Размова ў восеньскім лесе

Пасля доўгачаканага дажджу ў лесе з’явіўся багаты ўраджай грыбоў. Тады мы з мамай ды бабуляй, не бавячы час, пайшлі па надзейна грыбных мясцінах. Мінулася мо гадзіна, і нашы кошыкі напоўніліся пад самы верх. Усе задаволеныя. Можна, адшукаўшы месца, прысесці, каб падсілкавацца. А дзе адпачынак, тут не лішняя і гаворка.
— Як хораша ў лесе восенню, як жа я люблю вандраваць па ім на золку,  калі пасля праліўнога дажджу пахне грыбамі!  У траве  пад елачкай хаваюцца тоўсценькія баравікі, а зусім побач ружавеюць мокрыя сыраежкі, чырванеюць святочна апранутыя мухаморы. Быццам маленькія дзеткі, таўкуцца пад бярозкамі чорнагаловыя абабачкі, —  уздыхнуўшы прамовіла бабулька.
— А хіба можна пакінуць без увагі чараўніцу-восень: з лістападамі і непаўторнымі фарбамі лясоў, цёплымі тужлівымі дажджамі і вераснёўскімі вечарамі, калі ў паветры вітае пах горкага палыну, мёду і мяты?
— Не, бабуля. Самая прыгожая прырода ў светлую пару лета: з навальніцамі і спякотай, жнівеньскімі зорападамі, бяскрайнім жытнёвым морам і  жаўтавокай ноччу са светлячкамі.
Летняй раніцай вельмі прыемна палюбавацца ўзыходам сонца, пачуць бусліны клёкат і спеў жаўрука. Хораша пабываць на квітнеючым лузе і адпачыць на пясчаным беразе, пачуць шум бору і шапаценне калосся на ніве. Гэта ні з чым не параўнаць, — адказала я.
— А я з вамі не згодна, — рашуча заявіла матуля. — Вясна — самая  цудоўная пара года. Яна сімвалізуе сабой вечнае аднаўленне жыцця. З надыходам вясны ажываюць ў нашых душах даўнія мары і спядзяванні. Нам хочацца бясконца любавацца гэтым прачнуўшымся пасля доўгага зімовага сну наваколлем, любіць прыроду і шанаваць яе.
Усе змоўклі, кожны  думаў  аб сваім. Потым бабуля  дадала:
 —  На маю думку, у   прыродзе не існуе дрэннага надвор’я або пары года.  Нельга скідваць з рахунку зіму і белы снежань, які мяккім пухам апранае палі і лугі. Звернеш ў  лес  на адзін крок  ад дарогі, а там — нахіленыя пад цяжарам снегу сасновыя галіны, якія нібы ўклаліся на зімні адпачынак. Ды і сама прырода быццам заснула на імгненне і чакае свайго абуджэння. Ад гэтага пейзажу на душы  становіцца хораша і спакойна, адыходзіць  мітусня, усе дробязі жыцця. Люблю я таксама доўгімі зімовымі вечарамі сядзець каля грубачкі і плесці ўнукам панчошкі альбо чытаць. За акном на вуліцы скуголіць завіруха, сыпле дробненькі сняжок, а мне цёпла і  прыемна каля яскравага, гарачага агню.
… Што тут казаць, прырода жыве з людзьмі разам. Яна то тужлівая і змрочная, як доля чалавека, то светлая і радасная, як мары, спадзяванні на лепшую будучыню. Прырода і чалавек — гэта адно цэлае, іх нельга разглядаць па асобку, як і нельга сказаць, што лета прыгожае, а зіма не. Хараство прыроды павінна радаваць нас  увесь час, і ў нашых з ёй адносінах  можа быць толькі гармонія, бо зямля — гэта наша карміцелька, і мы абавязаны клапаціцца аб ёй.
З гэтым не паспрачаешся. Бабуля мае рацыю, яна мудрэй і шмат пабачыла на сваім вяку.
Я  паабяцала ёй, што наша пакаленне таксама будзе зберагаць  багацце роднага краю, якое дасталася нам ад продкаў, любіць прыроду і шанаваць.
Аліна МАТОРНАЯ,
студэнтка БДУ.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK