Бяспека грамадзян — справа гонару

На мінулым тыдні ў педкаледжу для праваахоўнікаў Лоеўшчыны было арганізавана ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню міліцыі Рэспублікі Беларусь. Па традыцыі ў гэты дзень прынята ўшаноўваць тых, хто стаяў і стаіць на варце парадку, хто ахоўвае мір і спакой грамадзян. За стагоддзе змянілася не адно пакаленне людзей, якія працавалі ў міліцыі, не раз змянялася яе назва і структура, але нязменнымі засталіся ўскладзеныя галоўныя задачы: ахова грамадскага парадку, забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян, папярэджанне і спыненне злачынстваў і іншых правапарушэнняў.

У сваім выступе старшыня райвыканкама Вераніка Байкова падзякавала вартавых грамадскага спакою за самаадданую працу і пажадала перш за ўсё мужнасці, цярпення і стойкасці.
— На міліцыю ўскладзена адказная і высакародная задача — абарона жыцця, здароўя, правоў і свабод грамадзян, барацьба са злачыннасцю. Перакананая, што дзякуючы адказнаму стаўленню да службовых абавязкаў супрацоўнікі РАУС спрыяюць умацаванню законнасці і правапарадку ў раёне, — падкрэсліла Вераніка Анатольеўна.


— Паважаныя калегі, сёння — наша свята, і я хачу павіншаваць кожнага супрацоўніка, кожную сям’ю. Выступаючы на абарону парадку і законнасці, забяспечваючы бяспеку на гарадскіх вуліцах, міліцыянтам часта даводзіцца ахвяраваць сямейнай утульнасцю, асабістым жыццём, здароўем. І, нягледзячы на гэта, мы заўсёды ў любой сітуацыі гатовыя плячом да пляча стаць на абарону нашых грамадзян. Вялікі дзякуй нашым ветэранам, людзям, якія закладвалі фундамент такіх паняццяў, як гонар і сумленне. Гэтыя якасці і сёння з’яўляюцца асновай нашай службы, — адзначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, падпалкоўнік Уладзімір Свердлікаў.


Шмат цёплых слоў у адрас кіраўніцтва і ўсяго калектыву Лоеўскай міліцыі прагучала ад імя старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Пастуховай, пракурора Віктара Касцючэнкі, намесніка каменданта памежнай камендатуры «Лоеў» Максіма Сцяпанава, начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргея Шчэрбіка і інш.
Традыцыйна ў гэты дзень Ганаровымі граматамі і Падзякамі за добрасумленнае выкананне сваіх службовых абавязкаў, высокія паказчыкі ў службе адзначаны лепшыя супрацоўнікі праваахоўных органаў. Былі выказаны словы ўдзячнасці ў адрас начальніка міліцыі і яго намеснікаў за ўмелую арганізацыю работы ўсіх структурных падраздзяленняў.
Ва ўрачыстай абстаноўцы свята Уладзімір Свердлікаў уручыў пасведчанні членаў маладзёжнага атрада грамадскага правапарадку навучэнцам педагагічнага каледжа.
Па завяршэнні афіцыйнай часткі людзей у пагонах і гасцей чакаў выдатны канцэрт, які для іх падрыхтавалі педагогі і навучэнцы педкаледжа.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK