Будзьце з «Лоеўскім краем», і мы вас не расчаруем!

З такім лозунгам мы звяртаемся да вас, дарагія чытачы, у чарговую падпісную кампанію на трэці квартал і другое паўгоддзе 2022 года. Прыемна ўсведамляць, што шматлікія прыхільнікі раёнкі адгукаюцца і працягваюць нам сваю руку, а колькасць падпісчыкаў — нашых сяброў — на працягу многіх гадоў застаецца досыць высокім. Для нас вельмі важна, каб гэтыя сяброўскія ўзаемаадносіны захаваліся і працягнуліся ў далейшым.

Пераглядаючы папярэднія газетныя нумары, разумеем: з гэтай тэмай накшталт адгадалі, тут — трошкі не дабралі, а там — не ўсё атрымалася так, як хацелі. Хоць камусьці, наадварот, спадабалася. Выпускаючы газету, мы стараемся зрабіць усе матэрыялы цікавымі і якаснымі, але ўгадзіць шырокаму колу чытачоў досыць складана нават пры нашым велізарным старанні.
Раёнку мы робім на розныя густы, прытрымліваючыся свайго тэматычнага плана і ўлічваючы пажаданні не толькі спрыяльна настроеных да яе людзей, але і апаніруючых. Хтосьці выказвае незадаволенасць супрацоўнікам рэдакцыі ў багацці сацыяльнай тэматыкі, а хтосьці — у дэфіцыце маладзёжнай і забаўляльнай. Безумоўна, у такой шматлікай чытацкай аўдыторыі могуць і павінны быць свае прыхільнасці. Журналісты абавязаныя іх улічваць, захоўваючы пры гэтым асноўную канцэпцыю свайго выдання.
«Лоеўскі край» імкнецца аб’ектыўна адлюстроўваць жыццё рэгіёну ва ўсіх яго праявах. Аграпрамысловы комплекс, эканоміка, культура, сацыяльная сфера, маладзёжная палітыка, гісторыя роднага краю, развіццё фізкультуры, спорту і турызму і г.д. Мы распрацоўваем гэтыя тэмы на аснове канкрэтных чалавечых лёсаў і асобных калектываў, дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і органаў улады.
Што мы можам абяцаць падпісчыку ў наступным паўгоддзі? Як сур’ёзнае масавае выданне, якое паважае ўнутраны свет свайго чытача, мы заўсёды будзем карыстацца толькі праверанай інфармацыяй, не давяраючы чуткам і здагадкам. І сутнасць не ў тым, што мы дзяржаўнае выданне, проста існуе паняцце журналісцкага гонару, і мы, раёншчыкі, яго прытрымліваемся.
Друкаванае слова валодае магічнай сілай. Мы прыкладзем усе намаганні, каб захаваць лепшыя традыцыі журналістыкі ў асвятленні падзей, якія адбываюцца на Лоеўшчыне.
Паважаныя чытачы, укладышы з тэлефоннымі нумарамі раённых службаў і арганізацый, а таксама сакрэтамі ўраджаю і рэцэптамі нарыхтовак на зіму вы атрымаеце ў трэцім квартале бягучага года. Будзьце з «Лоеўскім краем», і мы вас не расчаруем!

ЦАНА:

льготная для пенсіянераў і інвалідаў
на квартал (63931) — 24,00 руб.;
на месяц (64141) — 8,50 руб.;

для працуючых
на квартал (64011) — 26,50 руб.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK