Асілак з Палесся на лоеўскай зямлі

Дакладна не магу ўжо сказаць, як у Лоеве называлася ў той час прадпрыемства па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, калі ў ім у 1977 годзе з’явіўся новы спецыяліст — Леанід Валер’янавіч Васюк, ураджэнец маленькай вёскі Боруск, што паблізу знакамітых Аўцюкоў у Калінкавіцкім раёне — сталіцы беларускага гумару. Рост яго быў крыху ніжэйшы за сярэдні, як кажуць, ладна скроены, моцна збіты. Праз нейкі час сям’я пераехала ў Хойніцкі раён. Палеская зямля давала моц і сілу хлопчыку, вучыла быць мудрым і знаходлівым.
Пасля школы юнак паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Ён шмат часу аддаваў спартыўным трэніроўкам, удзельнічаў у спаборніцтвах. На шляху студэнта трапіўся ўмелы трэнер па самба і дзюдо, і вучань аказаўся такім жа здольным і настойлівым. Пастаянныя паездкі, выступленні… Адны выкладчыкі да гэтага адносіліся больш паблажліва, іншыя не даравалі пропускаў лекцый і практычных заняткаў. Навёрстваць упушчанае ў вышэйшай навучальнай установе не так проста. Добра, што знайшоўся, як бы сказалі цяпер, спонсар — калгас імя Мічурына Бярэзінскага раёна, які назначыў студэнту стыпендыю. Туды і паехаў выпускнік, каб адпрацаваць выдзеленыя сродкі.
А ў Лоеве ён затрымаўся надоўга, можна сказаць, выпадкова. Ехаў на адно месца работы, а яму параілі занятак у нашым гарадку над Дняпром. Ён у райсельгастэхніцы ўзначальваў лінейна-мантажны ўчастак, які займаўся наладкай малочнага абсталявання ферм раёна. Пасля была праца ў райкаме партыі, камітэце па фізкультуры і спорце райвыканкама, кіраўніком райсельгасхіміі. А тады, калі толькі трапіў на Лоеўшчыну, прайшоўся па арганізацыях, прадпрыемствах, школах і прапанаваў свае паслугі трэнера па навучанні моладзі прыёмам самба і дзюдо. Мясцовыя кіраўнікі і спецыялісты неяк скептычна ўспрымалі гэтую прапанову. На шчасце Леаніда падтрымала дырэктар Лоеўскай сярэдняй школы № 1 (цяпер СШ імя А.В. Казлова) Н.Т. Маторная. “Лепш будзе, — сказала Надзея Трафімаўна, — калі дзеці не будуць бадзяцца пазавуголлю ў пошуках непрыемнасцяў, а змогуць займацца спортам”.
Для заняткаў было адведзена падвальнае памяшканне, амаль даверху засыпанае пяском. І пачалася нялёгкая работа. Будучыя самбісты і дзюдаісты ахвотна наведваліся сюды, каб выносіць наверх непатрэбны грунт. Замурзаныя, але шчаслівыя яны былі ад усведамлення свайго ўкладу ў агульную справу. Здабывалася ўсё Л.В. Васюком з цяжкасцю. Трэба было і машыну наняць, каб вывезці пясок, і знайсці інвентар, і сцены пенапластам абшыць, каб дзеці не траўміраваліся. Вучні на заняткі прыходзілі не ў спартыўнай форме, а ў тым адзенні, якое знаходзілі дома. Пазней, праўда, праз вобласць было набыта 20 камплектаў формы.
Тры, а то і чатыры разы на тыдзень праходзілі трэніроўкі, паступова адточвалася майстэрства. Усё трымалася на энтузіязме і энергіі Л.В. Васюка. Ён са сваіх сродкаў аплочваў абеды вучням, якія выязджалі на спаборніцтвы. Жонка Леаніда Валер’янавіча — Ганна Дзмітрыеўна, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 — падтрымлівала пачынанні мужа.
Трэба адзначыць, што і дасягненні былі значныя. Каманда з Лоева на выступленнях у вобласці займала прызавыя месцы. А выхаванец Леаніда Валер’янавіча — Уладзімір Пінчук — у сваёй вагавой катэгорыі браў і першае месца, калі выступаў у Светлагорску на першынстве Гомельшчыны. Ездзілі рабяты і на рэспубліканскія спаборніцтвы.
Менавіта ад Л.В. Васюка пайшло ў нашым раёне захапленне барацьбой. Для падрастаючага пакалення гэта было прэстыжным, цікавым заняткам. Ён вучыў выхаванцаў спасцігаць сакрэты барацьбы, выхоўваў імкненне да здаровага ладу жыцця. Былыя вучні трэнера сталі паважанымі і вядомымі людзьмі ў раёне і вобласці: У. М. Пінчук, начальнік выратавальнай станцыі ў Лоеве, А. А. Кукара, інспектар па прапагандзе раённага аддзела МЧС, Д.Д. Зураў стаў камандзірам палка патрульна-паставой службы міліцыі Гомельскай вобласці, а А. А. Бадроў працягвае справу свайго настаўніка, ён — трэнер па дзюдо дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, дзе разам з В.М. Хахловым умела перадаюць свае веды і навыкі падрастаючым пакаленням.
Займаўся Л.В. Васюк не толькі барацьбой, штангай, а і футболам, уваходзіў у каманды былога саўгаса “Лоеўскі” і райсельгастэхнікі. Леанід Валер’янавіч недаравальна рана пайшоў з жыцця. Ён быў чалавекам добрай і шчодрай душы і заўсёды перадаваў гэтую дабрыню іншым людзям.


М. Мельнічэнка, спартыўны балельшчык.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK