БАГАЦЦЕ ЗЯМЛІ БЕЛАРУСКАЙ

Родная старонка


Багацце. Якое яно?.. Золата, што зіхаціць, нібы сонечны прамень, ці рознакаляровыя брыльянты, а можа гэта грошы, якіх увесь час не хапае?.. Хтосьці скажа: “Не-е, багацце — гэта здароўе нашых дзетак і бацькоў, якіх мы вельмі любім, шануем і заўсёды павінны аберагаць”. Знойдзецца і той, хто будзе ўпэўнены, што багацце — гэта яшчэ і сукупнасць прыродных рэсурсаў нашай краіны. І зразумела, што кожны з нас сэнс гэтага слова разумее па-свойму, зыходзячы з уласнага вопыту, жыццёвых каштоўнасцей.


Але ж сярод людзей шаноўнага ўзросту, моладзі, працаўнікоў гаспадаркі і сацыяльнай сферы ёсць шмат тых, хто лічыць, што значэнне гэтага, на першы погляд, зразумелага слова ўвабрала ў сябе ўсе рэшткі нашага гістарычнага мінулага. Тое, з чым сутыкалася не адно пакаленне нашых продкаў. Для некага рэчы, якімі карысталіся ў даўніну, не маюць аніякай каштоўнасці, але ж ёсць і тыя, каго такія знаходкі не толькі прывабліваюць — яны ўвогуле збіраюць розныя экспанаты, ствараюць умовы для таго, каб гэткае “багацце” захаваць і ні ў якім разе не пашкодзіць. Сярод такіх людзей можна назваць і Валянціну Рагачову, жыхарку вёскі Ліпнякі.


Завітаўшы аднойчы ў вёску Уборак, мы зайшлі ў мясцовы сельсавет. Ад старшыні, Роберта Рызаева, даведаліся, што ва ўсіх справах яму заўсёды дапамагаюць вельмі добрыя і адданыя людзі, у тым ліку і Валянціна Антонаўна. Працуе жанчына загадчыцай мясцовага сельскага клуба і бібліятэкі, да таго ж з’яўляецца дэпутатам Уборкаўскага сельскага Савета. Але, нягледзячы на шматлікія клопаты, заўсёды знаходзіць час і для сваёй любімай справы.


З 1997 года Валянціна Антонаўна збірае розныя старажытныя рэчы, якія змяшчае ў міні-музеі “Беларуская хата”, створаным ёй у памяшканні сельскага клуба. Тут можна пабачыць тканыя ручнікі, вышытыя прыгожым арнаментам, абрусы, розныя прылады для гатавання ежы, адзенне, посцілкі, коўдры, сшытыя з маленькіх лапікаў тканіны і шмат чаго іншага. Знайшла месца тут і цікавая самаробная пастка для мышэй. А недзе ў кутку стаіць прыгожы куфар, якому больш за два стагоддзі, на стале — самавар ажно з 1825 года, які не пашкадавў аддаць у музей Іван Курдзясоў. Зацікавілі нас і пралка, і драўляныя ступы розных памераў, і многае іншае.


— А ці лёгка людзі адрывалі ад сэрца ўсё тое, што пакінулі ім іх бацькі, бабулі і дзядулі? — пацікавіліся мы ў Валянціны Антонаўны.


— Дзе там, — гаворыць жанчына. — Адны разумелі, што такім рэчам павінна быць месца толькі ў музеі, згаджаліся і аддавалі. Іншыя не… Канешне, дакараць тут нікому не будзеш, бо гэта справа кожнага, але адзначыць тых жыхароў, якія падарылі “Беларускай хаце” дарагія ім рэчы, пакінулі сваё “багацце” ў музеі, усё ж такі хочацца. Гэта Марыя Гаўрыльчук, Валянціна Курдзясова, Вольга Грышчанка, Раіса Бялова, Алена Баршчэўская. Сярод гэтых шчырых людзей ёсць таксама і Валянціна Лук’янава, якая перадала ў музей ільняны касцюм свайго бацькі. Дарэчы, зараз гэтаму аддзенню ўжо больш за сто гадоў. Цікавымі экспанатамі папоўніліся фонды музея дзякуючы Марыі Рагачовай і Галіне Мелюх. Я вельмі ўдзячна ўсім, хто дапамагаў мне ў гэтай добрай справе, і тым, хто наведвае наш музей, цікавіцца гісторыяй свайго роднага краю. І сёння, карыстаючыся магчымасцю, я запрашаю ў госці да нас усіх жадаючых. Упэўнена, вам будзе цікава. На здымку: Валянціна Рагачова, загадчыца Ліпнякоўскага сельскага клуба і бібліятэкі.


Тэкст і фота Марыі БУХАВЕЦ, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK