурыцкая, Рудня Жураўлёва, Рудня Каменева, Рудня Удалёўская.
Дзве вёскi Лоеўшчыны Папоўка i Райск атрымалi свае назвы, як пацверджанне рэлiгiйных абставiн жыцця iх насельнiцтва.
Вельмі адметныя, авангардныя для свайго часу назвы, атрымалі некаторыя вёскі Лоеўшчыны, утвораныя ў канцы 20-30-ых гадоў ХХ стагоддзя ў час ссялення хутароў і калектывiзацыi: Барэц, Васход, Вянера, Iскра, Майск, Марс, Новая Дзярэўня, Пабядзiцель, Прагрэс, Рэкорд, Слава, Труд, пасёлак Мірны. Некаторых з іх напаткаў сумны лёс — яны патрапилі ў лік неперспектыўных і паступова сыйшлі ў нябыт, іншыя ж, як, напрыклад, вёскі Марс і Рэкорд і сёння здзіўляюць гасцей раёна сваімі экзатычнымі назвамі.
Мікалай Анісавец,
краязнаўца, публіцыст.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK