Слова нас аб’ядноўвае

Штогод у першую нядзелю верасня адзначаецца нацыянальнае свята — Дзень беларускага пісьменства, якое для ўсіх нас мае вялікае значэнне.

Традыцыя святкавання Дня беларускага пісьменства зарадзілася ў 1994 годзе, калі 28 жніўня ў Полацку ўпершыню прайшлі ўрачыстасці ў гонар Дня беларускага пісьменства і друку.
Як правіла, гэтае свята праводзіцца ў гарадах з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай, старадаўніх цэнтрах асветы і кнігадрукавання.
Свята тройчы прымаў Полацк (1994, 2003, 2017), двойчы — Тураў (1995, 2004), а таксама Заслаўе (2000, 2014), Навагрудак (1996), Нясвіж (1997), Орша (1998), Пінск (1999), Мір (2002), Камянец (2005), Паставы (2006), Барысаў (2008), Смаргонь (2009), Хойнікі (2010), Ганцавічы (2011), Глыбокае (2012), Шчучын (2015), Рагачоў (2016), Іванава (2018), Слонім (2019), Бялынічы (2020).
Нагадаем, цяперашні XXVIII Дзень беларускага пісьменства пройдзе 4-5 верасня ў горадзе Капыль Мінскай вобласці пад дэвізам «Слова нас аб’ядноўвае».
Асноўны дзень свята — 5 верасня. Тут адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі; цырымонія гашэння канверта і арыгінальнай маркі, прысвечаных XXVIII Дню беларускага пісьменства.
Сярод ключавых мерапрыемстваў — перадача эстафеты гораду Добрушу — сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2022 годзе. Варта адзначыць, што добрушская зямля багатая літаратурнымі талентамі. У вёсцы Карма нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін, які пакінуў велізарную творчую спадчыну і да апошніх дзён жыцця не пераставаў падтрымліваць сувязь з родным краем. Іван Шамякін — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыялістычнай Працы, актыўна ўдзельнічаў у палітычным і грамадскім жыцці краіны.
У Капылі ўсталююць помнік беларускаму пісьменніку Цішку Гартнаму, а таксама прадставяць скульптурную кампазіцыю, прысвечаную гарадам, дзе раней праходзіла свята. Наватарскі праект Беларускага саюза мастакоў — адкрыццё алеі пісьменнікаў Капыльскага раёна з QR-кодамі, адсканаваўшы якія можна будзе атрымаць доступ да біяграфіі літаратара і азнаёміцца з творамі, якія ён напісаў.
На працягу двух дзён традыцыйна пройдзе фестываль кнігі і прэсы. Жыхары і госці горада змогуць наведаць тэматычныя павільёны. Так, адзін з іх мае назву «Памяць» — тут будуць прадстаўлены кнігі па гісторыі Беларусі, пройдуць сустрэчы з аўтарамі і навукоўцамі. З выставай выданняў, якія распавядаюць аб традыцыях і звычаях Беларусі, можна будзе азнаёміцца ў павільёне «Традыцыі i сучаснасць». Тут жа адбудзецца паказ аўтэнтычнага абраду «Цары», уключанага ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, а таксама прадастаўлена магчымасць для моладзі прыняць у ім удзел. «Разам з кнігай мы расцем» — тут прэзентуюць літаратуру для дзяцей і падлеткаў, правядуць майстар-класы, віктарыны, гульні.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.