Новая Баршчоўка — вёска з абноўленай назвай

Сучасная вёска Новая Баршчоўка да снежня 1962 г. называлася Баршчоўкай. Але падчас узбуйнення раёнаў і скасавання Лоеўскага раёна ў 1962-1965 гг. Баршчоўскі сельсавет апынуўся ў складзе Рэчыцкага раёна, дзе існавала свая вёска Баршчоўка і Баршчоўскі сельсавет. У сувязі з гэтым лоеўская Баршчоўка стала называцца Новай Баршчоўкай, а сельсавет — Новабаршчоўскім.

Вёска Новая Баршчоўка размяшчаецца на адлегласцi 24 кiламетры ад Лоева. На поўднi вёска мяжуе з лесам, на поўначы i захадзе aд яе распасцiраюцца мелiярыраваныя сялгасугоддзi.
Аб тым, што яшчэ ў старажытныя часы ў гэтай мясцовасцi жылi людзi, сведчыць археалагічны помнік — гарадзішча ранняга жалезнага веку, якое выявiў i абследваў у 1977 г. археолаг М.Лашанкоў. Размешчана яно ў 2 км на ўсход ад вескi ва ўрочышчы Камiтэт і ўяўляе сабой пляцоўку прамавугольнай формы, умацаваную валам.
Гістарычныя крыніцы дазваляюць меркаваць, што вёска Баршчоўка Ручаёўскай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні была заснавана ў канцы ХVІІІ стагоддзя. Раней на яе месцы былі лес і балоты. У 1816 г. у Баршчоўцы налічвалася 14 двароў. Мясцовае паданне сцвярджае, што засялілі гэтую вёску перасяленцы з вёсак Баршчоўка, Борхаў, Задораўка, Капань, Востраў, размешчаных паміж Рэчыцай і Гомелем. Першымі жыхарамі новай вёскі былі сем’i Яроменкaў і Саўчанкaў. Верагодна, першыя перасяленцы i запазычылi старую назву “Баршчоўка” для новай вёскi. Асаблiва хутка Баршчоўка пачала засяляцца сялянскiм людам у 1870-1880 гг. пасля масавага выхаду сялян з прыгоннай залежнасцi.
У 1908 г. тут налiчваліся 83 двары, 584 жыхары, дзейнічалі Праваслаўная Царква і царкоўна-прыходская школа.
У 1923 г. у вёсцы ўжо было 114 двароў і 662 вяскоўца. Праз тры гады адкрылі меліяратыўнае таварыства, якое ўзначальваў У. Філончык. Каля вёскі дзейнічалі смалакурня, млын, кузня, працавала арцель лесарубаў. Тады ж быў створаны Баршчоўскі сельсавет, першым старшынёй якога стаў Р. Барушкоў.
Паводле перапісу 1926 г. у вёсцы налічваліся 784 жыхары, пераважала прозвішча Юрчанка.
У 1927 годзе тут дзейнічала працоўная школа 1-й ступені, у якой навучаўся 71 вучань. Яна размяшчалася ў драўляным памяшканні, і заняткі праходзілі ў дзве змены.
Калгас «Узаемадапамога» быў створаны ў Баршчоўцы ў 1930 г. У яго ўвайшлі 78 сялянскіх гаспадарак. Першым старшынёй стаў М. Нядбайла. У 1931 г. яго ўзначаліў С. Раеўскі, рабочы-дваццаціпяцiтысячнiк, накiраваны з гомельскага завода “Рухавiк рэвалюцыi”. У сувязi з гэтым калгас атрымаў назву «Гомельскі пралетарый». Рабочыя завода ў якасцi шэфскай дапамогi перадалi калгасу генератар i паравы кацёл, дапамаглi даць электрычнасць для канторы, школы, клуба і запусцiць млын.
На пачатку 1930-х у Баршчоўцы працавалі цагельны завод, паравы млын, цыркулярка, кузня, сукнавалка.
Падчас калектывізацыі пад рэпрэсіі патрапілі і былі высланы за межы Беларусі К. Барушкоў, П. Захаранка, сем’і М. Знайдзёнава і К. Кірушкіна, браты Кісялёвы, Р. Колас, Ф. Макаранка, С. Марозаў, Г. Мураўцоў, Г. Саўчанка, А. Раманаў і іншыя.
У 1935 г. удзельнікам першага з’езда калгаснiкаў-ударнiкаў у Маскве быў чабан калгаса Рыгор Барушкоў, яго узнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Праз год адбыўся першы выпуск Баршчоўскай няпоўнай сярэдняй школы. Яе выпускнiком стаў будучы беларускi пiсьменнiк Мiхась Данiленка. На той час у вёсцы дзейнічаў медпункт, дзе лячылі лю-дзей муж і жонка Арэшкі.
Вясной 1936 г. звеннявы і інструктар па якасці калгаса С. Лысы ўдзельнічаў у нарадзе перадавікоў у Мінску, а ў снежні 1939-га загадчык аўцафермы Рыгор Барушкоў прымае ўдзел ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. Дарэчы, Р. Барушкоў у 1938 г. быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, дзе займаў грамадскую пасаду намеснiка старшынi Прэзiдыума.
У пачатку 1939-га ў вёсцы пачала працаваць машынна-трактарная станцыя (МТС), прызваная забяспечыць павышэнне механізацыі сельскагаспадарчых работ і ажыццяўляць рамонт і тэхабслугоўванне тэхнікі суседніх калгасаў. У гэтым годзе калгас “Гомельскi пралетарый” быў перайменаваны ў калгас iмя 3 пяцiгодкi.
Напярэдадні ваенных падзей у Баршчоўцы налічваўся 161 двор, пражывала 649 чалавек.
Падчас Вялiкай Айчыннай вайны тут знаходзіўся палiцэйскi ўчастак колькасцю 35 палiцэйскiх. У ноч з 6 на 7 жнiўня 1942 г. ён быў разгромлены партызанамi лоеўскага атрада “За Радзiму” i гомельскага атрада “Бальшавiк”.
14 лістапада 1943 г. Баршчоўка была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Падчас баёў згарэлі 104 падворкі, загінулі 3 вяскоўцы.
Увогуле на франтах Вялікай Айчыннай вайны былі забіты 62 жыхары вёскі. Зараз у цэнтры Баршчоўкі размешчана брацкая магіла, дзе пахавана 709 савецкіх воінаў, загінуўшых пры вызваленні раёна.
Пасля вызвалення ў Баршчоўцы быў адноўлены калгас «Гомельскi пралетарый». На пачатку 1944 г. аднавіла сваю працу і МТС. На 1 студзеня 1946 г. тут налічвалася 15 калёсных і 3 гусенічных трактары, 4 камбайны, 6 грузавых аўтамашын.
У 1950 г. калгас “Гомельскі пралетарый” узбуйніўся за лік калгасаў ім. Арлова (в. Астравы), ім. Ілліча (в. Удалёўка) і “Вулкан” (в. Вулкан), і атрымаў ім. Карла Маркса.
У 1956 г. Баршчоўскую МТС перабазавалі ў Пярэдзелку.
Да калгаса ім. Карла Маркса ў 1960 г. далучылі калгас ім. Жданава (в. Малiнаўка i Хаткi), а ў 1963 г. — калгас «Чырвоная змена» з Іванькавам і Буда Петрыцкай.
Новы будынак клуба і бібліятэкі ў Баршчоўцы пабудавалі ў 1964 г. Працяглы час старшынёй калгаса ім. Карла Маркса працаваў Аляксей Мамстаў, якi i iнiцыяваў у сярэдзiне 60-х гадоў перанесці цэнтр калгаса з Баршчоўкі ў Малiнаўку. У 1972 г. у Новай Баршчоўцы быў узведзены тыпавы будынак сярэдняй школы, дырэктарам якой прызначылі Клару Голыш.
Вёска Новая Баршчоўка — радзіма бацькі Віктара Дробыша — вядомага расійскага кампазітара і музычнага прадзюсера, заслужанага артыста Расіі. У 1970-я гады ён не аднойчы праводзіў школьныя летнія канікулы ў вёсцы і пазней неаднаразова прызнаваўся, што з Новай Баршчоўкай яго звязваюць цёплыя дзіцячыя ўспаміны і ён шмат чым абавязаны беларускай зямлі.
У снежні 1981 г. Новабаршчоўскi сельсавет быў перайменаваны ў Малiнаўскi сельсавет з цэнтрам у Малінаўцы.
Па перапісу 1999 г. у Новай Баршчоўцы налічвалася 111 гаспадарак, пражывалі 266 вяскоўцаў, дзейнічалі сярэдняя школа, сельскі клуб, магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, малочна-таварная ферма.
З красавіка 2003 г. калгас ім. Карла Маркса атрымаў назву СВК “Малінаўка-Агра”, з сакавіка 2008 г. — пераўтвораны ў КСУП “Малінаўка-Агра”, да якога зараз адносіцца Новая Баршчоўка.
Сёння ў вёсцы пражывае 163 чалавека.
Мікалай Анісавец, краязнаўца, публіцыст.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK