КОЛЬКІ БУДЗЕ ЯШЧЭ ВЁСКА БУДЗІШЧА?

Бывалькаўскі сельскі Савет


Якраз у гэтыя дні работнікамі Бывалькаўскага сельсавета рыхтуюцца дакументы на спісанне з пераліку населеных пунктаў раёна вёскі Добры Рог. Апошняга мясцовага жыхара даўно забралі да сябе дзеці. Ніводнага дома тут не засталося. Аб тым, што некалі ў гэтых мясцінах быў населены пункт, цяпер нагадвае хіба толькі дарожны ўказальнік з адпаведнай назвай… Хутка знікне і ён… І як доўга пасля мы, жыхары Лоеўшчыны, будзем памятаць пра Добры Рог, яго гісторыю, жыхароў?.. Сумна. Тым больш, што вёсачак з такім жа незайздросным лёсам і ў Бывалькаўскім, і ў іншых сельсаветах з кожным годам становіцца ўсё больш…


* * * БУДЗІШЧА. І гэты пасёлак таксама дажывае апошнія свае гадочкі. Колькі іх адмерана вёсцы? Адзін, пяць, болей?.. Пэўна ж, столькі, колькі засталося і самім жыхарам. А іх тут таксама на пальцах можна пералічыць.


Усяго, па словах старшыні Бывалькаўскага сельсавета С. Поўжыка, тут прапісана восем чалавек. Наведаўшыся ў Будзішча на днях, засталі ў вёсачцы толькі пяцярых: Ніну Сцяпанаўну Мельнік, Еўдакію Пятроўну Музычэнка, Варвару Манойлаўну Бычок, Кацярыну Іванаўну Музычэнка і Леаніда Іванавіча Шавыру. І толькі трое з іх плануюць зімаваць пад дахам родных хацінак, астатніх звычайна ў такі час да сябе забіраюць дзеці.


* * *


— Як маецеся? — пытаемся ў жанчынак, якія сабраліся разам у невялічкім доме В. Бычок, каб па-суседску падтрымаць аднавяскоўку (нядаўна ў жанчыны трагічна загінуў унук).


— Ды вось неяк маемся, — чуем у адказ.


І даведаўшыся, хто мы і з чым завіталі ў вёску, кожная запрашае да сябе, у сваю хату, бо гасцям, нават няпрошаным, тут заўсёды шчыра рады.


— Праходзьце, людзечкі, праходзьце, — ветліва запрашае спачатку ў двор, а пасля і ў дом Еўдакія Пятроўна Музычэнка. — Я так люблю, як хто да мяне заходзіць, хоць дзверы ў хату адчыняе. Сумна ў вёсцы стала…


Дворык у жанчыны невялічкі і, нягледзячы на познюю восень і замаразкі, нязвычна зялёны ад сакавітай муравы, а ад таго ўтульны і акуратны. Такім жа ўтульным, хоць і па-вясковаму простым і сціпла ўбраным, аказаўся і дом.


— Як цёпленька ў вас, — заўважаем гаспадыні, стараючыся хутчэй прычыніць за сабою дзверы.


— Яшчэ муж мой, нябожчык, дроўцаў нарыхтаваў. Пяты год зямельку парыць, а засталіся яшчэ, вось і палю грубку, грэюся, — уздыхае бабуля. І гэтак жа разважліва і нетаропка адказвае на нашы пытанні, успамінае сваю маладосць, вёску Будзішча — такой, якой была яна ў лепшыя свае часы, да і пасля вайны…


— Добрая вёска была, ой, добрая, — ківае галавой бабуля. — Да вайны столькі люду жыло тут — працавалі, зямельку абраблялі. Ды і пасля, як немца прагналі, тут яшчэ 38 двароў заставалася. Праўда, жылі ў іх у большасці сваёй удовы ды салдаткі. Але ж дзетачак ледзь не ў кожнай — па пяцёра, па шасцёра… Вось і лічы, галубка, колькі людзей было… Гэта пасля ўжо моладзь пачала на горад заглядвацца, лепшага жыцця шукаць. У вёсцы заставаліся толькі старыя. Вось і выйшла, што дажывае наша Будзішча. Як і мы. Балюча гэта, дзеткі, вельмі балюча…


Сама Еўдакія Пятроўна ўсё жыццё сваё звязала з роднымі мясцінамі.


— Бацька мой, — успамінае, — на фронце загінуў. Так што лічы з дзяцінства і сякера мая была, і каса мая. Усяму жыццё навучыла. І пасля, як замуж выйшла, удвох з мужам шмат і цяжка працавалі — і гаспадарку сваю трымалі, і агарод вялікі абраблялі — пяцёра ж дзетак вырасцілі, зараз 12 унукаў у мяне, столькі ж праўнукаў.


Ды і ў гаспадарцы таксама клопатаў хапала. Шмат гадоў Е. Музычэнка адпрацавала ў паляводстве, затым пошту насіла. І пра гэтыя часы таксама ўзгадвала ахвотна:


— Газет, карэспандэнцыі шмат выпісвалі. Ох і панасіла сумак. Зімой, здаралася, такія гурбы намятала, а я пехатой, з вялізнай кіпай газет, па калена ў снезе з Бывалек дабіралася — усякага, дзеткі, хапіла…


Таму пра цяпе-рашнія праблемы-цяжкасці жанчына і ўзгадваць не хацела. Зараз Еўдакія Пятроўна дабывае ў Будзішчы апошнія ў гэтым годзе дні — на зіму збіраецца да дачкі. Літаральна на днях яе павінны ўжо забраць у Лоеў.


— Добрыя дзеткі ў мяне выраслі. І ўнукі добрыя — глядзяць, не забываюць, — вочы бабулі, калі пра дзяцей узгадала, па-маладому зазіхацелі.


Відаць, і сапраўды не пакрыўджана яна блізкімі. І агародзік, хоць і невялічкі, дачка засадзіць дапамагла. І ў хацінцы тое-сёе падбяліць, падладзіць знайшла магчымасць. Вось і на зіму родныя бабулю адну не пакінулі — клічуць да сябе. Добра гэта. Так і павінна быць.


* * * Не першы год зімуе ў дачкі (у вёсцы Гарадок) і Ніна Сцяпанаўна Мельнік (на здымку).


— Шасцёра дзетак у мяне — тры дачкі і тры сыны, унукаў 17, а праўнукаў ужо і не прыпомню колькі — не злічыла, — смяецца жанчына. — Не забываюцца пра мяне, дапамагаюць. Сын вось дроў прывёз, пакалоў. Хутка да дачкі паеду.


Родам Ніна Сцяпанаўна не мясцовая, муж, Анатоль Якаўлевіч Мельнік, у Будзішча прывёз з суседняй вёскі, тут і пражыла больш за 50 гадоў, душой прыкіпела і да гэтай зямлі, і да людзей, вось толькі мала іх засталося. Зусім мала.


— А калісьці жыла вёска, гаспадарка моцная была, — уздыхае Н. Мельнік. — Муж мой даглядчыкам працаваў, сем год як яго няма. Я ж, калі ў дзеўках яшчэ была, малако вазіла, пасля ў брыгаду пайшла. А цяпер вось на пенсіі.


Нягледзячы на тое, што сённяшняе Будзішча — гэта толькі “жменька” дамоў на адной вуліцы, трымаюцца за вёску мясцовыя жыхары моцна. Не палохае іх ні адзінота, ні адсутнасць тых зручнасцей і выгод, якія ёсць у буйнейшых населеных пунктах, тых жа Бывальках, напрыклад. Прыязджае двойчы на тыдзень «аўталаўка» — і досыць.


— А што яшчэ нам патрэбна? — шчыра здзіўляюцца вяскоўцы.


І праўда, што? Свая вёска, свая хата, увага блізкіх людзей — і больш нічога. Таму і не дзіўна, што нават тыя з жанчынак, якія на зімку да дзяцей выбіраюцца, як толькі надыходзіць пара сеяць, вяртаюцца на сваю зямельку, каб і сілы ўсе, колькі іх яшчэ засталося, і час аддаваць роднай хацінцы, падворку, няхай і невялічкаму, але свайму агародчыку. Так было заўсёды. Так застаецца і зараз.


Вельмі непакоіўся пра лёс свайго прысядзібнага ўчастка Леанід Іванавіч Шавыра. Адразу было відаць, што пытанне гэтае яго цікавіла не проста так, а як сапраўднага гаспадара, які за 72 гады жыцця ў вёсцы звык думаць у першую чаргу пра яе, зямлю-карміцельку. Нягледзячы на ўзрост і не вельмі літасцівае да гэтага чалавека здароўе, не так даўно пенсіянер знайшоў магчымасць паднавіць электраправодку, адрамантаваць грубку — зімаваць збіраецца ў сваім доме, значыць і ўмовы павінны быць.


Стараюцца заставацца дбайнымі гаспадынямі ва ўласных хацінках і іншыя жыхары Будзішча. Кацярына Іванаўна Музычэнка трымае ў сваёй гаспадарцы курак, а Варвара Манойлаўна Бычок — яшчэ й козачак. Гэтымі клопатамі і бавяць час дзень за днём, а як выдаецца вольная хвілінка ці зусім ужо сумна становіцца ў сваёй хаце — ходзяць адна да адной у госці, а ў таго-сяго яшчэ і тэлевізар працуе. Вось і ўсе забавы.


А іншых выгод мясцовыя жыхары і не шукаюць — нічога не просяць, ні на што і ні на каго не скардзяцца. Проста жывуць у сваёй вёсцы — так, як дазваляюць ім узрост і здароўе, як звыклі за шмат гадоў, бо ведаюць, пакуль ёсць яны — будзе і Будзішча. Лёс у іх адзін.


Вольга КАЛЯДЗЕНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK