Мясцовы час Лоеўшчыны

НАВІНЫ АДУКАЦЫІ

АДПАЧЫНАК. На днях у Суткоўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе сярод вучняў пачатковых класаў прайшло гульнявое мерапрыемства «Няхай дарога будзе добрай». Хлопчыкі і дзяўчынкі паўтаралі правілы дарожнага руху, адгадвалі загадкі, рашалі крыжаванкі. Быў складзены маршрут «Дом-школа-дом». Лепшыя веды паказалі навучэнка 4 класа Ульяна Халета і самы маленькі ўдзельнік — першакласнік Леанід Папоў.
Акрамя гэтага, для вучняў 5-11 класаў адбылася літаратурная гасцёўня «Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы», прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства. Па заканчэнні рабяты прынялі ўдзел у конкурснай праграме «Бывай, лета. Прывітанне, восень». Яны спаборнічалі ў розных конкурсах, віктарынах і гульнях-эстафетах: «Памочнікі», «Можа — не, а можа — так», «Прышчэпачка», «Любімыя героі», «Чытачы» і інш. Усе ўдзельнікі атрымалі зарад станоўчых эмоцый.

ПРАФІЛАКТЫКА. У рамках праекта «Школа прававой асветы на тэму «Сацыяльна-псіхалагічная прафілактыка суіцыдальных паводзін сярод моладзі» (да Сусветнага дня прадухілення суіцыдаў) адбылася сустрэча навучэнцаў Каўпенскага дзіцячага сада-базавай школы з фельчарам Каўпенскага ФАПа С. Бардзілоўскай. Асноўная мэта мерапрыемства — прафілактыка і папярэджанне суіцыдаў праз умацаванне псіхалагічнага здароўя навучэнцаў, фарміраванне псіхалагічных ведаў.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел класныя кіраўнікі і педагог, які адказвае за сацыяльную работу. Школа стала адзіным цэлым у прапагандзе жыццесцвярджальных каштоўнасцяў. Напярэдадні навучэнцы падрыхтавалі малюнкі на тэму: «Я люблю цябе, жыццё».

ЗА ЗДАРОВЫ ЛАД ЖЫЦЦЯ. З 7 па 11 верасня ва ўстановах адукацыі Лоеўшчыны адбыўся Тыдзень здароўя «Моладзь. Здароўе. Лад жыцця».
У гэты час ва Уборкаўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе была аформлена выстава «Спартсмены Беларусі і іх дасягненні», прайшлі тэматычныя гадзіны «Здаровы будзеш, усё здабудзеш!», турніры па шахматах і настольным тэнісе, конкурс малюнкаў «О, спорт! Ты свет!», спаборніцтвы па дартсе.
У Крупейскай базавай школе Тыдзень адкрыла выстава «Спартыўнае жыццё школы!». Былі праведзены інфармацыйныя гадзіны, адбыліся лёгкаатлетычнае мнагабор’е, матчавая сустрэча па міні-футболе і спаборніцтва па валейболе паміж навучэнцамі і моладдзю вёскі Крупейкі, а таксама спартландыя «Вясёлыя старты».
Не менш цікава і насычана прайшоў Тыдзень здароўя і ў іншых установах адукацыі.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.