У Лоеве адбыўся раённы этап рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года»

nastaynikНа базе Лоеўскай сярэдняй школы ім. А.В. Казлова адбыўся раённы этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2017».
Спаборніцтва бліскучых розумаў, эрудыцыі, высокіх прафесійных якасцяў і талентаў, якое працягвалася больш за чатыры гадзіны, прыкавала погляды ўсіх гасцей свята, не даючы засумаваць ні секунды!
Прысутныя атрымалі задавальненне ад прагляду лепшых і крэатыўных работ у конкурсе «Відэасамапрадстаўленне», здзейснілі падарожжа ў займальны і творчы свет герояў вечара, у якім кожны ўдзельнік выказаў сваю індывідуальную канцэпцыю паспяховага навучання.
Напрыклад, Любоў Басянок, настаўнік нямецкай мовы раённай гімназіі, дае сваім вучням не толькі «багаж» ведаў, але і вучыць правільна ім карыстацца. Яе дэвіз: «Паўтарэнне — маці вучэння».
Наталля Бахонька, настаўнік пачатковых класаў Бывалькаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, умела выкарыстоўвае розныя віды гульнявой дзейнасці, эфектыўна ўжываючы інфармацыйныя тэхналогіі. На думку Наталлі Пятроўны, нуда на ўроку — смяротны грэх. Таму на дапамогу дзецям заўсёды прыходзяць віртуальныя героі з казак і любімых мультфільмаў, што значна павялічвае працаздольнасць хлопчыкаў і дзяўчынак.
Сакрэтамі паспяховага навучання падзялілася Людміла Краўчанка, настаўнік фізікі Суткоўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Закаханая ў працу і ў свой прадмет, Людміла Анатольеўна бачыць ва ўсім, што яе акружае, законы фізікі і кожны раз з вялікім натхненнем распавядае аб гэтым вучням. Адкрывае для іх цудоўны свет, поўны таямніц і загадак.
У тым, што ўдзельнікі конкурсу не толькі прафесіяналы сваёй справы, а і творчыя асобы са здаровым пачуццём гумару, пераканалі ўсіх Наталля Касцючэнка, выхавальнік яслей-сада №2 гарпасёлка, і Мікалай Горленка, настаўнік хіміі і біялогіі Чаплінскага дзіцячага сада-базавай школы.
У час майстар-класу кожны педагог дэманстраваў свой талент, цікавыя падыходы да навучання і наработкі.
У цёплай і вясёлай атмасферы свята прайшоў і фінальны этап — «Імправізацыя» на тэму: «Настаўнік (выхавальнік) учора, сёння, заўтра». Кожнае выказванне канкурсантаў змяшчала ў сабе глыбокі сэнс і адлюстроўвала шчырую любоў да сваёй прафесіі.
Хачу сказаць, што пачуццё захаплення не пакідала мяне ўвесь час. Цяжка было ўявіць, хто стане пераможцам. Загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т.І. Лагута і старшыня раённага камітэта работнікаў адукацыі і навукі А.Р. Давыдоўская выказалі словы падзякі настаўнікам за штодзённую, карпатлівую працу, прафесіяналізм і падкрэслілі высокі ўзровень падрыхтоўкі фіналістаў да конкурсу.
Па найбольшай колькасці набраных балаў лепшымі педагогамі сталі: у намінацыі «Настаўнік замежнай мовы» ― Л.В. Басянок, «Настаўнік фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, астраноміі» ― Л.А. Краўчанка, «Настаўнік пачатковых класаў» ― Н.П. Бахонька, «Выхавальнік установы дашкольнай адукацыі» ― Н.А. Касцючэнка. Яны атрымалі Ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і каштоўныя падарункі. Любоў Васільеўна дадаткова атрымала падарунак на памяць ад раённага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» за найлепшую падрыхтоўку вучняў да ўдзелу ў прадметных алімпіядах.
Пераможцы прадставяць раён на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў.
Вольга Крупейчанка, «ЛК».
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
VK
VK
OK