Жыццёва важны падарунак

На днях аўтапарк раённай бальніцы папоўніўся новым медыцынскім аўтамабілем з самым сучасным абсталяваннем для правядзення рэанімацыйных мерапрыемстваў і транспарціроўкі пацыентаў.

«Хутчэй і камфортней зараз змогуць абслугоўваць выклікі медработнікі Лоеўскай бальніцы», — не хавае эмоцый вадзіцель Аляксандр Макарэвіч, які атрымаў ключы ад новенькага аўто. І ён мае рацыю. Хуткасць у такой справе, як экстраны выклік, дарагога варты. Калі гаворка ідзе пра жыццё людзей, вельмі важна не ўпусціць час. Без сумненняў, першую дапамогу аказваюць спецыялісты, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія ўмеюць працаваць у экстрэмальных умовах. Але ў аказанні першай рэанімацыйнай і экстранай дапамогі важную ролю адыгрывае адзінства дзеянняў чалавека і спраўнасці тэхнікі.
У работнікаў «хуткай» — асаблівы лад жыцця: кругласутачнае напружанне, цяжкія пацыенты, праца на колах. Таму тэхніка павінна быць хуткай, манеўранай, камфортнай для хворых і персаналу. У новенькай карэце «хуткай дапамогі» усё менавіта так: ход плыўны, сядзенні мяккія, кандыцыянер, кісларод, дэфібрылятар, хуткасць.
І сёння экстраныя брыгады імчацца на дарожна транспартныя і надзвычайныя здарэнні, туды, дзе ёсць цяжкія пацярпелыя. Тэрмінова — да людзей з сардэчным прыступам або, напрыклад, з абмаражэннем.
— Гэты аўтамабіль быў вельмі неабходны нашаму раёну. У двух «хуткіх» (з трох, якія ёсць на балансе) тэрмін эксплуатацыі падыходзіць да канца, — кажа выконваючы абавязкі галоўнага ўрача Мікіта Гараеў. — Новая карэта, зробленая ў Расіі, укамплектавана самым неабходным медыцынскім абсталяваннем: электракардыё-граф, інгалятар, пульсаксіметр, экспрэс-вымяральнік канцэнтрацыі глюкозы ў крыві, а таксама кладкі, валізкі, шпрыцавыя помпы, насілкі і іншыя неабходныя камплекты і медвырабы. Камплектацыя машыны дазваляе на месцы правесці экстраную дыягностыку хворага або пацярпелага і аказаць яму высакаякасную першую медыцынскую дапамогу.
Мікіта Іванавіч ад імя ўсіх медработнікаў і жыхароў Лоеўшчыны дзякуе кіраўніка райвыканкама Вераніку Байкову за ўвагу, удзел і аказаную дапамогу ў вырашэнні важнага пытання — набыцця аўтамабіля, які дасць магчымасць павысіць даступнасць першай дапамогі насельніцтву раёна і зрабіць транспарціроўку пацыентаў для атрымання спецыялізаванай неадкладнай дапамогі больш камфартабельнай.

Тэкст і фота Аляксея Сінілы, «ЛК».

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.