Дзякуй вам за рукі залатыя, майстэрства, шчырасць, цеплыню душы!

Штогод у трэцюю нядзелю лістапада сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Людзі гэтай сферы дзейнасці, напэўна, як ніхто іншы, ведаюць сапраўдную цану хлебу і кожнаму дню. Немагчыма ўявіць, колькі сіл укладваюць яны, каб забяспечыць насельніцтва раёна і краіны неабходным харчаваннем.

Напярэдадні ўрачыстасці мы прапануем вам, паважаныя чытачы, здзейсніць невялікі віртуальны экскурс па сельгаспрадпрыемствах Лоеўшчыны і пазнаёміцца з людзьмі, для якіх галоўная спадчына — любоў да роднай зямлі.

Ігар Пазняк працуе вадзіцелем у КСУП “Бывалькі” і лічыць працу ў сельскай гаспадарцы адной з самых складаных. 

— Напрыклад, возьмем жніво. Падчас яго ролю вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа ад камбайнаў, цяжка пераацаніць. Ледзь замарудзіўся, і камбайны вымушаныя прастойваць, губляючы каштоўны ў гэты перыяд час. Як ні круці, атрымліваецца, што вадзіцелі грузавікоў — галоўныя асобы ўсёй уборачнай кампаніі, ад іх залежыць бесперабойная праца ўсяго збожжаўборачнага канвеера, — адзначае Ігар Мікалаевіч.
На сваім аўтамабілі МАЗ мужчына аб’ехаў шмат сельскіх дарог. У гаспадарцы ён задзейнічаны на розных работах. Пры гэтым вельмі ўважліва сочыць за тэхнічным станам вялікагрузнага аўтамабіля.

Адказных працаўнікоў у гаспадарках раёна зной-дзецца нямала. І тым не менш у сваёй роднай гаспадарцы КСУП “Малінаўка-Агра” Уладзімір Прымак — адзін з самых каштоўных і паважаных работнікаў. Вы спытаеце, чаму? А таму, што ў аднаго аграрыя галоўны козыр — тэмпы, у іншага — якасць, а ва Уладзіміра Сяргеевіча гэтыя паняцці непарыўныя. Не палохаюць яго ні складанасці, ні аб’ёмы работ — ва ўсім ведае толк, да ўсяго яго рукі звыклыя. У гэтым годзе, як, зрэшты, і ў мінулым, мужчына працаваў на даручаным яму КВК-800, выконваючы важную і адказную працу — нарыхтоўку кармоў. На яго рахунку — 20702 т кармоў у пераліку на зялёную масу.

Ужо не першы раз Сяргей Прымак, механізатар КСУП “Малінаўка-Агра”, уваходзіць у лік перадавікоў раённых спаборніцтваў. І гэта цалкам заслужанае прызнанне яго стараннасці і працоўных поспехаў. Ён, як кажуць, гарыць на працы, даражыць кожнай хвілінай. І, як вынік, — заўсёды ў лідэрах. У гэтым годзе Сяргей Сяргеевіч быў заняты на прэсаванні сена, з вынікам у 1111 т заняў першае месца.

 

 

 

Вадзіцель Міхаіл Мядзведзеў з КСУП “Малінаўка-Агра” свайму аўтамабілю мянушку “ластаўка” не дае, затое чыніць свой ГАЗ-35071 заўсёды сам, і за гэта яго жалезны памочнік адплачвае яму на-дзейнасцю і вернасцю.  Падчас бітвы за ўраджай Міхаіла Васільевіча ў гаражы не застаць, з першымі промнямі сонца і да позняй ночы ён калясіць па ўгоддзях роднай гаспадаркі. У цяперашнюю ўборачную кампанію вопытны аграрый апынуўся ў ліку пераможцаў раённага спаборніцтва, перавёз умоўна на сваім аўтамабілі 1750 т збожжа.

 

Пра Паўла Драздова ў КСУП “Малінаўка-Агра” гавораць як пра добрасумленнага, спагаднага напарніка і проста добрага чалавека, які заўсёды падтрымлівае тэхніку ў спраўным стане.  Аб яго стараннасці, дысцыплінаванасці, зацікаўленасці кажуць выніковыя лічбы. Механізатар унёс вялікі ўклад у вясенне-палявую кампанію. На пагрузчыку “Амкадор-342” ён пагрузіў 37552 т арганічных угнаенняў, пры выпрацоўцы на 1 умоўны трактар 571,4 эталонных гектар.

 

 

 

У сельскай гаспадарцы ўсе без выключэння прафесіі важныя і ганаровыя. Мабыць, няма ніводнай такой, якую можна было б назваць другараднай. І ўсё ж адной са значных называюць прафесію аператара зернесушыльнай устаноўкі. Яе і абраў работнік ААТ “Ураджайны” Сяргей Чуўюраў. Ён хварэе за сваю справу, у цяперашнюю ўборачную кампанію высушыў больш за ўсіх збожжа. На яго рахунку 4892 т.

 

 

 

Алена Ластаўка працуе аператарам па вырошчванні буйной жывёлы старэй шасцімесячнага ўзросту МТК “Малінаўка” не першы год. Вопыт, веданне тонкасцяў справы, выкананне патрабаванняў тэхналогіі дапамагаюць гэтай жанчыне працаваць вынікова. З пачатку года сярэднясутачнае прыбаўленне ў яе падапечных складала 497 г пры захаванасці 99%. Гэта больш любых слоў характарызуе яе як умелага і добрасумленнага работніка, які адносіцца да справы з душой.

 

 

Адны не ўяўляюць жыцця без песні, іншыя — без кніг. А вось жанчына з фотаздымка — без любові да жывёл. Марына Фядосенка працуе паяркай на жывёлагадоўчым комплексе ў ААТ “Каўпень-Агра”.
Працаўніца толк у справах сельскагаспадарчых ведае — за плячыма дзясяткі гадоў у жывёлагадоўлі. Ні для каго не сакрэт, што гэтую працу не назавеш лёгкай, таму што кожны раз трэба прачынацца з першымі пеўнямі, каб паспець зрабіць не толькі свае хатнія справы, але накарміць і выхадзіць маленькіх цялят. Цяжкай працы яе рукі не баяцца. Вынік гэтага — дадатак у вазе яе падапечных, які ў сярэднім за суткі склаў 967 г.

Ігар Пяшкун, механізатар ААТ “Ураджайны”, адносіцца да ліку тых, пра каго кажуць, што ім можна даверыць любую справу і быць упэўненым, што яна будзе выканана, як належыць. Працуе Ігар Анатольевіч на трактары “Фендт 724”. Для гэтай тэхнікі, як вядома, клопатаў і работ у гаспадарцы заўсёды хапае. Больш за 10 гадоў жыцця прысвяціў механізатар сваёй прафесіі. Напэўна, маючы такі багаж за плячыма, можна з упэўненасцю сказаць, што ён ведае кожны метр родных палёў. У цяперашнюю корманарыхтоўчую кампанію аграрый стаў лепшым на касьбе траў. Падчас веснавых і асенніх палявых работ ён заслужана трапіў у тройку пераможцаў раённых спаборніцтваў на ўнясенні мінеральных угнаенняў.

З добрым вынікам завяршыў гарачую пару механізатар ААТ “Каўпень-Агра” Ягор Гудкоўскі. Аграрый — у тройцы лідараў раённых спаборніцтваў на корманарыхтоўцы.
— Я нават не ўяўляю сябе летам без працы. У гаспадарцы больш за 10 гадоў, але сапраўдны працоўны стаж складае яшчэ і больш, бо ўжо са школьных гадоў падчас жніва працаваў памочнікам камбайнёра, — адзначае Ягор Віктаравіч. — За перадавымі намалотамі ніколі не ганюся. Неяк само сабой атрымліваецца.

 

 

Здавалася б, ну што можа быць складанага ў прафесіі трактарыста-машыніста? Але, калі зірнуць на яе скрозь прызму працоўных будняў, аказваецца, што і тут павінны быць важныя веды і гаспадарскі падыход. Дзмітрый Асадчы аб гэтым ведае, як ніхто іншы. У сельскай гаспадарцы ён больш за 25 гадоў.
Нягледзячы на пару года, мужчына на сваім трактары “Беларус-82” можа абайсці не адну сотню кіламетраў па палях сельгаспрадпрыемства. Тэхніка, якой кіруе дасведчаны агрырый, не новая, але беражлівыя адносіны да яе дазваляюць працаваць без збояў і выключыць слабае звяно ў ланцужку сельскагаспадарчых работ.

Кажучы аб прафесіі, механізатар ААТ “Ураджайны” Мікалай Коваль прызнаецца: пальцаў рук не хопіць, каб палічыць гады, аддадзеныя ёй. “Увесь час на адным месцы — у полі”, — жартуе ён.
Сапраўды, некалькі гадоў таму мы ўпершыню пазнаёміліся з Мікалаем Васільевічам менавіта ў полі, хоць чытачы раёнкі ведалі яго па публікацыях яшчэ раней. Тады на адным з участкаў ён сеяў азімыя на сваім новенькім “Фендт-936”. І сёння, праз чатыры гады, чалавек і тэхніка працуюць усё ў тым жа тандэме, і вельмі паспяхова.

 

 

Працоўны стаж Уладзіміра Кір’янцава, механізатара ААТ “Ураджайны”, налічвае болей 6 гадоў. Але якое значэнне мае гэтая лічба, калі чалавек хварэе душой за вытворчасць і імкнецца рабіць даручаную справу своечасова і якасна.
Яго абавязкі, як і ў многіх механізатараў гаспадаркі, змяняюцца ў залежнасці ад пары года: зімой ён падвозіць на ферму кармы або дастаўляе неабходныя для гаспадаркі грузы, вясной — заняты на падрыхтоўцы глебы, сяўбе, летам — возіць травы, убірае збожжа… Гэта падкрэслівае тое, што Уладзімір Фёдаравіч — адказны работнік, якому можна даверыць любую справу. Да нядаўняга часу ён дыскаваў і араў адведзеныя плошчы пад будучую сяўбу. У восеньскія дзянькі яго скарбонка дасягненняў папоўнілася 2432 га зямлі, гатовай прыняць і ўзгадаваць насенне.

Брыгадзір малочна-таварнай фермы “Крупейкі” ААТ “Каўпень-Агра” Алена Быкава пра сваю работу можа расказваць гадзінамі. Безумоўна, ёсць аб чым. У цяперашні час у падначаленні справядлівага кіраўніка — 15 чалавек. Гэта аператары машыннага даення, жывёлаводы, цялятнікі, слесары малакаправода. Працаваць з людзьмі нялёгка, ёсць свае асаблівасці, на якія трэба вучыцца правільна рэагаваць. Алена Міхайлаўна заўсёды выслухае чалавека, знойдзе патрэбныя словы і падыход. Жанчына, можна сказаць, жыве комплексам. Таму пацвярджэнне — якасць атрымліваемага натуральнага прадукту, а таксама званне лепшага брыгадзіра раёна. Акрамя гэтага, зусім нядаўна жанчына ўвайшла ў тройку пераможцаў і ў абласных спаборніцтвах.
— Вядома, гэтых добрых вынікаў удалося дасягнуць дзякуючы зладжанай сумеснай працы. Гэта якаснае і своечасовае кармленне жывёл, выкарыстанне неабходных кармавых дабавак, своечасовае лячэнне і прафілактыка захворванняў, адказнае стаўленне да працы калектыву, — адзначыла кіраўнік комплекса.

Сёння ў газеце мы распавялі толькі аб некаторых прадстаўніках гэтай нялёгкай галіны, дзякуючы якім жывуць і развіваюцца сельгаспрадпрыемствы. На самай справе іх нашмат больш. У нас не хапіла б старонак, каб напісаць пра кожнага з іх да прафесійнага свята. Хочацца не проста ад усёй душы павіншаваць людзей, якія сваёй працай ствараюць такія неабходныя і карысныя для нас прадукты, але і сказаць ім вялікі дзякуй за тое, што не шукаюць лёгкага хлеба, а аддаюць усе сілы і ўменні цяжкай і такой значнай працы. Моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і эканамічнай стабільнасці вам, дарагія працаўнікі вёскі!

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK