Адраджэнне лоеўскай батлейкі

Дзяржаўная ўстанова культуры “Музей бітвы за Днепр” у рамках рэалізацыі навукова-даследчага і адукацыйна-асветніцкага праекта “Цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны” прэзентуе навукова-папулярызацыйны даследча-выставачны праект “Ад-/На-/Раджэнне «Лоеўскай Батлейкі»”.

Вы чулі што-небудзь пра батлеечны тэатр? А ён вядомы на Беларусі з даўніх часоў. Пры любым надвор’і зімой і летам на кірмашах і базарах можна было сустрэць акцёраў са скрыняй-тэатрам, дзе хаваўся цэлы свет…
Аднымі з самых распаўсюджаных і папулярных былі калядныя імпрэзы, калі кароткімі інтэрмедыямі і цэлымі п’есамі распавядалі вандроўныя акцёры пра Бэтлеемскі цуд. Адсюль, дарэчы, і пайшла сама назва. У далёкім габрэйскім Бэтлееме, які цяпер часцей называюць Віфлеемам, даўным-даўно і здарыўся той самы цуд: нараджэнне Ісуса. Менавіта аб гэтым распавядае адна з самых улюблёных палешукамі п’ес “Цар Ірад”.
Можна смела сцвярджаць, што і ў Лоеве батлейку паказвалі на шматлікіх кірмашах, а яны ў нас праходзілі па 10 разоў на год. Дужа любілі нашы жыхары такія забавы, ды і з суседніх украінскіх вёсак часта прыплывалі па Дняпру сяляне, каб павесяліцца разам.
Сёння мы з гонарам можам канстатаваць, што намаганнямі рупліўцаў гэтай справы батлейка адроджана на лоеўскай зямлі. З 2018 году яна жыве ў нашым музеі, дэманструе кароткія п’есы ў нас і ў раённай бібліятэцы.
Гэта стала магчыма дзякуючы падтрымцы ГА “Беларускі зялёны крыж” у рамках рэалізацыі праекта “Ад партнёрства мясцовых музеяў да шырокага транспамежнага супрацоўніцтва” пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскай уніі ў рамках праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства ЕаРТС Беларусь — Украіна. Праект вельмі цікавы, і пазнаёміцца з ім можна толькі ў нашай установе.
Наведаўшы выставу, якая будзе працаваць да 2 лютага, вы атрымаеце магчымасць пачуць гісторыю адраджэння лоеўскай батлейкі, а калі пашчасціць, то і паглядзець спектакль “Цар Ірад”.
Прыходзьце! Не пашкадуеце!
Генадзь Вохін, старшы навуковы супрацоўнік музея.
Фота з архіва рэдакцыі.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK