Бліц-апытанне: Ці трэба захоўваць традыцыі?

Народ без традыцый, як дрэва без каранёў. Гэта выказванне мае непахісную ісціну, бо без мінулага не створыш будучыню. Яно з’яўляецца тым змацоўваючым ланцугом, які аб’ядноўвае людзей
розных узростаў, поглядаў і меркаванняў. Сваімі поглядамі аб тым, ці трэба захоўваць традыцыі, дзеляцца жыхары Лоеўшчыны.

Вольга ГУНЬКО з сястрой Таццянай і дачкой Алінай (на здымку):
— Традыцыі беларускага народа — гэта бясцэнны вопыт многіх пакаленняў нашых продкаў. Людзі спрадвеку разумелі: нацыя без гісторыі, як дзіця без бацькоў. Грамадства не будзе ведаць, што добра і што дрэнна, што каштоўна, а што няварта ўвагі. У сучасным свеце вельмі востра стаіць пытанне страты маральнасці. І корань гэтага ляжыць якраз у няведанні сваіх традыцый.

Васіль КОВАЛЬ з дачкой Алесяй і ўнучкай Ганнай:
— Многія людзі шчыра не разумеюць, навошта захоўваць звычаі мінулых гадоў, і няхай некаторыя з іх ужо даўно не актуальныя, але яны звязваюць народ у адзінае цэлае і робяць краіну самабытнай. Без мінулага мы можам стаць чужымі адзін аднаму і аддаліцца ад Радзімы. Адны людзі пачнуць выказваць сваё незадавальненне, іншыя ж банальна страцяць «глебу пад нагамі» ці ўпэўненасць у сабе. Безумоўна, прытрымлівацца традыцый ці не — справа кожнага, але для маёй сям’і каштоўна ўсё, што звязана са спадчынай дзядоў і прадзедаў.

Вольга ДАВЫДОЎСКАЯ з дачкой Алінай:
— У нашым родзе паважаюцца царкоўныя святы, народныя звычаі, чырвоныя дні ў календары, шануецца памяць гераічных абаронцаў Айчыны. Гэтыя перакананні на працягу дзесяцігоддзяў перадаваліся з пакалення ў пакаленне. І сёння асабістым прыкладам стараюся прывіць дачцы пачуццё любові і гонару да Радзімы і яе непаўторнасці.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.