Любоў да дзяцей — яе галоўны педагагічны сакрэт

Быць настаўнікам складана і адказна, бо менавіта педагогам бацькі даручаюць самае дарагое, што ў іх ёсць, — сваіх дзяцей. Ад іх працы, унутраных якасцяў і самааддачы залежыць, якімі дарослымі ў будучым стануць вучні. Таму ў гэтай прафесіі не можа быць выпадковых людзей.

Напярэдадні Дня настаўніка карэспандэнты «ЛК» адправіліся ў Ручаёўскую сярэднюю школу імя І.І. Мельнікава, каб пазнаёміцца з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Таццянай Белаш (на здымку), якая ўпэўнена, што яе прафесійны шлях вызначыў сам лёс.
Ураджэнка вёскі Бывалькі свае дзіцячыя гульні “ў школу” ўвасобіла ў рэальнасць, дзеля гэтага яна скончыла ў 1986 годзе факультэт беларускай мовы і літаратуры педагагічнага інстытута імя Н.К. Крупскай, што ў Мазыры. З дыпломам у руках, крыху хвалюючыся, яна пераступіла парог сярэдняй школы в. Ручаёўка. З тых пор мая субяседніца сутрэла 36-ы Дзень ведаў. У звычайных людзей каляндарны год пачынаецца 1 студзеня, а вось у педагогаў — 1 верасня. Як вы здагадаліся, гэта жарт, але ён як раз у тэму. Пры сустрэчы з намі Таццяна Міхайлаўна падзялілася сваімі перакананасцямі: “За ўсе гады ў школе ў мяне ні разу не з’явілася думка, што я не на сваім месцы. Мне падабаецца працаваць і з вучнямі, і з педагогамі. З 2003 па 2019 год займала пасаду намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці, зараз працую настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. За гэты час сфарміравалася пэўнае ўяўленне таго, якім павінен быць сапраўдны настаўнік. Перш-наперш, ён павінен падаваць уласны прыклад як на ўроках, так і ў пазаўрочнай дзейнасці. Калі дзеці бачаць, што ты сам гарыш і шчыра любіш тое, што выкладаеш, яны ніколі не застануцца абыякавымі да твайго прадмета і абавязкова адкажуць (альбо паспрабуюць адказаць) табе тым жа. Вельмі прыемна, калі твая любоў да роднай мовы перадаецца вучням. 13 выпускнікоў школы пайшлі па маім накірунку, а Ірына Івашка скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і зараз працуе ў рэдакцыі “Настаўніцкая газета”.
Вялікі працоўны стаж, назапашаны вопыт, вышэйшая педагагічная катэгорыя, адно месца работы ў працоўнай кніжцы… Нішто так не характарызуе адданасць нашай зямлячкі выбранай справе, як гэтыя словы. “Калі ты бачыш поспехі вучняў і іх зацікаўлены погляд, адчуваеш аддачу, хочацца яшчэ больш працаваць, абы не страціць гэта. Кожны клас, кожнае дзіця прыносяць у тваё жыццё нешта новае. Вось так паступова мы разам расцем. Дарослыя даюць дзецям веды, а самі вучацца ў іх адкрытасці свету і шчырасці. Гэты працэс узаемны”, — дзеліцца сваімі пачуццямі настаўніца.
На ўроках Таццяна Міхайлаўна імкнецца выхоўваць у падрастаючага пакалення любоў да роднай мовы, цікавасць да традыцый і культуры беларускага народа, павагу да бацькоў і людзей сталага ўзросту, ветэранаў вайны і працы, словам, выхаваць сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы.
Жадаем Таццяне Белаш поспехаў, моцнага здароўя, дабрабыту і сямейнага шчасця. Няхай родныя Вас не забываюць і шчыра клапоцяцца, а выпускнікі наведваюць парог любімай настаўніцы!

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK