НЕ ЎСЕ ДА ВЯЛІКІХ ГАРАДОЎ ПРЫДАТНЫЯ

Пункт гледжання


Неяк раней у мяне зайшла размова з адной зямлячкай — чалавекам жывым, непаседлівым, па-свойму актыўным.


— Вось ты, Людміла, — звяртаюся да яе, — ужо каторы год жывеш у Мінску. Ёсць свая ўтульная кватэра, з работай усё ладзіцца, атрымліваеш, здаецца, няблага. За гэты час, што знаходзішся ў сталіцы, якія цікавыя фільмы паглядзела ў кіназалах, колькі наведала пастановак у драматычных тэатрах ці канцэртаў у філармоніі?


—А ніводнага нічога не бачыла, — прастадушна адказала жанчына. — Няма часу, каб траціць на розныя забавы…


Як расказала Людміла, разам з мужам яе кіпучая энергія была накіравана зусім на іншую справу — абнавіць, абставіць кухню. Што-небудзь пачуюць ад суседзяў або знаёмых, вычытаюць у часопісе ці газеце — і вось ужо збіраюць сродкі. Паходзяць па мэблевых магазінах — валакуць на кухню навейшыя гарнітуры і абсталяванне. Такім чынам праходзіў год за годам. Вось вам і сталіца, і духоўнае развіццё, і насычэнне інтэлекту! З такім жа поспехам мая былая суседка магла б прыжыцца ў любым горадзе, значна меншым за Мінск. Па яе спецыяльнасці занятак усюды знайшоўся б. Я прызнаю і разумею, што некаторым людзям кватэрная абстаноўка з цягам часу можа прыядацца, надакучаць. Але ж не да такой меры, каб яе штогод мяняць.


І хоць месцам нараджэння многіх маіх знаёмых, аднакласнікаў былі маленькія і буйныя вёскі, бачыў, якую энергію, прабітнасць праяўлялі гэтыя людзі, каб толькі трапіць жыць у вялікія гарады — Маскву, Мінск, Кіеў і іншыя. Гэта для іх было па-свойму ганарова і прэстыжна. І не заўсёды рабілі кар’еру, прыстасоўваліся звычайнымі шэранькімі мышкамі. Але даводзілася чуць ад іх родзічаў: “Дык наш жа сын (дачка, унук, пляменніца ці хто іншы) жывуць не абы дзе, а ў самой сталіцы!”. Пры гэтым не падкрэслівалася, што карыснага зрабіў названы нашчадак, калі яшчэ жыў у вёсцы або ў тым горадзе, куды трапіў, можа, не па ўласных здольнасцях, а дзякуючы нейкім сувязям, пратэкцыі. А кожны ж чалавек, асабліва ў маладым узросце, павінен вакол сябе ствараць рамантыку, займацца цікавымі справамі, карыснай для іншых дзейнасцю.


Іншы раз сустракаліся знаёмыя, якія засталіся жыць у вёсцы, але любілі наведаць горад, каб развеяцца, сагнаць з душы нейкую нуду. Іх не цікавяць ні музеі, ні драматычныя ці оперныя тэатры, ні філармоніі. Напіцца, пагуляць на поўную катушку — вось і ўвесь клопат.


Асабіста ж мне, асабліва ў сталым узросце, стала шкада таго, што ў студэнцкія гады не змог у належнай меры ўдыхнуць у сябе культурнае жыццё, насыціцца ім. На гэта былі свае прычыны. Не, я тады, у юнацтве, наведаў некалькі буйных гарадоў — Маскву, Ленінград, Кіеў, Адэсу, знаёміўся з карціннымі галерэямі, музеямі, помнікамі гісторыі і архітэктуры. Пабыў у Гомелі на пастаноўцы, у якой удзельнічаў вядомы ў Савецкім Саюзе артыст кіно Сяргей Філіпаў. Бачыў аперэту “Трамбіта”, захапляўся балетамі “Блакітны Дунай”, “Лебядзінае возера”. Быў на прадстаўленні цырка некалькі разоў. Давялося пачуць выступленні вядомых беларускіх спевакоў Мікалая Варвулева і Тамары Ніжнікавай, яшчэ некага рангам ніжэй. Глядзеў пастаноўку “Папараць­кветка” ў выкананні Мінскага тэатра юнага гледача. Узгадаць магу некалькі п’ес, якія паставілі артысты Гомельскага і Чарнігаўскага драматычных тэатраў. Быў на выступленні вядомага артыста Мікалая Яроменкі¬старэйшага, чуў творы знакамітага кампазітара Беларусі Рыгора Шырму.


Але ж усяго гэтага шчымліва мала, як я лічу. Я не змог паглядзець балет “Бахчысарайскі фантан”, праслухаць оперы “У пушчах Палесся”, “Вайна і мір”, “Іван Сусанін” і некаторыя іншыя. А як хацелася б пабачыць ужывую вядомых у Савецкім Саюзе артыстаў: Глебава, Платонава, Ржэцкую, Шмакава, Ціханава, Жарава, Пугаўкіна і іншых карыфеяў сцэны і кіно! Ведаю, на жаль, што гэтая мара цяпер ужо нязбытная, не здзейсніцца. Вы скажаце: а дзе сучаснаму студэнту знайсці час і сродкі, каб акунуцца ў культурнае жыццё? Ды пры вялікім жаданні многае можна ажыццявіць. Важна толькі дарма не марнаваць час, не траціць яго на пустыя і шкодныя забавы. Са сціплай студэнцкай стыпендыі, а таксама зарабляючы невялікія грошы на работах некаторых прадпрыемстваў і чыгуначнай дарогі Гомеля, мы складвалі рублі і такім чынам маглі здзейсніць паездку ў іншыя гарады, паглядзець тое, што загадзя запланавалі. Зрабіў для сябе выснову: вялікія мегаполісы — толькі для наведвання музеяў, тэатраў, знаёмства з помнікамі.


У вялікіх гарадах цяпер шум, чэргі, цесната, бензінавы пах. Невыпадкова людзі старэйшага ўзросту перабіраюцца жыць на дачы або ў меншыя гарады-спадарожнікі, дзе лягчэй дыхаецца. Не разумею, што так прыцягвае маладых у вялікія цэнтры. Жаданне зрабіць кар’еру, вырасці прафесійна? Дык многія з іх так і застаюцца на ўсё жыццё радавымі рабочымі на фабрыках, заводах, у фірмах.


Памятаю ў нечым адкрытую і шчырую размову аднаго са старэйшых ветэранаў вайны з больш маладзейшым служачым абслугоўваючай арганізацыі Лоева.


— І чаго вы так палохаецеся, баіцеся вясковага жыцця? Вось раней мяне паслалі ў мясцовасць бліжэй да хойніцкага Палесся. Шэсць гадоў адпрацаваў у глыбінцы — і нічога са мной не здарылася, ніякі чорт мяне не ўзяў!..


І хочацца поўнасцю згадзіцца з гэтым чалавекам, які многае пабачыў у сваім жыцці, і поўнасцю падтрымаць яго довады, мудрыя і пераканаўчыя, хоць і некалькі грубаватыя па выказванні.


М. МЕЛЬНІЧЭНКА, жыхар Лоева.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK