Акцыя «Нашы дзеці» на Лоеўшчыне

Для дзяцей Новы год — адзін з самых радасных і жаданых святаў. І як жа прыемна нам, дарослым, бачыць шчаслівыя вочы, чуць радасны смех, адчуваць цеплыню іх сэрцаў і жаданне верыць у незабыўную казку. 26,28 і 29 снежня ў рамках акцыі «Нашы дзеці» работнікі гарадскога цэнтра культуры падчас навагодняга тэатралізаванага прадстаўлення дапамаглі дзецям апынуцца ў атмасферы чараўніцтва.

Перад гледачамі на сцэне разгарнулася самая сапраўдная адвечная барацьба паміж дабром і злом. У рэшце рэшт казачныя героі памірыліся ў імя самага цудоўнага і непаўторнага навагодняга свята. Спектакль прайшоў на высокім узроўні. Затаіўшы дыханне, рабяты сачылі за прыгодамі Дзеда Мароза, Снягуркі і Снегавіка, з захапленнем пляскалі ў далоні. А запальная музыка, песні, шчырыя віншаванні артыстаў неслі ў залу зарад бадзёрасці, настрою і веры ў выкананне жаданняў.
Варта адзначыць, што штогод работнікі культуры дэманструюць свой талент, арыгінальнасць, уменне знайсці новую думку і крэатыўную ідэю, прадстаўляючы на суд юных гледачоў непаўторныя казачныя пастаноўкі. А калі ўлічваць, што яны самі рыхтуюць дэкарацыі і касцюмы, то захапленню няма мяжы. Для іх галоўнае, каб глядач быў задаволены, атрымаў душэўную асалоду і станоўчыя эмоцыі.
Падарункі і сюрпрызы для хлопчыкаў і дзяўчынак падрыхтавалі раённы выканаўчы камітэт, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
У перадсвяточныя дні на мерапрыемствах пабывала больш за 200 дзяцей з усіх школ Лоева і раёна. Гэта выдатнікі вучобы, пераможцы конкурсаў, алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, дзеці, якія апынуліся ў складаных жыццёвых сітуацыях, рабяты са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў.

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.