Вандроўкі па Беларусі

Мы жывем ў краіне, якой варта ганарыцца, і памятаваць аб гэтым неабходна ўсім. Сёння вы пазнаёміцеся з вопытам земляка і суайчынніка Аляксандра Коваля, які, вандруючы сям’ёй па Беларусі, ведае, дзе ў нашай рэспубліцы варта пабываць.

— Я заўжды марыў трапіць у розныя куткі, знакамітыя не толькі сваёй гісторыяй, але і менталітэтам жыхароў, прыроднымі багаццямі, традыцыямі і звычаямі, — апавядае аматар вандровак. — Некалькі гадоў назад мы зразумелі, што не ведаем сваёй Радзімы: бо нідзе тут не былі, нічога не бачылі. Вырашыўшы папоўніць свае ўяўленні, спачатку падарожнічалі па вядомых мясцінах: Нясвіж, Мірскі замак, Ракаў, Астравец. А потым літаральна ў адзін момант зразумелі, што мала вядомыя куточкі Беларусі яшчэ болей прыцягваюць увагу. Нам заўжды цікава трапіць на незнаёмую вулку пасёлка, вёскі, горада і любавацца асаблівасцямі тутэйшай архітэктуры, меладычнай, але не звычнай вуху гаворкай мясцовага, хоць і беларускага насельніцтва. Складаючы ўласны экскурс, я нярэдка звяртаюся да беларускіх тэлеперадач “Падарожжа дылетанта” з Юрыям Жыгамонтам. Прагледзеўшы іх, звычайны абывацель можа даведацца аб найбольш цікавых момантах з жыцця малавядомых пасёлкаў і вёсак Айчыны. А, захапіўшыся творам беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”, я ў прамым сэнсе слова захварэў ідэяй пабываць у тых месцах. Высветліўшы, што падзеі аповесці адбываліся на Століншчыне, маршрут скіравалі туды. Па дарозе наведаліся ў “агурочную” сталіцу Беларусі. Але болей за ўсё мяне цікавілі дрыгва і прырода гэтага краю. Па маім меркаванні, такіх балот болей няма нідзе. Мясцовасць уражвае таямнічасцю і надзвычайнасцю, нібы стагоддзямі тут не крочыла нага чалавека. А яшчэ я лічу, што кожнаму беларусу трэба зрабіць дзве рэчы: пабачыць мора Герадота і пашпацыраваць па Альманскай дрыгве на заходзе сонца. Ніякага Лондана або Парыжу не трэба. Пасля такой прыгажосці магчыма па-сапраўднаму закахацца ў Радзіму. Міфічнае мора знакамітага гісторыка — Прыпяць пад час вясенняга павадка — гэта самая прыгожая прыродная з’ява нашай краіны. Паспелі мы пабываць і на Браслаўскіх азёрах, дасягнуўшы аж Асвеі, што ў Віцебскай вобласці. Нас вабілі сотні маляўнічых азёр, некранутая прырода і незвычайны рэльеф ледавіковага перыяду Браслаўскага краю. Гэтае месца па праву лічыцца адным з самых цудоўных куткоў Беларусі. Звычайна ж, што ўсе вадаёмы адразу мы пабачыць не паспелі. Але, безумоўна, іх крыштальнасць і празрыстаць захапляе! А якое чыстае паветра тут! Застаецца яшчэ шэраг мясцін, куды варта трапіць. Для аматараў архітэктурнай спадчыны я параіў бы пабываць у Ружанах, Лідзе, Полацку. Там вы дакранецеся і да пышнага хараства барока, і да велічнасці сярэдневяковай готыкі. Безумоўна, вандроўкі па Беларусі папоўнілі мой кругагляд, пашырылі багаж ведаў аб Радзіме. Планую іх працягваць, неабходна толькі скласці новы маршрут, мабыць ён пройдзе да Белавежскай пушчы.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK