«Настаўнік года» — гучыць горда!

У нашым раёне стала добрай традыцыяй праводзіць конкурс педагагічнага майстэрства «Настаўнік года». Не стаў выключэннем і гэты год. Заключны этап адбыўся на базе Лоеўскай сярэдняй школы ім. А.В. Казлова.

Усхваляваныя твары ўдзельнікаў, бадзёрыя словы калег, урачыстая музыка ― усё гэта стварала атмасферу сапраўднага свята, галоўнымі героямі якога былі педагогі. За права выхаду на чарговую прыступку спаборнічалі дванаццаць настаўнікаў. Яны выкладаюць розныя прадметы, маюць розны стаж і кваліфікацыйныя катэгорыі, працуюць у сельскіх і гарадскіх школах, але аб’ядноўвае іх адно: адданасць абранай прафесіі, захопленасць любімай справай, жаданне якасна навучыць і добра выхаваць сваіх вучняў.
Шмат добрых і цёплых слоў, якія характарызуюць прафесію настаўніка, гучала з вуснаў начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Марыі Рак. Яна пажадала канкурсантам поспехаў, праяўлення творчых здольнасцей і прафесійнага майстэрства.
Да фінальнага спаборніцтва ўдзельнікі конкурсу «Настаўнік года Лоеўскага раёна-2020» годна прайшлі складаныя выпрабаванні і даказалі, што ў сваёй справе з’яўляюцца лепшымі. Ім прыйшлося прадставіць свой вопыт педагагічнай дзейнасці, у якім яны абгрунтоўвалі яго ідэю, навізну і актуальнасць, паказвалі тэхналогію выкарыстання ведаў, пацвярджалі выніковасць. Удзельнікі конкурсу давалі адкрытыя ўрокі і заняткі ў незнаёмых класах або групах, дэманстравалі сваю сістэму метадычнай працы, уменне ўзаемадзейнічаць з незнаёмым дзіцячым калектывам.
У фінале ўдзельнікі прадстаўлялі сябе ў конкурсе «Самапрэзентацыя», а сваё педагагічнае майстэрства ― у конкурсе «Майстар-клас». На першым этапе ім неабходна было ў арыгінальнай форме распавесці пра сябе як пра асобу і педагога, аб сваіх прафесійных поспехах, захапленнях, жыццёвых прынцыпах. Усе выступленні суправаджаліся фота- і відэаматэрыяламі. На сцэне разгарнулася цэлае тэатральнае дзейства. Канкурсанты ўражвалі талентамі, праяўлялі надзвычайны артыстызм, уменне танцаваць, граць на музычных інструментах, узаемадзейнічалі з залай, дэманстравалі прафесійную кампетэнтнасць, шырокі спектр сучасных тэхналогій, якія знахо-дзяцца ў іх педагагічным арсенале. На дапамогу настаўнікам прыйшлі не толькі педагагічныя калектывы ўстаноў адукацыі, але і навучэнцы, якія вырашылі падтрымаць сваіх любімых педагогаў, ад чаго іх выступленні былі яшчэ больш яркімі і арыгінальнымі.
Што такое майстар-клас? Гэта не проста дэманстрацыя ведаў і ўменняў, а перадача вопыту, які адточваўся на працягу многіх гадоў. Удзельнікі конкурсу ― сапраўдныя прафесіяналы, якія на высокім узроўні проста і даступна дзяліліся з калегамі дасягнутым. Так, напрыклад, выхавальнік ясляў-сада №2 гарпасёлка Таццяна Каляда правяла дэтэктыўнае расследаванне па вывучэнні правілаў дарожнага руху, настаўнік пачатковых класаў раённай гімназіі Алена Барышэўская падзялілася сакрэтамі паспяховай вучобы, а ўрокі настаўніка гісторыі сярэдняй школы ім. А.В. Казлова Алены Семянчук не абыходзяцца без сучаснага сродку навучання «кроссенс». Многія педагогі выкарыстоўваюць на сваіх уроках гульнявыя тэхналогіі.
Усе ўдзельнікі конкурсу з гонарам прайшлі складныя этапы і годна прадставілі свае ўстановы адукацыі. Але, як і ў любым спаборніцтве, у конкурсе вызначыліся наймацнейшыя. Пераможцамі сталі: у намінацыі «Выхавальнік дашкольнай адукацыі» Яна Ларчанка, педагог фізічнага выхавання яслей-сада №1 г.п. Лоева, «Замежная мова» — Вольга Папова, настаўнік англійскай мовы Суткоўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Лоеўскага раёна, «Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія» — Алена Семянчук, настаўнік гісторыі Лоеўскай сярэдняй школы ім. А.В. Казлова, «Пачатковыя классы» ― Алена Барышэўская, настаўнік пачатковых класаў раённай гімназіі. Яны атрымалі Ганаровыя граматы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і каштоўныя падарункі, ад РГА «Беларускі саюз жанчын» ― памятныя сувеніры.
Змоўклі фанфары. Засталіся ў мінулым узнагароджанне, трапяткое хваляванне, псіхалагічнае напружанне… але, думаецца, удзельнікі яшчэ доўга будуць успамінаць конкурс з добрымі пачуццямі, таму што ён аб’ядноўвае, мабілізуе на творчыя пошукі, з’яўляецца стымулам, штуршком для руху наперад, адкрывае таленты, запальвае новыя зоркі. Хочацца пажадаць ім не спыняцца на дасягнутым і пакараць новыя прыступкі прафесійнага майстэрства.
Святлана Кулеш, «ЛК».
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK