КСУП «Саўгас «Зара». Рабіць усё па сумленні

У аграпрамысловым комплексе раёна працуюць людзі, якія ўносяць значны ўклад у яго развіццё, аддаюць доўгія гады цяжкай працы ў сельскай гаспадарцы.

Прафесія жывёлавода на вёсцы адна з самых клопатных.
Не кожны можа праводзіць практычна ўвесь час на ферме са сваімі гадаванцамі. Размова пойдзе менавіта аб такім чалавеку. Сяргей Новік працуе жывёлаводам па дарашчванні маладняку на МТФ «Навакузнечная» КСУП «Саўгас «Зара».
Сустрэліся мы з ім у самы разгар працоўнага дня. У Сяргея Іванавіча спраў безліч, зрэшты, як і заўсёды: накарміць і напаіць сваіх падапечных, праверыць іх стан. Але для нас мужчына вылучыў трохі часу.
Родам ён з вёскі Астрагляды Брагінскага раёна, але пражыў там з бацькамі зусім нядоўга. Пасля Чарнобыльскай аварыі мясцовых жыхароў адсялілі з забруджанай тэрыторыі, і сям’я Новікаў перабралася ў н.п. Новакузнечная.
— Маці і бацька ўсё сваё жыццё працавалі ў жывёлагадоўлі, — распавядае герой публікацыі. — Таму можна сказаць, што я вырас на ферме. З часам зразумеў, што хачу сам даглядаць за жывёламі, бо не ўяўляю сваё жыццё без іх.
Працуе Сяргей Іванавіч паярам, пад яго апекай — 145 цялят. Дваццацігадовы вопыт працы ў сельскай гаспадарцы, старанне, адказнасць, а галоўнае, любоў да справы дапамагаюць яму дасягаць высокіх вынікаў. За добрасумленнае стаўленне да справы, адказнасць і надзейнасць яго паважаюць і цэняць у калектыве.
Для жывёлавода галоўным паказчыкам прафесійнага поспеху з’яўляецца сярэднясутачнае прыбаўленне вагі ў яго групе. Уплыў на вынікі тут аказваюць якасны корм, зладжаны калектыў і зацікаўленасць у агульнай справе.
— Не магу сказаць, што я ўвесь час імкнуся да высокіх вынікаў, проста працую з душой. Галоўнае — рабіць усё па сумленні. У першую чаргу трэба разумець, што цяляты — жывыя істоты, і да іх трэба ставіцца, як да дзяцей. Я часта сваім сынам і дочкам надаю менш часу, чым падапечным.
Вядома, падобную нагрузку мала хто вытрымае, але я — чалавек вясковы і да такога распарадку прывык, таму сіл хапае яшчэ і на хатнія клопаты, — кажа Сяргей Іванавіч.
Насуперак існуючым стэрэатыпам мужчына перакананы, што праца на ферме — гэта мужчынская справа, бо жывёлаводам патрэбна фізічная сіла. 

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK