У раёне пачалася сяўба

На мінулым тыдні сельгаспрадпрыемствы Лоеўшчыны прыступілі да сяўбы ранніх яравых культур. Праз замаразкі ў пачатку вясны гэта адбылося значна пазней чым у мінулым годзе. А гэта значыць, што на разгойдванне няма часу, ды і пры належных умовах надвор’я палявыя работы праводзяцца ў паскораных тэмпах. Аднымі з першых сяўбу пачалі аграрыі КСУП “Малінаўка-Агра”.

Да вясновай кампаніі тут падышлі з поўнай адказнасцю: падрыхтавалі тэхніку і агрэгаты, закупілі насенне і гаручае ў дастатковай колькасці.

— Хлебаробы нашага прадпрыемства настроены на атрыманне годнага ўраджаю, — расказвае галоўны аграном Валянцін Глезаў. — Работы ў нас вядуцца ў комплексе: падрыхтоўка глебы, унясенне мінеральных угнаенняў і непасрэдна дзейнасць пасяўнога агрэгата. Улічваючы, што яравы клін збожжавых у гэтым годзе складае 530 гектар, заданне плануем выканаць у аптымальныя агратэхнічныя срокі. На сённяшні дзень палову ад плана мы ўжо зрабілі. У разрэзе па культурах лічбы такія: пад ячмень адведзена 150 га, авёс — 200 га, зернебабовыя — 100 га, проса — 80 га. Да сяўбы кукурузы прыступім бліжэй да мая, бо гэта расліна з цеплалюбівых і не пераносіць паніжэння тэмператур.

Што датычыцца ўгнаенняя, то на яго пастаўку заключаны дагаворы з пастаяннымі партнёрамі.
— Мінеральныя ўдабрэнні і разнастайныя прэпараты выкарыстоўваем як патрабуецца, бо для аддачы ад зямлі трэба нямала ў яе ўкласці. Вядома, у сельскай гаспадарцы канчатковы вынік залежыць ад капрызаў надвор’я. Але, выконваючы ўсю тэхналогію, ніколі ў накладзе не застанешся, — упэўнены Валянцін Ціханавіч.

У дзень нашага візіту пасяўныя работы вяліся паблізу вёскі Іванькаў. Самую адказную справу — сяўбу — даручылі Аляксандру Юрчанку. Дапамагае яму ў гэтым трактар “Беларус-2022 “ у агрэгаце з сеялкай “Horsch”. Як расказаў аграрый, яе 6-метровы захоп і ёмісты бункер дазваляе значна павысіць прадуктыўнасць працы.

Сам мужчына мясцовы. У гаспадарцы працуе больш за 10 гадоў і ўвесь час на адной пасадзе. Пра тое, што будзе механізатарам, ён ведаў яшчэ са школы.

— Па-іншаму і быць не магло, — кажа Аляксандр Анатольевіч. — У мяне ў сям’і ўсе працавалі ў калгасе. З бацькам увесь час быў у полі. Ён працаваў трактарыстам, ну і я вырашыў пайсці па яго слядах. Думка паспрабаваць сябе на іншай ніве нават не наведвала, ды і не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі.

У тым, каб добра працаваць, паказваць высокую якасць і аператыўнасць, зацікаўлены і іншыя механізатары прадпрыемства, задзейнічаныя на вясновых палявых работах. Бо цяпер той самы перыяд, калі можна зарабіць харошыя грошы. У сельгаспрадпрыемстве распрацавана выразная сістэма аплаты, згодна з якой стараннасць пры выкананні заданняў ацэньваецца па вартасці.

Дарэчы, стаўку на вясновых палявых работах сёлета робяць і на маладых аграрыяў.

Вось і за штурвалам цяжкага “Беларуса”, які выруліў на дарогу, універсальна-прапашнага МТЗ-3522 з дыскамі АДУ-6 — прадстаўнік маладога пакалення Сяргей Зянько. Для яго гэта другі сезон працы ў прадпрыемстве. У мінулым годзе ён збіраў ураджай і нарыхтоўваў кармы, а цяпер рыхтуе глебу пад сяўбу яравых культур.

 

 

 

 

Тым не менш на перадавой пасяўной кампаніі працуюць і больш вопытныя кадры. Механізатар Аляксандр Дзегцяроў на трактары больш за 25 гадоў. За гэты час асвоіў самыя розныя агрэгаты — араў, сеяў, вывозіў арганіку, нарыхтоўваў кармы і прыбіраў хлеб. Сёлятней вясной на трактары “Беларус-1523” у агрэгаце з КФУ-4 займаецца культывацыяй глебы.

 

 

 

 

Паралельна ў прадпрыемстве вядуцца і іншыя работы. Больш за тыдзень таму пачалі падкормку азімых культур карбамідна-аміячнымі сумесямі. Гэтую адказную справу выконвае Дзяніс Ласіца. Універсальны агрэгат “Раса”, які за ім замацаваны, не ведае прастояў. З раніцы да вечара аграрый працуе на палях. Па стане на 8 красавіка азімыя падкормленыя на плошчы больш за 1200 га. Падвозіць яму КАС на трактары “Беларус 1221” Віктар Дахно.

На руку малінаўскім земляробам была і снежная зіма. У адрозненне ад папярэдняга года на пасяўных плошчах у глебе досыць вільгаці.

Механізаваны атрад у складзе Дзмітрыя Шыльца, Уладзіміра Прымака, Дзмітрыя Асадчага і Яўгена Андрэйчука з пачатку тыдня прыступіў да ўнясення арганічных узгнаенняў. Дарэчы, на палі іх вывезлі больш за 30 тысяч тон, з іх 8 тысяч ужо ўнеслі ў зямлю.

У ліку вясновых клопатаў у сельгаспрадпрыемстве па-ранейшаму застаецца ўнясенне мінеральных рэчываў пад яравыя. Частка гэтай работы ўжо выканана высокакваліфікаваным механізатарам Мікалаем Маёравым, які дэманструе добрыя паказчыкі на ўсіх відах работ на працягу года. У зводцы спаборніцтва сярод лепшых аграрыяў раёна яго прозвішча заўсёды ў ліку першых.

За доўгія гады працоўнай дзейнасці зямляроб ні разу не падвёў ні кіраўніцтва гаспадаркі, ні таварышаў.

 

 

У КСУП “Малінаўка-Агра” працуюць адказныя, добрасумленныя людзі, якія старанна выконваюць даручаную справу. Трэба адзначыць, што яны маюць права ў будучым разлічваць на добры ўраджай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.