У памяці назаўсёды

25 гадоў пасля Чарнобыля


Вясна заўсёды цешыць душу, нясе радасць, шчасце, надзею на лепшае. З кожнай вясной чалавек і ўсё, што знаходзіцца побач з ім, нараджаецца занава…


Вясна 1986 года прынесла боль, разбурэнне і знішчэнне. Трагедыяй ХХ-га стагоддзя назвалі падзею на Чарнобыльскай АЭС.


Я нарадзілася значна пазней, але аварыя, якая адбылася на атамнай электрастанцыі, мне добра знаёма: аб ёй нам расказвалі ў школе і дома, нават мой дзядуля прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў аварыі. Ён таксама шмат расказваў нам, сваім унукам, як былі пакінуты і занядбаны цэлыя гарады і вёскі, як пакутавала ўсё жывое…


І вось ужо мінула дваццаць пяць гадоў з таго часу. На маю думку, гэта значны адрэзак, чвэрць стагоддзя, і, здавалася б, што ўсё гора павінна забыцца, а ўсе раны, нанесеныя мірным атамам, загаіцца. Але, на вялікі жаль, не забылася і не загаілася, а глыбокай ранай баліць і баліць маёй роднай Беларусі.


Зусім нядаўна мне прыйшлося ехаць па так званай забруджанай зоне. Нельга перадаць той жах, які я адчула, калі ўбачыла цэлыя вёскі, што сустракалі нас шэрымі забруджанымі радыяцыяй хатамі з выбітымі шыбінамі акон і зарослымі пустазеллем дварамі. Здзіўленню майму не было мяжы. Я зразумела, што чуць аповеды і чытаць успаміны жыхароў — гэта адно, і зусім іншае — бачыць усё на свае вочы. Як жа жахліва на душы, нават і не верыцца, што некалі тут жылі людзі, бегалі шчаслівыя дзеткі, а кожную вясну пышна цвіў бэз і ў небе кружылі буслы. Проста немагчыма ўявіць сабе стан тых людзей, якія павінны былі пакінуць усё нажытае цэлымі пакаленнямі, развітацца з любімымі мясцінамі і ехаць на чужыну.


Няхай ніколі не паўторыцца больш такая бяда, няхай Чарнобыль так і застаецца “трагедыяй ХХ стагоддзя”.


Мы — маладыя, будучае нашай Бацькаўшчыны, павінны зберагчы зямлю з блакітнымі стужкамі рэк і азёраў, краіну белых буслоў і магутных зуброў для сваіх нашчадкаў на многія стагоддзі.


І няхай кожную вясну да нас прыходзяць шчасце, радасць і аднаўленне.


Аліна МАТОРНАЯ.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK