Свята творчасці і душы

На мінулым тыдні адбылася канцэртная праграма калектыву Крупейскага сельскага клуба і базавай школы ў рамках конкурсу самадзейнай творчасці «Галасы Лоеўшчыны».

Лёгкая музыка, усмешкі гасцей у глядзельнай зале, добры настрой ― усё садзейнічала правядзенню мерапрыемства ў цёплай, сяброўскай атмасферы.
Каларытныя і непараўнальныя ўдзельнікі творчага калектыву, апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы, якія гарманічна злучылі ў сваіх песнях народныя матывы, гучанне музычных інструментаў, з першых хвілін зачаравалі гледачоў.
Канцэрт адкрыла вакальная група з песняй «Беларусь мая». Пранікнёна, з душой выконвалі артысты музычныя творы пра любоў да нашай краіны і малой радзімы.
Сярод удзельнікаў творчага калектыву ― прадстаўнікі розных узростаў, але ўсіх іх аб’ядноўвае жаданне далучыцца да народнай творчасці. Яны парадавалі ўсіх аматараў песні не толькі харавым, але і сольным выкананнем. Гледачы ― знатакі беларускай народнай песні ― цёпла сустракалі творчыя нумары. Музычныя кампазіцыі «Мая мама» і «Родна маці мая» у выкананні Ірыны Абрубавай і Пятра Катка закранулі сэрцы слухачоў сваёй лірычнасцю і прымусілі праслязіцца.
Рэпертуар калектыву багаты і разнастайны: выконваліся класічныя народныя і сучасныя музычныя творы.
Узрушаючую энергетыку і магутны зарад пазітыву прысутным падарыў квартэт «Вясёлка» з найгрышамі «Папуры».
Удзячная публіка, атрымліваючы асалоду ад маляўнічых і душэўных музычных нумароў таленавітых выканаўцаў, у адказ дарыла бурныя гарачыя апладысменты.
На мажорнай ноце з песняй «Мы жадаем шчасця вам…» скончылася выступленне творчага калектыву.
Гледачы, якія наведалі гарадскі цэнтр культуры, ніколькі не пашкадавалі аб гэтым, таму што тут адбылося яскравае свята творчасці і душы.
Святлана Кулеш, «ЛК».
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK