А. Еўстраценка: “ТОЛЬКІ ТКАЦЬ І НЕ ЎМЕЮ”

…А ўжо што датычыць іншых відаў старадаўняга жаночага майстэрства — вязання, пляцення кручком, вышыўкі гладдзю і крыжыкам, то тут былога бібліятэкара Аляксандру Іванаўну Еўстраценка можна лічыць сапраўдным спецыялістам.


Яе работ — вышытай бялізны, набожнікаў з танюткімі карункамі і нават цэлых карцін і ікон у гэтым доме проста не злічыць.


— І маці мая, і сястра, і хросная некалі вышывалі і вязалі, — усміхаецца жанчына, — яны і навучылі. А з часам гэтае захапленне настолькі зацягнула, што я ўжо і хвіліны вольнай без яго не высяджу. Зімой, праўда, магчымасцяў больш, але і зараз знаходжу хвілінку — палоць жа пакуль яшчэ не трэба. Нават калі серыялы гляджу, вышываю. А што? У твар ужо даўно ўсіх герояў ведаю, слухаю, што яны “балбочуць”, а вочы — у рабоце.


Гэтае сваё захапленне жанчына перадала і адной з дачок.


— Вось адна з яе першых вышывак, — усміхнулася Аляксандра Іванаўна і кіўнула на невялічкую сурвэтку з вышытай гладдзю кветачкай. Як аказалася, гэта не адзіная з дарагіх яе сэрцу работ. У шафе, пад вялізным стусам вышытых уласнаруч ручнікоў і бялізны, захоўваюцца і ручнікі маці А. Еўстраценка. І гледзячы на іх, на своеасаблівы арнамент, уласцівы старадаўнім вышыўкам чорна-чырвоны колер ўзораў, нібы адчуваеш дух тых часоў — наш, самабытны, беларускі, не падобны ні на які іншы. І становіцца неяк асабліва цёпла на душы — ад такой ашчаднасці нашых землякоў і іх любові да сваіх каранёў, да гісторыі нашай роднай Беларусі.


НА ЗДЫМКУ: Аляксандра Еўстраценка і яе вышыўкі.


Тэкст і фота Вольгі КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK