“ДОБРАЯ КНІГА – АД ШЧЫРАГА СЭРЦА” – У ЖЫТКАВІЧАХ

Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч днямі правёў творчую сустрэчу ў глыбінцы Палесся. Размова з супрацоўнікамі Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі была прысвечана Году гістарычнай памяці, Дню славянскай пісьменнасці і культуры, а таксама іншым важным тэмам.

Вядомы беларускі пісьменні закрануў найперш пытанні, звязаныя з захаваннем гістарычнай памяці, аб недапушчальнасці скажэння гістарычнай праўды, перапісвання падзей Вялікай Айчыннай вайны,
— На жаль, то тут, то там, асабліва ў краінах Захаду, афіцыйна прыніжаецца наша гераічнае мінулае. Пры чым, з-за кан’юктурных пазіцый адбываецца не проста свядомы перагляд найважнейшых геапалітычных вынікаў вайны, але і знішчэнне маральна-этычных вынікаў перамогі над нацызмам. Гэта не можа не хваляваць нас, беларусаў, чые дзеды і прадзеды столькі вынеслі ў той страшны перыяд, як не можа не хваляваць узрастаючае геапалітычнае супрацьстаянне Захаду з Расіяй і яе саюзнікамі, — адзначыў у гутарцы Уладзімір Гаўрыловіч.
У такіх умовах да мінулага трэба ставіцца вельмі і вельмі акуратна, і супрацьстаяць гэтаму негатыву, у тым ліку і мастакам слова, і тым, хто яго папулярызуе. Што датычыць работнікаў бібліятэк, то, на думку У.Гаўрыловіча, трэба накіроўваць увагу юных і дарослых чытачоў да найлеппшых узораў мастацкіх твораў як пісьменнікаў-франтавікоў, так і сучасных літаратараў, якія пішуць пра вайну, каб фарміраваць імунітэт супраць чужых ідэалаў і каштоўнасцяў. Дзеля гэтага, у тым ліку, другі сезон на Гомельшчыне пісьменніцкай арганізацыяй праводзяцца мерапрыемствы ў рамках Года класічнай літаратуры і чытання.
Кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі вобласці таксама распавёў бібліятэкарам аб творчых акцыях, конкурсах для дзяцей і моладзі, аматараў мастацкай творчасці, якія ладзіць абласное аддзяленне СПБ і ў якіх, дарэчы, прымаюць актыўны ўдзел палешукі, аб правядзенні ў верасні ў Жыткавічах чарговага фестывалю літаратуры, культуры і народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага” (падзея будзе багатая на творчыя сустрэчы на радзіме другога Залатавуста), а таксама аб сумесных намаганнях улады і культурнай супольнасці рэгіёна, каб у старажытным Добрушы годна прайшоў ХХІХ Дзень беларускага пісьменства.
Уладзімір Гаўрыловіч звычайна наведвае на малую Радзіму Кірылы Тураўскага (гэта, адзначым, і яго родны куток) не з пустымі рукамі. Творца урачыста перадаў Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы першыя 100 новых кніг з аўтографамі сучасных літаратараў Беларусі, Расіі і Украіны (выданні сабраны па ініцыятыве Гомельскага аддзялення СПБ да вераснёвых свят у межах міжнароднай акцыі “Добрая кніга – ад шчырага сэрца”).
Цёпла за такі выдатны падарунак падзякавалі арганізатару акцыі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Жыткавіцкага райвыканкама Сяргей Агіевіч і дырэктар ДУК “Жыткавіцкая раённая сетка бібліятэк” Алена Сакалова, якія адзначылі, што на Жыткаўшчыне будуць пракладаць усе намаганні, каб і кнігі, і творчыя справы, якія на тэрыторыі раёна праходзяць каторы год, дзякуючы ініцыятывам Саюза пісьменнікаў Беларусі, узбагачалі гэты цікавы гістарычны край і яго жыхароў.
Як у сваю чаргу адзначыў Уладзімір Гаўрыловіч, міжнародная акцыя толькі пачалася: у чэрвені на столькі ж новых выданняў папоўніцца кніжная скарбніца і Добрушскай раённай бібліятэкі. Усяго да верасня ў акцыю па зборы новых аўтарскіх выданняў для Жыткавіцкай і Добрушскай бібліятэк ўключацца звыш 500 літаратараў Беларусі і каля 100 з Расіі і Украіны.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

 

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK