Жывуць на сяле, працуюць на зямлі

Усе прафесіі важныя … Але толькі ад працы гэтых людзей залежыць харчовая бяспека нашай дзяржавы. Адказныя, працаздольныя, усёй душой балеюць за сваю справу — менавіта так можна ахарактарызаваць тых, хто заняты ў сельскай гаспадарцы. І гэта не проста словы. Далёка не кожны зможа прысвяціць сваё жыццё цяжкай працы на зямлі.

 

Абласныя “Дажынкі” — гэта свята тых, хто паказаў лепшыя вынікі падчас уборачнай страды і не толькі. У ліку лепшых прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу Гомельшчыны і нашы землякі.

Уладзімір Мельнікаў  больш за 27 гадоў свайго жыцця прысвяціў працы ў жывёлагадоўлі. Звольніўшыся ў запас, ён вярнуўся ў родныя Ліпнякі, дзе ўладкаваўся ў мясцовае прадпрыемства трактарыстам. У той час на ферме не хапала мужчынскіх рук, і Уладзіміра Уладзіміравіча папрасілі дапамагчы даглядаць жывёлу, ненадоўга, усяго толькі на тры месяцы, а атрымалася на ўсё жыццё. Апошнія два гады ён працуе на малочнатаварным комплексе «Уборак».

Калі ў працы з цялятамі галоўнае — цярпенне, то ў аператараў машыннага даення — стараннасць.

Сёння іх праца ў нейкай меры палегчана прымяненнем даільных апаратаў, але гэта прафесія па-ранейшаму патрабуе фізічнай сілы, моцнага здароўя, любові да жывёл і вытрымкі. Менавіта такімі якасцямі валодае Алена Мельнікава.

У прафесію прыйшла адразу пасля школы. Потым выйшла замуж за маладога хлопца з Ліпнякоў. Ураджэнка Веліна ўладкавалася на мясцовы свінагадоўчы комплекс. Праз некалькі гадоў стала даяркай. Пасля закрыцця фермы Алена Мікалаеўна не пакінула любімую працу і перайшла на МТК «Уборак», дзе яе цёпла прынялі ў калектыве. Нездарма кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства добра распавядае пра працаўніцу. І справа тут не толькі ў вопыце і навыках. За вонкавым спакоем жанчыны хаваецца асаблівы характар, у ім спалучаюцца адказнасць, сабранасць, цярпенне і душэўнасць. І гэта адчуваюць навакольныя.

Алена Ластаўка  — аператар машыннага даення, на працягу многіх гадоў не губляе лідзіруючых пазіцый сярод даярак раёна. Вось ужо 30 гадоў жанчына працуе на МТФ «Каўпень». Доўгі час яна ўваходзіць у кагорту лепшых прадстаўнікоў галіны і часцяком папаўняе скарбонку дасягненняў граматамі і падзякамі. На Дошцы гонару Лоеўскага раёна яе фатаграфія знаходзілася сярод лепшых прадстаўнікоў усіх галін.

 

 

Аператар па вырошчванні буйной рагатай жывёлы да шасцімесячнага ўзросту Святлана Дзвініна  верная сваёй прафесіі шмат гадоў. Жанчына ні хвіліны не сядзіць без справы. Багаты вопыт работы ў жывёлагадоўлі дапамагае ёй дабівацца высокіх вынікаў. Яна заўсёды старанна сочыць за тым, каб цяляты былі накормленыя і дагледжаныя, засцерагае іх ад скразнякоў. Зрэшты, судзіць аб добрасумленным стаўленні да сваіх абавязкаў можна і па вытворчых паказчыках. У замацаванай за Святланай Рыгораўнай групе маладняку буйной рагатай жывёлы складае больш за 800 г.

Многім хлапчукам у дзяцінстве хочацца стаць камбайнёрам, каб бачыць, як рассцілаюцца залатыя дываны палёў, і пры гэтым кіраваць велізарнай машынай. З 13 гадоў героі нашай публікацыі спрабавалі свае сілы на гэтай ніве пад пільным кантролем дарослых. Калі паспелі праляцець 20 гадоў?..

З ранняга дзяцінства старэйшы камбайнер КСУП «Малінаўка-Агра» Мікалай Котаў (на здымку зправа) імкнуўся пасядзець з бацькам у кабіне камбайна, каб убачыць, як паласу за паласу машына “з’ядае” ўчасткі пасеваў.

Яго памочнік, малады аграрый, прадстаўнік вядомай на Лоеўшчыне дынастыі, Андрэй Маскаленка (на здымку злева) толькі пасля намалочаных некалькіх тысяч тон збожжа па-сапраўднаму зразумеў: быць камбайнёрам цяжка — спякота, пыл, паломкі, якія трэба ліквідаваць хутка і самастойна. Але, нягледзячы на гэта, за некалькі гадоў працы мужчыны прывыклі да напружанага рытму. На жніве яны забываюць аб стомленасці, усе думкі толькі аб тым, як хутчэй убраць вырашчаны ўраджай.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK