Вандроўкі па Беларусі

З надыходам цёплых дзянькоў мімаволі пачынаеш задумвацца пра тое, дзе правесці свой адпачынак. Плануючыя выехаць за мяжу сутыкнуліся з закрытымі граніцамі. І хоць сітуацыя крыху нармалізуецца, а каранцінныя абмежаванні ў шэрагу краін паслабляюцца, пагроза захварэць на каронавірус застаецца. Таму дзе і як адпачыць для аматараў штогадовага рэлаксу па сістэме All inclusive стала праблемным пытаннем. Хтосьці зробіць выбар на карысць дачнага пасёлка, сяляне адправяцца ў гарадскія аквапаркі, цэнтры забаў і інш. А тым, хто жадае накіравацца ў падарожжа, мы прапануем звярнуць свае погляды на Беларусь або пазнаёміцца бліжэй з родным краем.

Аб тым, што можна пабачыць на Лоеўшчыне, расказвае дырэктар ДУК «Музей бітвы за Днепр» Ксенія Сямашка.
— Не кожны куточак нашай Радзімы надзелены прыродай такой першароднай прыгажосці, як Лоеўшчына. Гэта сапраўдная жамчужына ў абрамленні паўнаводнага Дняпра і Сожа, у месцы перапляцення якіх на вяршыні аднайменнай гары раскінуўся невялікі, але велічны Лоеў. Наша зямля мае багатую гісторыка-культурную і духоўную спадчыну, уключана ў турыстычны маршрут «Золотое кольцо Гомельщины». Тут, як нідзе, можна адпачыць і расслабіцца ў цішы прыроды, атрымаць асалоду ад хараства рэк і лясоў. А для аматараў рыбалкі і палявання гэта самае жаданае месца. Тыя, хто імкнецца адправіцца па турыстычным маршруце, могуць выбраць для гэтага тэрыторыю рэспубліканскага біялагічнага заказніка “Днепра-Сожскі”. Толькі тут на плошчы больш чым 14,5 тысяч га магчыма пабачыць такую разнастайнасць лясных, травяных, прыбярэжна-водных і водных экасістэм. Каля 80% усяго заказніка займаюць лясы і лугі, балоты і кусты, вадаёмы. 15 відаў раслін занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Лоеўшчына — гераічны край, насельніцтва якога аказала моцнае супраціўленне ворагу ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Панараму фарсіравання Дняпра восенню 1943 года войскамі чырвонаармейцаў можна ўявіць, заехаўшы ва ўрочышча Чырвоная гара пад Крупейкамі, дзе ўстаноўлены памятны знак воінам, якія штурмавалі дняпроўскія кручы, у Музеі бітвы за Днепр, на адкрытай пляцоўцы баявой тэхнікі, у манумента Славы ў гонар воінаў 65-арміі і партызан, якія аддалі жыццё за вызваленне Лоеўшчыны.
Здаўна па Дняпры праходзіў гандлёвы шлях “з вараг у грэкі”. Менавіта таму на тэрыторыі раёна знаходзіцца больш сотні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Самыя вядомыя — археалагічныя комплексы “Мохаў” і “Чаплін”. На іх тэрыторыі размешчаны вялізнейшыя ў Беларусі курганныя і бескурганныя магільнікі. Даследчыкі мяркуюць, што на месцы вёскі Мохаў знаходзілася адно з буйнейшых ва Усходняй Еўропе пасяленняў эпохі Кіеўскай Русі. Калі вы цікавіцеся гісторыяй, жывы інтарэс абавязкова выклікае стан войска Вялікага княства Літоўскага, — адзінае ў Беларусі палявое фортыкацыйнае збудаванне XVII стагоддзя, якое захавалася.
Жадаючым азнаёміцца з архітэктурным здабыткам Лоеўшчыны трэба абавязкова паглядзець комплекс былой сядзібы памешчыцы Кацярыны Бараноўскай у аг. Пярэдзелка. Гэта ўнікальны ўзор палацава-паркавага будаўніцтва першай паловы XIX стагоддзя. Зараз тут размешчаны Суткоўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа. У самім Лоеве таксама захаваліся гістарычныя забудовы, у прыватнасці, дом купца Наума Долгіна (1847 г.), дзе знаходзіцца цэнтральная раённая бібліятэка. Таксама двухпавярховы будынак купецкага дома канца ХIХ стагоддзя, а зараз тут размясцілася рэдакцыя раённай газеты «Лоеўскі край». Дакладна невядома, каму належала гэтая забудова. Па меркаваннях старажыл, жылі тут гандляры Гіль і Смоліч. Шпацыруючы па цэнтральнай вуліцы райцэнтра, вы абавязкова натрапіце на яго “візітную картку” — своеасаблівую “браму”, якой ганарацца ўсе жыхары гарпасёлка, а скіраваўшыся у цэнтр, ваш погляд прыцягне ўтульная, чыстая і прыгожая набярэжная.
Аматараў актыўнага адпачынку абавязкова зацікавяць і гасцінна сустрэнуць турыстычныя базы “Чаплін” і “Суткова”, якія знаходзяцца на беразе маляўнічага Дняпра і абсталяваны камфортнымі нумарамі, дзе ёсць усе ўмовы для размяшчэння турыстаў адпаведна запытам, більярдныя, банкетная зала, зона адпачынку на свежым паветры.
Запрашаю ўсіх жадаючых больш падрабязна азнаёміцца з галоўнымі славутымі помнікамі нашага краю, пабываць у яго розных куточках і годна ацаніць іх прывабнасць.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK