Чарнобыльская трагедыя ў беларускай літаратуры

25 гадоў аварыі на ЧАЭС


У ноч на 26 красавiка 1986 года здарылася буйная тэхнагенная катастрофа: выбухнуў чацвёрты блок Чарнобыльскай атамнай электрастанцыi. Аб «самай вялiкай трагедыi Чарнобыля — трагедыi Беларусi» пiсьменнiк Алесь Адамовiч адзiн з першых з трывогай сказаў у творы «Апакалiпсiс па графiку». «Радыяцыя — нябачны акупант», — ёмiста, трапна заўважыў Анатоль Грачанiкаў пра злавесную бяду.


А.Адамовiч, выступаючы ў Японii ў красавiку 1990 г., сказаў пра трагiчны разлом часу: «Да Чарнобыля i пасля Чарнобыля — гэта рознае светаадчуванне, гэта па-новаму небяспечныя шляхi чалавецтва ў будучыню».


Чарнобыльская катастрофа спарадзiла разбурэнне традыцыйнага ўкладу жыцця, хаос, абсурд, яна перасягнула межы чалавечай свядомасцi, разумовага i ўнутранага досведу. I як рэакцыя — зварот пiсьменнiкаў да ўмоўна-мастацкага ўвасаблення рэчаiснасцi.


Паводле падлiкаў, на чарнобыльскую тэму з’явiлася больш за 500 вершаў, каля двух дзесяткаў паэм: сярод iх такiя значныя творы як «Чорная быль» i «Зязюля», якiя ўвайшлi ў кнiгу «Чорны конь апакалiпсiса» Сяргея Законнiкава, «Одзiум» Янкi Сiпакова, больш за паўсотню твораў эпiчнай прозы i драматургii: раман «Злая зорка» i аповесць «Зона павышанай радыяцыi» Iвана Шамякiна, аповесцi «Родны кут» i «Еўка» Барыса Сачанкi, «Краем Белага шляху» Вiктара Карамазава, апавяданнi «Львы» Iвана Пташнiкава, «Гасцiнiца над Прыпяццю» Iвана Навуменкi, п’есы «Бездань» Мiколы Матукоўскага, «Хто вiнаваты», «Толькi мёртвыя не вяртаюцца» Iвана Чыгрынава, «Адцуранне» Аляксея Дударава i iншыя.


Кнiгi «Палескi смутак», «Бабчын», «Хойнiцкi сшытак» i «Замкнёны дом» Мiколы Мятлiцкага цалкам прысвечаны Чарнобылю.


Вершы i паэмы больш як 60 паэтаў уключаны ў зборнiк «Зорка Палын». Творы, якiя з’явiлiся пасля наведвання пiсьменнiкамi чарнобыльскiх мясцiн, склалi кнiгу «Прайсцi праз зону». Чарнобыльская трагедыя адлюстравана ў публiцыстычных i дакументальна-мастацкiх творах, сведчаннем гэтаму «Запiскi аб радыяцыi» Барыса Сачанкi, артыкулы Алеся Адамовiча з яго зборнiка «Апакалiпсiс па графiку», аповесцi «Сталi воды горкiя» Васiля Гiгевiча i Алега Чарнова, «Выбух над Прыпяццю» Алеся Крыгi i iншыя. У 1990 г. выйшаў зборнiк «Зона бяды» (укладальнiца Тамара Чабан). Паэт Мiкола Мятлiцкi склаў зборнiк публiцыстыкi «Чарнобыльская рана». Беларуская лiтаратура адлюстравала агульнанародную бяду i трагедыю асобнага чалавека з рэалiстычнай праўдзiвасцю, бязлiтасна-суровай дакументальнасцю. «Чарнобыльскую малiтву» Святланы Алексiевiч адносяць да лiтаратуры нон-фiкшн, гэта значыць непрыдуманай, дакументальнай па сваёй фактуры. Твор перакладзены больш чым на дваццаць моў, яго параўноўваюць з уздзеяннем шокатэрапii: настолькі моцнае ўражанне выклiкае прачытанае. Аўтарка «Чарнобыльскай малiтвы» атрымала прэстыжную еўрапейскую лiтаратурную прэмiю iмя Ёгана Готфрыда Гердэра, расійскую прэмiю «Трыумф», лiтаратурную прэмiю «Сведкi мiру».


У дзённiкавым жанры напiсаны «Чарнобыльскi сшытак» Нiны Рыбiк, а апавяданнi, якiя ўвайшлi ў кнiгу прозы «Права на адсяленне», грунтуюцца на ўласна ўбачаным i перажытым. «Пракляты Чарнобыль! Адкуль ты звалiўся на нашу галаву?» — разам са сваiмi героямi задае пытанне Леанiд Левановiч у рамане «Палыновы вецер». Iснаваннем у зоне выпрабоўвае сваiх герояў Васiль Быкаў у аповесцi «Воўчая яма». Успрымаючы Чарнобыльскую катастрофу як астранамiчную, глабальную з’яву, прыкладна гэтак жа выказаўся паэт Васiль Зуёнак у творы «Касмiчная вестка»: «I Чарнобыль весткаю касмiчнай стаў каля расчыненых дзвярэй…». Кнiгу лiрыкi Вiктара Вабiшчэвiча «Чорны боль» складаюць прачулыя маленнi за родны край. Невыпадкова свой верш Таiса Мельчанка назвала менавiта так: «Распад душы». Пiсьменнiкi ўсё больш адчуваюць пагрозу iншага Чарнобыля — духоўнага, i таму так устрывожана гучаць iх галасы.


Сёння лiтаратура, як i, напэўна, кожны з нас, задае пытанне, што можа ўратаваць, што дапаможа нам выжыць у паслячарнобыльскiм свеце: «А можа, нашае каханне пераможа гэтую чарнобыльскую пошасць?» (Леанiд Левановiч «Палыновы вецер»).


Але ж нягледзячы на скруху і трагiзм быцця, мацнее аптымiзм беларускай лiтаратуры: «О Беларусь, мая шыпшына… У ветры дзiкiм не загiнеш, Чарнобылем не зарасцеш». (Уладзiмiр Дубоўка).


Наша лiтаратура вынесла з Чарнобыльскай катастрофы важны гуманiстычны ўрок, пра што выдатна сказаў паэт Сяргей Законнiкаў у паэме «Чорная быль»: «Назiрк палыновае зоркi Змушае жыць свяцей i чысцей»; «… толькi ўласнае сумленне — І першы, i адзiны бог».


С. ШУМIГАЙ, бiблiёграф II катэгорыi ЦРБ.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK