Сяўкі — вёска на востраве сярод балот

Населены пункт Сяўкi размешчаны на адлегласцi 35 кiламетраў ад Лоева на рэчцы Песачанка, якая ўпадае ў пойме Дняпра ў возера Лутаўскае. Мясцовае паданне сведчыць, што заснаваў вёску пан Сева, які пабудаваў на востраве сярод балот хутар і жыў на ім са сваёй сям’ёй. Паступова вакол “хутара Сеўкі” пасяліліся іншыя сяляне, утварылася вёска Сяўкі.

Па сведчанню Я.С. Канчара, вёска Сяўкi ўтворана вольнымi i беглымi сялянамi ў другой палове ХV стагоддзя на ўзвышаным Сяўкоўскiм востраве сярод плёсавых балот i непралазных лясоў i хмызнякоў. Гэты востраў здаўна быў пад пасевамі. Ад назвы вострава i паходзiць назва вёскi. Па паданню, запісаным Я.С. Канчарам, заснаваў сялянскую абшчыну вёскі i доўгi час быў яе кiраўнiком Цiт Iллiчоў. Яшчэ адно паданне сведчыць, што шмат зрабiў у гэтай мясцовасцi для ўкаранення хрысцiянскай веры, iдэi братэрства i чалавекалюбства хрысцiянскi прапаведнiк з Вiзантыi Аляксей Панамар, ад якога затым пайшоў пашыраны тут род Панамарчукоў.
Першае згадванне аб Сяўках (у архіўных гістарычных крыніцах Асейках) адносіцца да 1615 года, калі яны ўваходзілі ў склад Любечскай воласці і знаходзіліся ў валоданні шляхціча Дрэвашэўскага, але 15 сакавіка 1615 года былі ўступлены шляхцічу Мікалаю Разсудзеўскаму “з жонкою”. З інвентара 1636 года вядома таксама, што вёска тады ўжо належала ўдаве Ядзвізе Сулімірскай (Разсудзеўскай). Пазней вёска знаходзiлася ва ўласнасцi князя Януша Радзiвiла. Ёсць падставы меркаваць, што гэты магнат валодаў Любечскiм стараствам, а Сяўкi былi прыпiсаны да Любечскага замка.
У 1676 годзе вёска Сяўкi ў складзе Лоеўскага зямельнага ключа была перададзена Соймам Рэчы Паспалітай у спадчынную ўласнасць графу Мiхалу Станiславу Юдзiцкаму, войту рэчыцкаму. На пачатку ХIХ стагоддзя Сяўкi адносiлiся да Рэчыцкага павета Мiнскай губернi. Я.С. Канчар сведчыць, што Сяўкi пасля далучэння беларускіх зямель да Расii былi перададзены царскай уладай князю Прозару, а затым належалi памешчыку Забэле. На 1816 год вёска налiчвала 21 двор, а ў 1850 годзе мела ўжо 28 двароў. У 1879 годзе сяленне Сяўкі адносілася да Ручаёўскага Свята-Вазнясенскага царкоўнага прыхода.
2 кастрычнiка 1882 года ў вёсцы Сяўкi ў сялянскай сям’і Аляксандры Міхайлаўны і Сцяпана Міхайлавіча Канчараў нарадзiўся сын Яўсей, будучы выпускнік Дзяражычскага народнага і Мар’інагорскага земляробчага вучылішчаў, які ў лістападзе 1917 года будзе абраны старшынёй Беларускага абласнога камітэта пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў і стане адным з арганiзатараў у снежні 1917 года першага Усебеларускага з’езда.
Па перапiсу 1897 года, вёска Сяўкi налiчвала 62 гаспадаркi, 381 жыхара, школу граматы i адносiлася да Дзяражычскай воласцi Рэчыцкага павета Мiнскай губернi. З усходу да вёскі прымыкаў пасёлак Задненцаў з 9 дварамi i 67 жыхарамi. Першым настаўнiкам школы ў вёсцы быў мясцовы селянiн Iван Цiтавiч Канчар (1867-1942 гг.) Па сведчанню Я.С. Канчара, у гэты перыяд кiраўнiком Сяўкоўскай сельскай абшчыны доўгi час быў яго бацька Сцяпан Канчар (1848-1912 гг.), якi арганiзаваў асушэнне балот ва ўрочышчах “Рагавая змена” i “Памеркi” i стварыў абшчынны хлебазапасны магазiн i сельскагаспадарчую кааперацыю.
У 1908 годзе ў вёсцы Сяўкi налічвалася 74 двары і 508 жыхароў, яна адносілася да Дзяражыцкай воласці Рэчыцкага павета і Ручаёўскага праваслаўнага прыхода.
23 сакавіка 1915 года ў вёсцы Сяўкі, Дзяражыцкай воласці адкрылася першае ў Рэчыцкім павеце сялянскае сельскагаспадарчае таварыства. Кiраўнiком “Канчараўска-Сяўкоўскага сельскагаспадарчага таварыства” быў абраны Я.С. Канчар, якi вярнуўся на радзiму, каб на практыцы рэалiзаваць прапагандуемыя ім iдэi кааператыўнага руху на вёсцы. Галоўнымi задачамi таварыства абвяшчалiся пабудова пракатнай машыннай станцыі і спаравальнага пункта, арганізацыя продажу насення і рознага жалеза, асабліва дахавага, і заснаванне вопытна-паказальнага поля і хутара. Але таварыства хутка распалася, пасля таго як яго кiраўнiк зноў вярнуўся ў Пецярбург.
У 1915 годзе ў Сяўках было адкрыта народнае вучылiшча, у якім настаўнічала Сафія Іялоб. У 1917 годзе ў вёсцы налiчвалася 87 двароў. У 1917-18 навучальным годзе Сяўкоўскае народнае вучылiшча наведвалi 75 вучняў.
Савецкая ўлада тут была ўстаноўлена ў лiстападзе 1917 года. У сакавiку 1918 года вёска была акупаваная войскамi кайзераўскай Германii, у маi-лiпенi 1920 года знаходзiлася пад акупацыяй польскiх войск. У 1924 годзе яна ўвайшла ў склад Лоеўскай воласцi. Паводле перапісу 1926 годза, у вёсцы 128 двароў, 677 жыхароў (пераважалі прозвішчы Краўчанка, Панамарчук), працавалі 3 кузнi, воўначоска, ветраны млын, існавалі шавецкі і кравецкі промыслы.
У 1927 годзе ў вёсцы дзейнічалі працоўная школа 1-й ступені, у якой навучаўся 41 вучань, i бiблiятэка, дзе налiчвалася 107 падручнiкаў. Настаўнiкам i загадчыкам школы тады працаваў С.I. Нiжнiкоў. У 1926-1927 гады Сяўкi сталі цэнтрам сельсавета Лоеўскага раёна, але ўжо ў снежнi 1927 года Сяўкоўскi сельсавет быў скасаваны, а яго тэрыторыя далучана да Дзяражыцкага сельсавета. У 1930 годзе ў Сяўках быў створаны калгас “Кастрычнiцкі”. Першым старшынёй быў прызначаны Пiмен Васiльевiч Панамарчук. У калгас уступіла 39 гаспадарак, пераважна бядняцкiх. Падчас калектывізацыi былi рэпрэсаваныя сем’i К. Кацуба, Д. Панамарчука, М.С. Чырцiка, А.I. Шчарбенка, М.П. Шчарбенка i iншыя. У 1936 годзе адбылося ўзбуйненне калгаса з цэнтрам у вёсцы Сяўкi. У 1940 годзе ў Сяўках налічвалася 87 двароў.
Жыхары прымалi актыўны ўдзел у барацьбе з нямецка-фашысцкiмi акупантамi, 69 з iх загiнулi на франтах Вялiкай Айчыннай вайны. 24 кастрычніка 1943 года падчас баёў за вызваленне вёскi яна была цалкам спалена, загінула 5 мiрных жыхароў.
Пасля вайны Сяўкі былі адбудаваны. Падчас узбуйнення калгасаў у 1951 годзе быў утвораны калгас імя Горкага ў складзе вёсак Ляскі, Майск і Сяўкі. Паводле перапісу 1959 года, тут пражывала 875 чалавек. У лютым 1960 года падчас новага ўзбуйнення калгасаў быў створаны калгас «Дняпровец» з цэнтрам у вёсцы Сяўкі і вёскамі Глушэц, Ляскі, Новая і Старая Лутавы, Майск. Калі Лоеўскі раён на працягу 1962-1966 гадоў быў расфарміраваны, вёска Сяўкі апынулася ў складзе Брагінскага раёна. У лiпенi 1967 года яна стала цэнтрам адноўленага Сяўкоўскага сельсавета Лоеўскага раёна.
Па перапiсу 1999 года, у Сяўках налiчвалася 123 гаспадаркi, 346 жыхароў, iснавалi будынак выканкама сельсавета i адмiнiстрацыi калгаса “Дняпровец”, базавая школа, дзiцячы сад, Дом культуры, бiблiятэка, магазiн, аддзяленне сувязi, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання.
З 2003 года калгас «Дняпровец» атрымаў назву СВК «Дняпровец», а ў 2006 годзе ў Сяўках распачалося будаўнiцтва аграгарадка. У снежні 2009 года Сяўкоўскі сельсавет быў ліквідаваны, а яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Бывалькаўскага сельсавета.

Мікалай Анісавец, краязнаўца, публіцыст.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK