Сапраўдны працаўнік сярод механізатараў КСУП «Бывалькі»

Сярод механізатараў КСУП «Бывалькі» шмат сапраўдных прафесіяналаў, якія ўмеюць працаваць з энтузіязмам і не баяцца цяжкасцяў. Майстрам сваёй справы ў сельскай гаспадарцы з’яўляецца Міхаіл Фядотаў. Чвэрць стагоддзя ён працуе на карысць роднага краю. У калектыве яго імя — у ліку перадавікоў на падрыхтоўцы глебы, нарыхтоўцы кармоў, пасяўных работах, уборцы сельскагаспадарчых культур.

Рос мужчына ў сям’і, дзе паважалі сялянскую працу, з дзяцінства захапіўся тэхнікай. А прыкладам для яго быў бацька, які араў зямлю, сеяў хлеб. Хлопчык дапамагаў яму ў абслугоўванні і рамонце трактара і палюбіў спецыяльнасць механізатара, якую, стаўшы дарослым, асвоіў у Хойніках.
Працаваць герой нашай публікацыі пачаў у роднай гаспадарцы. З часам вывучыў усю сельскагаспадарчую тэхніку, набраўся вопыту.
Нялёгкая сялянская доля. З ранняй вясны і да позняй восені ў сельскага механізатара — напружаная праца. Якасць і тэрміны яе выканання залежаць ад майстэрства і добрасумленнасці, якімі Міхаіл Дзмітрыевіч валодае ў поўнай меры. Кожны год вясной ён працуе на пасяўной на трактары «Беларус-3522». Вопытны механізатар ведае, як вырабіць пасеў. Канчатковы вынік працы відавочны восенню — у пару ўборкі сельскагаспадарчых культур.
Яго веданню сельгастэхнікі (трактары, глебаапрацоўчыя агрэгаты і іншыя механізмы) могуць пазайздросціць нават больш вопытныя спецыялісты. Сапраўдны прафесіянал сваёй справы ўсе работы выконвае якасна, на яго заўсёды можна пакласціся, менавіта так характарызуюць мужчыну ў гаспадарцы.
За добрасумленнае стаўленне да працы ён не раз узнагароджваўся Ганаровымі граматамі рознага ўзроўню.
Сціплы і нешматслоўны, Міхаіл Дзмітрыевіч з тых людзей, якіх можна назваць сапраўднымі працаўнікамі вёскі.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK