Прысвяціла сябе любімай справе

Мне здаецца, што вялікае шчасце — сустрэць педагога, які вучыць дабрыні і справядлівасці. Добрага настаўніка ніколі не забываюць, пра яго памятаюць заўжды. Таццяна Паўлаўна Граблюк прысвяціла больш за 40 гадоў навучанню дзяцей роднай мове. Яна ніколі не імкнулася да нейкай папулярнасці, але любіць расказваць пра літаратуру, вучняў, урокі.

Скончыўшы Лоеўскае педвучылішча па спецыяльнасці “настаўнік пачатковых класаў”, сваю працоўную дзейнасць пачынала ў малакамплектнай школе ў весцы Дыя Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Але мілагучнасць роднай мовы, багацце яе слоўнікавага запасу, прыгажосць і глыбіня літаратурных вобразаў яшчэ з маленства захаплялі маю суразмоўніцу, таму паралельна яна атрымлівала вышэйшую адукацыю ў дадзеным напрамку. Далей працавала ў вёсцы Вайнілава ўжо настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. На чужыне сустрэла свайго мужа, з якім вярнулася на малую радзіму. Пасля пераезду займала пасаду метадыста пачатковых класаў раённага аддзела народнай адукацыі. Але ўвесь час яе цягнула да дзяцей. Калі Таццяне Паўлаўне выдалася магчымасць перайсці настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Лоеўскую школу, яна з ахвотай ёю скарысталася.
На яе ўроках панавала асаблівая атмасфера. Настаўніца рабіла ўсё магчымае, каб больш даходліва данесці матэрыял да кожнага вучня, выкарыстоўвала разнастайныя метады і прыёмы.
Як кажа мая суразмоўніца, педагог — гэта стан душы. Побач са сваімі вучнямі яна ішла па шляху жыцця і ведаў, радавалася кожнаму поспеху, засмучалася, калі штосьці ў іх не атрымлівалася, вучыла пераадольваць цяжкасці. Яна любіла дзяцей, адносілася да іх як да роўных, бо кожны хацеў, каб яго выслухалі, яму паверылі.
Падчас працы ў школе гераіня публікацыі заўсёды знаходзілася ў пошуку новых метадычных выданняў, распрацоўвала сваю тэхналогію падачы матэрыяла. І гэта давала вынікі — яна мела вышэйшую катэгорыю і Ганаровыя граматы аддзела адукацыі. Яе вучні неаднаразова перамагалі ў раённых і абласных конкурсах, алімпіядах, пацвярджалі свае веды на выпускных і ўступных экзаменах. Многія з іх працягваюць справу любімай настаўніцы, у тым ліку і яе старэйшая дачка Людміла, якая зараз працуе намеснікам па вучэбнай рабоце, выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Лоеўскага педкаледжа.
Сапраўдны настаўнік — гэта не толькі прафесія, але і прызванне. Пра такіх, як Таццяна Паўлаўна, гавораць, што яна таленавіты чалавек і майстар сваёй справы. На жаль, гэтаму не вучаць у навучальных установах, гэта знаходзіцца ў сэрцы і душы.
Пажадаем Таццяне Паўлаўне моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK