Хто шануе мінулае, у таго ёсць будучыня

Дзень народнага адзінства фарміруе пачуццё прыналежнасці да краіны і лёсу яе грамадзян. Пра гэта карэспандэнту «ЛК» распавёў магістр гістарычных навук, настаўнік Суткоўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Андрэй Колас.

— Андрэй Васільевіч, як Вы лічыце, якія падзеі леглі ў аснову гэтага свята?
— 17 верасня 1939 года адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, што азнаменавала сабой для беларускага народа адзінства краіны. Як вядома, на працягу 1921-1939 гг. частка нашай рэспублікі знаходзілася ў складзе Польшчы. Эканамічнае становішча большасці насельніцтва было цяжкім: сялянскае малазямелле, працоўны дзень па 12-14 гадзін у суткі, забарона на выкарыстанне беларускай мовы і культурных традыцый, акаталічванне і іншыя мерапрыемствы, якія ўшчамлялі правы паланізаванага народа.
17 верасня 1939 года войскі Чырвонай Арміі ўзялі пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі, якія непасрэдна апынуліся пад пагрозай фашысцкага зняволення ў пачатку Другой сусветнай вайны. Насельніцтва ўспрыняла гэта як акт гістарычнай справядлівасці. Чырвонаармейцаў віталі як сваіх вызваліцеляў.
Гэтая падзея знайшла сваё адлюстраванне ў творах выдатных паэтаў і пісьменнікаў. Адзін з беларускіх майстроў слова Янка Купала напісаў у сваім вершы такія радкі:

Ты з Заходняй, я з Усходняй
Нашай Беларусі,
Больш з табою ўжо ніколі
Я не разлучуся.

Уз’яднанне беларускага народа ў адзіную дзяржаву паставіла ўсё на свае месцы. Менавіта таму падзеі восені 1939 года лёсавызначальныя. У той час сфарміравалася сучасная тэрыторыя нашай Айчыны — ад Брэста да Віцебска, ад Гродна да Гомеля, з архітэктурнымі жамчужынамі, унесенымі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, — Мірам і Нясвіжам. У 1991 годзе БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. Несумненна, калі б не было ўз’яднання 1939 года, наша дзяржава на карце Еўропы сёння мела б зусім іншыя межы.

— З чаго пачынаецца адзінства?
— Бясспрэчна, з гармоніі ў сям’і і працоўных калектывах, у добразычлівых зносінах паміж грамадзянамі. Наша краіна шматэтнічная. Пры гэтым сярод прадстаўнікоў розных нацый адсутнічае варожасць у адрозненне ад іншых дзяржаў. Рускія, беларусы, палякі, літоўцы, украінцы, яўрэі жывуць у сяброўстве, разам святкуюць, пераадольваюць цяжкасці, шляхам паступовага развіцця крочаць у будучыню.

— Па Вашым меркаванні, у чым павінна выяўляцца адзінства беларускага народа?
— У першую чаргу ў жаданні будаваць моцную краіну, захаванні яе цэласнасці і незалежнасці. Гэтае свята павінна стаць для ўсіх нас духоўным правадніком, сімвалам для патрыётаў і ўдзячных нашчадкаў, якія клапоцяцца пра краіну. Спадзяюся, што новая традыцыя, увасабляючая сабой сілу духа беларускага народа, шматвекавую гісторыю і сучасныя дасягненні нацыі, займе сваё годнае месца не толькі сярод дзяржаўных свят, але і ў самасвядомасці маіх суайчыннікаў.

— Звяртаюся да Вас, як да настаўніка. Якія якасці неабходна выхоўваць у моладзі, каб вырасціць сапраўдных патрыётаў?
— Калі мы самі будзем валодаць тымі рысамі, якія імкнемся развіваць у дзецях, то абавязкова зможам выхаваць годнае падрастаючае пакаленне. Акрамя таго, беларусам варта надаваць больш увагі вывучэнню роднай мовы і культуры. Як сказаў Францішак Багушэвіч: «Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб мы ня ўмёрлі». Наша мінулае дае нам дасведчанасць таго, што мы адзіны народ і жывём у адзінай краіне, якая горда завецца Беларусь.

— Андрэй Васільевіч, дзякуй Вам за цікавую і змястоўную гутарку.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.