Што зменіцца ў верасні

У першы месяц восені беларусаў чакае шмат новаўвядзенняў. Падымуць пенсіі, пачнуць выдаваць біяметрычныя пашпарты, зменіцца аплата за камунальныя паслугі і інш.

ПАДЫМУЦЬ ПЕНСІІ
З 1 верасня ў Беларусі выраслі працоўныя пенсіі. Указ аб іх пераразліку быў падпісаны Прэзідэнтам краіны 20 жніўня. У дакуменце гаворыцца, што пенсіі вырастуць на 7% «у сувязі з ростам сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы шляхам карэкціроўкі фактычнага заробку пенсіянераў зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы».
Дарэчы, гэта будзе першае павышэнне ў гэтым годзе. Улады чакаюць, што сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў непрацуючага пенсіянера ў верасні складзе амаль 545 рублёў. Цяпер пенсіянеры ў сярэднім атрымліваюць 512,78 рублёў. А мінімальная пенсія з даплатай складае 276,36 рубля.

ЗМЕНІЦЦА АПЛАТА
ЗА КАМУНАЛЬНЫЯ ПАСЛУГІ
З 1 верасня па-новаму будзе вылічацца плата на жыллёва-камунальныя паслугі. Лічыць некаторыя тарыфы будуць не па колькасці прапісаных людзей, а зыходзячы з плошчы кватэры, так што чым больш квадратных метраў, тым больш аплата. Гэта датычыцца таксама тэхнічнага абслугоўвання ліфта, уборкі пад’ездаў, электраэнергіі, якую зрасходвалі на асвятленне калідораў.

БІЯМЕТРЫЧНЫЯ ПАШПАРТЫ
З 1 верасня беларусам пачалі выдаваць біяметрычныя дакументы, якія сведчаць асобу (у выглядзе ідэнтыфікацыйнай карты) і біяметрычныя дакументы для ўезду і выезду з Рэспублікі Беларусь (у выглядзе пашпартнай кніжкі), прычым зрабіць другі дакумент без наяўнасці першага не атрымаецца.
Атрымаць біяметрычны пашпарт можна будзе толькі ў тым выпадку, калі ў заяўніка ёсць ідэнтыфікацыйная карта, у якую змешчана мікрасхема з фотавыявай, адбіткамі пальцаў рук і іншымі персанальнымі дадзенымі ўладальніка. Такая карта будзе каштаваць 1,5 базавыя велічыні (43,5 руб.), а біяметрычны пашпарт — 2 б.в. (58 руб.).

ПЛАТФОРМА
ДЛЯ ДЫСТАНЦЫЙНАГА
НАВУЧАННЯ
Адукацыйны рэсурс на сённяшні дзень змяшчае ўсе тэмы ўрокаў па ўсіх прадметах для 1-11-х класаў. Быў абноўлены дызайн сайта, з’явіліся новыя раздзелы. Ужо сёння любы навучэнец можа зайсці на рэсурс і выбраць тэму ўрока, клас і прадмет, а таксама самастойна вывучыць параграф, прагледзеўшы відэафрагменты. Як адзначаюць распрацоўшчыкі, гэты партал не з’яўляецца на 100% заменай класна-ўрочнай сістэмы.

ДОМ ЗА 29 РУБЛЁЎ
У верасні ў Беларусі ўступае ў сілу ўказ аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці. Гэта значыць, што цяпер беларусы змогуць купіць дом у вёсцы ўсяго за 29 рублёў. Улады ўпэўненыя, што такая мера вырашыць праблему пустуючых і старых дамоў у краіне, а жадаючым набыць свой дом дапаможа ажыццявіць мару.
У гэтым пытанні ёсць і нюансы, якія трэба шукаць у заканадаўстве. Да прыкладу, калі вы хочаце набыць закінуты дом у Мінску ці ў адным з абласных цэнтраў, то ў вас гэта не атрымаецца.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK