За маладымі — будучыня

На мінулым тыдні прадстаўнікі навучэнскай і студэнцкай моладзі, актывісты грамадскіх аб’яднанняў, спартсмены, маладыя спецыялісты з усіх раёнаў Гомельскай вобласці прынялі ўдзел у маладзёжным форуме «Беларусь — гэта мы». Эпіцэнтрам падзеі стаў легкаатлетычны манеж «Дынама» і Цэнтр інклюзіўнай культуры.

Адметнай рысай нашых маладых людзей заўсёды з’яўлялася актыўная грамадзянская пазіцыя. І выказаць яе яны змаглі падчас «адкрытага дыялогу», які прайшоў у нестандартным фармаце бліц-меркаванняў. Пляцоўка аб’яднала не толькі лідараў маладзёжнага руху, але і прадстаўнікоў мясцовай улады, а таксама Нацыянальнага сходу Беларусі.
Не засталіся ў баку і прадстаўнікі лоеўскай дэлегацыі. У прыватнасці, першы сакратар УА «Лоеўскі дзяржаўны педагагічны каледж» Мікіта Велігура прапанаваў пабудову плавальных басейнаў у раённых цэнтрах, дзе яны адсутнічаюць, а такіх — 9, у іх ліку і Лоеў. Дадзеная ініцыятыва дазволіла б чалавеку сістэматычна займацца спортам, тым самым дапамагаючы развівацца моладзі ў фізічным плане. Таксама павялічыўся б працэнт дзяцей, якія ўмеюць плаваць.
Падчас дыялогу прадстаўнікі Гомельскага рэгіёну змаглі не толькі абмеркаваць хвалюючыя пытанні, але і выступіць з уласнымі прапановамі, ініцыятывамі, якія ўвасобяцца ў жыццё ў самы бліжэйшы час і будуць накіраваны на грамадзянскае станаўленне, духоўна-маральнае, патрыятычнае выхаванне моладзі.
Форум праходзіў адначасова ў некалькіх лакацыях, дазволіўшы раскрыць як сучасныя маладзёжныя напрамкі, так і самабытныя нацыянальныя традыцыі.
На алеі каля Палаца лёгкай атлетыкі ўдзельнікі высадзілі туі, на якія павязалі шчырыя пажаданні роднай краіне. Зусім непадалёк адгэтуль майстры паркура дэманстравалі свае ўменні публіцы.
Рух студэнцкіх атрадаў прэзентаваў сябе ў інтэрактыўным фармаце, праводзячы гульні на логіку, спрыт і кемлівасць. Тут жа праходзілі майстар-класы па вырабе лялек-абярэгаў, бодзі-арце, пляценні кос. Усім гасцям, якія прыбылі на свята, актывісты БРСМ дарылі сувеніры з нацыянальнай сімволікай — у знак падтрымкі міру, бяспекі і спакою ў Беларусі. А ў фотазоне быў падрыхтаваны маляўнічы фон для шматлікіх сэлфі і групавых здымкаў. Увогуле кожны госць змог знайсці сабе занятак па цікавасці.
У Гомель таксама прыбылі ўдзельнікі рэспубліканскага аўтапрабегу «За адзіную Беларусь!». На плошчы імя Леніна каля 60-метровага флагштока яны праспявалі гімн Беларусі.
Завяршыўся форум святочным канцэртам. На велізарную сцэну, размешчаную ў манежы, выходзілі прадстаўнікі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, адукацыі, грамадскіх аб’яднанняў і спорту.
Звяртаючыся да прысутных, першы сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Дзмітрый Варанюк зачытаў ліст ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
— Паважаныя сябры, большасць з вас выраслі ў свабоднай, незалежнай і суверэннай Беларусі. Каму, як не вам, адстойваць яе каштоўнасці і інтарэсы, сучаснасць і будучыню. Сёння мы жывём у няпросты час, калі ставяць пад сумнеў усё створанае народам. Нам жа трэба рухацца наперад, захоўваючы і памнажаючы дасягнутае. Ганаруся вамі і веру, што зберажэце родную зямлю і перададзіце сваім дзецям. Усім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, — гаварылася ў паведамленні кіраўніка дзяржавы.
Затым старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей накіраваў відэазварот удзельнікам форуму. Губернатар даў наказ маладым людзям працягваць традыцыі дзядоў і прадзедаў, слухаць сваё сэрца, верыць сваім вачам і не паддавацца на хітрасці. Ён адзначыў важнасць захавання незалежнасці і цэласнасці дзяржавы. Па словах Г. Салаўя, усе супярэчнасці можна вырашаць у канструктыўным дыялогу.
Паміж выступленнямі гасцей прагучалі насычаныя і яркія нумары артыстаў. А святочная атмасфера нікога не пакінула абыякавым.
Пасля завяршэння мерапрыемства мы пагутарылі з удзельнікамі лоеўскай дэлегацыі і даведаліся, што яны думаюць пра ўдзел у маладзёжным форуме «Беларусь — гэта мы!».
Аляксандр Малееў, педагог-арганізатар сярэдняй школы імя А. В. Казлова:
— Маладзёжны форум, у якім прыняла ўдзел велізарная колькасць маладых людзей з усіх куткоў вобласці, яшчэ раз даказаў, што ўсе яны займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Я ганаруся тым, што нарадзіўся і жыву ў нашай краіне, ганаруся абранай мною прафесіяй. Я настаўнік, таму гэта не толькі ганарова, але і па-сапраўднаму важна для нашай краіны, паколькі мы вучым і выхоўваем маладое пакаленне. Упэўнены, што кожны з прысутных хоча і ў далейшым жыць пад мірным небам, хадзіць на працу, назіраць за першымі крокамі сваіх дзяцей, ганарыцца іх поспехамі ў вучобе, бачыць, як яны растуць і радуюцца жыццю. Нам неабыякавы наш лёс. Мы — за моцную і незалежную Беларусь.
Ірына Суржык, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
— Мой удзел у форуме — гэта зарад неверагодных эмоцый. Прыемна бачыць шчырыя ўсмешкі дзяцей, агонь у вачах, калі яны расказвалі аб сваіх праектах, удзел у валанцёрскім руху, калі моладзь выходзіла на сцэну і так шчыра прызнавалася ў любові да сваёй малой і вялікай радзімы. Такія сустрэчы — гэта выдатная пляцоўка для зносін і абмену думкамі і асабістым вопытам. Падобныя мерапрыемствы дапамогуць маладым людзям на некаторы час акунуцца ў новае нязвыклае асяроддзе і выпрацаваць карысныя ідэі.
Я ганаруся нашым таленавітым, энергічным, мэтанакіраваным маладым пакаленнем. За нашымі дзецьмі — будучыня. Яны любяць сваю краіну. І гэта самае галоўнае!

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK