СУСТРЭЧА З БАЦЬКАЎШЧЫНАЙ

Талент — гэта уменне гарэць, бачыць ва ўсім магчымасць, а не перашкоду. Менавіта з такім адораным чалавекам, нашай зямлячкай, паэтэсай, празаікам, членам Саюза беларускіх пісьменнікаў Тамарай Аўсяннікавай адбылася сустрэча ў чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі з удзельнікамі клуба аматараў паэзіі «Гучальнае слова», членамі гуртка «Маладыя галасы» Лоеўскага педагагічнага каледжа, чытачамі бібліятэкі. Прысвячалася гэтая сустрэча Году кнігі.

Як паведаміла нам намеснік дырэктара Лоеўскай раённай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Т. Цімошчанка, накірункамі творчай дзейнасці Т. Аўсяннікавай з’яўляюцца паэзія, проза, публіцыстыка, літаратуразнаўства. Свой першы верш, які быў змешчаны ў школьнай газеце, яна напісала ў 11 год. А потым яе творы, у тым ліку і артыкулы аб творчасці Яўгеніі Янішчыц і Ніла Гілевіча, друкаваліся ў рэспубліканскіх і абласных перыядычных выданнях. Яна з’яўляецца аўтарам лекцый па тэорыі вершаскладання і аналізу паэтычных твораў.

Лірыка Тамары Аўсяннікавай рознабаковая па тэматыцы і па настрою. Яскравым увасабленнем таленту паэтэсы сталі яе тры зборнікі — «Ноты сэрца», «Лістапад гадоў», «Любачка». Зараз Тамара Пятроўна прымае ўдзел у падрыхтоўцы зборніка твораў Яўгеніі Янішчыц, з якой доўгі час сябравала.

У ходзе сустрэчы прысутныя змаглі пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам Тамары Аўсяннікавай. Нарадзілася яна ў вёсцы Сяўкі. Вучылася ў мясцовай васьмігадовай школе, потым у Малажынскай СШ. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала настаўніцай, бібліятэкарам, інжынерам, метадыстам. Атрымала другую вышэйшую адукацыю эканаміста, зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

Вершы і проза пранікнённа і замілавана гучалі падчас сустрэчы ў выкананні аўтара. У іх апісваліся дарагія, да болю знаёмыя карціны роднага краю, беларускай прыроды. Радкі яе вершаў перапоўнены любоўю, дабрынёй, спачуваннем, імкненнем жыць.

На працягу мерапрыемства паэтэса адказвала на пытанні прысутных, знаёмілася з творчасцю мясцовых паэтаў і празаікаў, такіх як Алесь Кукара, Мікалай Мельнічэнка, Галіна Сусла, Гелена Краўчанка, Ірына Новік. Наталля Кудраўцава выканала аўтарскія песні. Сустрэча прайшла ў цёплай, сяброўскай атмасферы. У адрас Тамары Пятроўны гучала шмат шчырых слоў удзячнасці за творчасць, якую яна падаравала аматарам паэзіі, чытачам бібліятэкі.

Запісала Святлана МІСАЧЭНКА, “ЛК”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK