Яго вершы — люстэрка душы

Лоеўская зямля шчодрая і багатая на людзей, адданых сваёй справе, прызначэнне якіх дарыць людзям незабыўныя хвіліны радасці, захоўваць і развіваць лепшыя традыцыі рэгіёна. Як шкада, што імёны многіх з іх сталі гісторыяй…

Наш зямляк Уладзімір Бабраўнічы (на здымку) быў чалавекам асаблівага склада, каларытнай і непаўторнай фігурай на літаратурна-мастацкім небасхіле Лоеўшчыны. Ён працаваў і тварыў выключна па прызванні і натхненні. 8 лістапада мінуў год з таго дня, як яго не стала, але аднавяскоўцы, аднадумцы і калегі яго помняць і ганарацца, што побач з імі жыў і дзейнічаў такі выдатны чалавек. Напярэдадні памінальнай даты ва Уборкаўскім цэнтры культуры і вольнага часу адбыўся вечар яго памяці, арганізаваны работнікамі сельскай бібліятэкі і цэнтра культуры. Прысутнічалі на ім і госці з Лоева: члены клуба аматараў паэзіі “Звучащее слово”

— Іван Лямешка, Алесь Кукара і Мікалай Мельнічэнка. У гэты вечар гучалі вершы і сардэчныя словы пра таленавітага земляка. Павел Чыкаў прысвяціў свайму настаўніку і сябру песню, а на слайдах мультымедыйнай прэзентацыі былі паказаны яскравыя моманты жыцця паэта Уладзіміра Бабраўнічага…

Нарадзіўся Уладзімір Рыгоравіч у вёсцы Ваўкашанка Лоеўскага раёна 17 кастрычніка 1952 года ў простай сялянскай сям’і. Тое, што ў хлопчыка закладзены творчыя здольнасці, было зразумела з дзяцінства. Падчас вучобы ва Уборкаўскай сярэдняй школе ён актыўна займаўся выяўленчым мастацтвам. А ў 1968 годзе, будучы 15-гадовым юнаком, ужо стаў дыпламантам Рэспубліканскай выставы выяўленчага мастацтва ”Беларусь — мая песня!”.

Праз некалькі гадоў, у 1970-м, Уладзімір, як і ўсе выпускнікі, апынуўся перад выбарам прафесіі. Паступіўшы ў прафесійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў, ён завочна вучыўся ў Маскоўскім універсітэце ім. Н.К. Крупскай на аддзяленні жывапісу. Свае пачуцці і перажыванні малады мастак пераносіць на палотны, адлюстроўваючы на іх уласны настрой і стаўленне да жыцця. У выніку наш зямляк становіцца ўдзельнікам выстаў у горадзе Светлагорску як самадзейны мастак. Яго працы былі прызнаныя аднымі з лепшых на мерапрыемстве рэспубліканскага ўзроўню “Слава працы!”. У рэшце малады талент атрымаў ва ўзнагароду Ганаровую грамату.

З 1972 па 1974 гг. Уладзімір служыў у шэрагах Савецкай арміі. І тут знайшлося прымяненне яго творчым здольнасцям. Ён актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці і выступаў салістам вакальнага калектыву, пісаў вершы песень для эстраднага калектыву і інш. Словам, займаўся тым, да чаго ў яго сапраўды ляжала душа.

Пасля арміі некалькі гадоў Уладзімір працаваў мастаком Літоўскага прыборабудаўнічага аб’яднання “Вільма” г. Вільнюса. А ў 1975 годзе паступіў у вячэрнюю школу жывапісу пры тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе чатырохгадовы курс навучання прайшоў за два гады і паспяхова яе скончыў. У сценах школы наш зямляк пакінуў свой запамінальны след: там была арганізавана яго персанальная выстава акварэльных работ.

Насычанае і цікавае жыццё зрабіла з юнака дарослага мужчыну. Ужо ў 24 года ён вырашыў вярнуцца на Радзіму, зусім не шкадуючы, што далёкія гарызонты, пра якія ён так марыў з юнацтва, так і не сталі для яго домам.

1978 год быў кропкай адліку ў прафесійнай і творчай дзейнасці Уладзіміра Бабраўнічага на Лоеўшчыне — яго прызначылі на пасаду дырэктара Уборкаўскага сельскага дома культуры, дзе ён працаваў да самай пенсіі. Неўзабаве У. Бабраўнічы правёў прафесійную выставу сваіх работ у райцэнтры і быў узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК ЛКСМБ, пазней арганізаваў аматарскі клуб, які аб’яднаў народных умельцаў, майстроў, мастакоў і фатографаў. На яго базе ў 1998 годзе быў афіцыйна створаны Уборкаўскі цэнтр народных рамёстваў, якім да 2006 года кіраваў Уладзімір Рыгоравіч. У гэтым жа годзе ён быў вызначаны “Клубам года”. Сярод найбольш значных узнагарод у скарбонцы земляка былі граматы Вярхоўнага Савета СССР, ВЦ СПС, ЦК КПСС, ЦК ВЛКСМ і званне “Лепшы па прафесіі”, дыплом II ступені Міжнароднага харэаграфічнага конкурсу “Сожскі карагод” і інш.

Нават пайшоўшы на заслужаны адпачынак, Уладзімір Рыгоравіч працягваў займацца любімай справай, пісаў вершы, маляваў, быў актыўным удзельнікам мерапрыемстваў.
Разам з асноўнай дзейнасцю ён крочыў па сцежцы паэта, пісаў прыгожыя вершы, у якіх выплёскваў сваю любоў да роднага краю, захапляўся прыродай. Мясцовы паэт друкаваўся ў раёнцы, у газетах нафтавікоў, рэспубліканскіх выданнях, стаў сааўтарам калектыўных зборнікаў лоеўскіх аўтараў “Песні над Дняпром”, “Над хвалямі дняпроўскімі”. Убачыў свет і яго аўтарскі зборнік “Думкі, як мары”.

Безумоўна, знакамітыя словы “Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца” як раз пра Уладзіміра Бабраўнічага. На жаль, 8 лістапада 2021 года яго не стала. Але незгасальная памяць пра жыццё і творчасць гэтага чалавека будзе заставацца ў яго творах, сэрцах землякоў, родных і блізкіх, аб чым маўкліва сведчылі слёзы на вачах удзельнікаў вечара памяці.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK