НЕРАДАВАЯ ПАДЗЕЯ

У Растоўскай вобласці расчыніў дзверы літаратурна-этнаграфічны пакой імя Івана Мележа.

Музейную экспазіцыю, створаную ў расійскай глыбінцы спецыяльна да 100-годдзя класіка беларускай літаратуры, ў фармаце анлайн адкрылі разам беларускія і расійскія літаратары, прадстаўнікі ўлады і грамадскасці, бібліятэчныя работнікі нашых краін. Дзеля гэтага на некалькі гадзін бібліятэку ў пасяленні Пятрушына (Няклінаўскі раён Растоўскай вобласці Расіі) і Музей літаратараў Гомельшчыны абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна злучыў міжнародны тэлемост.
4 гады таму кіраўніцтва Растоўскай вобласці і Няклінаўскага раёна падтрымала ініцыятыву двух пісьменнікаў – гамяльчаніна Уладзіміра Гаўрыловіча і таганрожца Леаніда Севера: Пятрушынскаму аддзелу цэнтральнай міжпасяленчай бібліятэкі было прысвоена імя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Тым часам актыўна развіваўся міжнародны праект моладзевай паэзіі і перакладаў “Берагі дружбы”, што вырас з міжнароднага фестывалю “Славянскія літаратурныя дажынкі”. У межах сумесных літаратурных мерапрыемстваў актыўна ішоў культурны абмен паміж краінамі. Так, у расійскай мележаўскай бібліятэцы актыўна праходзілі чытацкія канферэнцыі па творчасці Івана Мележа, ладзіліся творчыя сустрэчы, у тым ліку з гомельскімі аўтарамі. Цікавасць да творчасці класіка беларускай літаратуры ў расійскім рэгіёне з кожным годам узрастала. І праз нейкі час было прынята рашэнне аб далейшай папулярызацыі творчасці Мележа і стварэнні да яго 100-годдзя літаратурна-этнаграфічнага пакоя ў імянной бібліятэцы.
У музейнай экспазіцыі арганізатары ўзнавілі атмасферу працоўнага кабінета палескага творцы, напоўніўшы яе стылізаваным сталом, лямпай, прадметамі побыту і адзежы. Тут шырока прадстаўлены фотаматэрыялы, прысвечаныя жыццю і творчасці Івана Мележа, кнігі народнага пісьменніка Беларусі. Дарэчы, электронныя копіі рукапісаў, экспанатаў па просьбе Гомельскага аддзялення СПБ спецыяльна падрыхтавалі супрацоўнікі Хойніцкага краязнаўчага музея і мемарыяльнага дома-музея Івана Мележа з аграгарадка Глінішчы гэтага ж раёна. Карацей, узяліся ўсе разам – палешукі і няклінаўцы, і ажыццявілі задуманае!
Віншаванні з нагоды адкрыцця літаратурна-этнаграфічнага пакоя Івана Мележа арганізатарам накіраваў кіраўнік аддзялення Пасольства Беларусі ў Растове-на-Доне Дзяніс Цімохін. З важнай падзеяй удзельнікаў анлайн-адкрыцця павіншавалі намеснік кіраўніка адміністрацыі Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці Вольга Цярэшчанка, старшыня мясцовай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Няклінаўскага раёна», паэт Леанід Север, загадчык навукова-метадычнага аддзела Данской абласной бібліятэкі Алена Шэюх. З беларускага боку ўдзельнікаў міжнароднай культурнай дзеі прывітала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Таццяна Кручко. Яна, у прыватнасці, канстатавала, што нашы краіны і рэгіёны родніць не проста духоўнае сваяцтва, але і шчырае сяброўства, непарыўная блізкасць лёсаў, традыцый.
– Нашы землі шчодра паліты крывёй савецкіх салдатаў, якія не дзялілі адзін аднаго на «чужых» і «сваіх». На растоўскай зямлі засталася часцінка крыві тады яшчэ зусім юнага палешука Івана Мележа, які стаў пасля пасля знакамітым пісьменнікам, аўтарам палескай Бібліі», – адзначыла Таццяна Леанідаўна і падкрэсліла, што цяпер прыйшоў час не толькі росквіту эканамічных сувязей (актыўна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой многія прадпрыемствы абласцей), але і шматграннаму супрацоўніцтву пісьменнікаў Растоўшчыны і Гомельшчыны.
Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Гаўрыловіч адзначыў, што адзначаная нерадавая падзея назаўжды яднае беларусаў і рускіх. Ён нагадаў эпізод з біяграфіі Івана Мележа: менавіта пад Растовам-на-Доне 21-гадовы Мележ атрымаў вельмі цяжкае раненне ў плячо. Ваенурачы настойвалі на ампутацыі, з чым не пагадзіўся галоўны урач шпіталя, ваенны хірург Антонаў і правёў складаную аперацыю – захаваў маладому палітруку і будучаму аўтару “Мінскага напрамку” і “Палескай хронікі” руку.
За сумесную напружаную працу па папулярызацыі творчасці класіка беларускай літаратуры, захаванню памяці пра яго на расійскай зямлі вышэйшай узнагародай абласнога аддзялення СПБ – Міжнароднай літаратурнай прэміяй імя К.Тураўскага і памятным медалём “К.Тураўскі. Асветнік” (узнагароды былі загадзя перасланы ў Расію – удакл. Аўт.) – у час урачыстасці былі ўзнагароджаны Няклінаўскі раён, Новабессяргенеўскае сельскае пасяленне і міжпасяленчая цэнтральная бібліятэка Няклінаўскага раёна.
Віталі сваіх калег і загадчыкі гомельскай бібліятэкі-філіяла №1 імя Івана Мележа Лілія Капусціна і Пятрушынскай бібліятэкі імя Івана Мележа Таццяна Буцай: вырашана распрацаваць сумесныя мерапрыемствы паміж гэтымі ўстановымі культуры. А сакратар праўлення мясцовай нацыянальнай аўтаноміі «Беларусы Няклінаўскага раёна» Ірына Север выказала шчырую падзяку Міністэрству культуры Беларусі, Рэспубліканскаму цэнтру нацыянальных культур нашай краіны і яго дырэктару Вользе Антоненка за выдзеленне тамтэйшым беларусам нацыянальных касцюмаў, за сяброўскую падтрымку і неацэнную дапамогу ў дзейнасці беларускіх зямляцтваў.
Пасля ўрачыстага адкрыцця ў фармаце тэлемаста «Беларусь – Расія: Гомельская вобласць – Растоўская вобласць” яго ўдзельнікі абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва і новыя сумесныя праекты. Да працы міжнароднага тэлемаста таксама далучыліся літаратары Бранска і прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Украіны.
Гомельскія паэты Міхась Болсун, Тамара Кручэнка, Наталля Шэметкова і Лідзія Долбікава, паэтэса і перакладчыца Вольга Раўчанка, Леанід і Ірына Север з Няклінаўскага раёна, Анатоль Міроненка з Кіева, бранскія паэты Уладзімір Сарочкін, Людміла Ашэка, Віктар Валодзін і іншыя падзяліліся творчымі планамі і пажаданнямі новых сустрэч у рамках літаратурных фестываляў «Берагі дружбы», «Славянскія літаратурныя дажынкі» і «На зямлі Кірылы Тураўскага».
Размова ішла і пра важнасць захавання гістарычнай памяці, праўды пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. «Нашы народы, жывучы раней у велізарнай краіне, разам перамаглі фашызм, але сёння, нажаль, змушаны разам абараняць нашу агульную Перамогу, прыкладаць намаганні, каб не дапусціць імкнення многіх краін перапісаць падзеі 41-45 гадоў нанава», – адзначыў, у прыватнасці, Уладзімір Гаўрыловіч.
Вынікам узаемакарыснага і зацікаўленага абмеркавання стала прыняцце сумеснай рэзалюцыі.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ

На здымках: у час анлайн-адкрыцця музейнай экспазіцыі і міжнароднага тэлемаста “Беларусь-Расія”.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.