ПАДАРОЖЖА Ў СІВУЮ ДАЎНІНУ

Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што створана талентам і працалюбствам продкаў, тое, што выяўляе нацыянальнае аблічча народа, яго душу, яго імкненні, тое, што мы і нашы нашчадкі павінны шанаваць і памнажаць.
Такой спадчынай для нас, беларусаў, з’яўляюцца наша мова, гісторыя, культура, а таксама матэрыяльныя каштоўнасці: адзенне, рушнікі, прылады працы — усё  тое, што ўжывалася ў побыце нашымі продкамі.   Дакрануцца душой да гэтага нацыянальнага багацця  зараз можна  толькі ў музеях.  Менавіта гэта і зрабілі навучэнцы 3 “Г” групы Лоеўскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа на ўроку “Я — грамадзянін  Рэспублікі Беларусь”.  «Машынай часу», якая дапамагла перанесці навучэнцаў  у  іншае стагоддзе  нашай гісторыі, стаў этнаграфічны пакой, які размешчаны ў інтэрнаце педкаледжа. Першае, што кінулася ў вочы пры ўваходзе, — гэта беларускае нацыянальнае адзенне. А дакладней — сарочкі, сукенкі, фартухі.
І сапраўды, яркім здабыткам нацыянальнай культуры Беларусі з’яўляецца народнае адзенне.  Сфарміраванае ў выніку доўгіх і складаных працэсаў развіцця культуры народа, яно больш, чым іншыя сферы побыту, адлюстроўвае нацыянальную спецыфіку беларусаў. Таму лічыцца, што пасля мовы народнае адзенне — найважнейшая этнічная прыкмета. Калі мы кажам «беларус, грузін, украінец, мексіканец», то абавязкова хочам уявіць, як ён выглядае, як апрануты.  Народ заўсёды ва ўсім з’яўляецца мастаком. Усякі выраб яго рук адухоўлены шчырасцю пачуццяў, расквечаны цікавай выдумкай. Пры гэтым ён практычна і эстэтычна апраўданы, пазбаўлены выпадковага, штучнага. Шмат у музеі драўляных  вырабаў і прылад  працы, а менавіта: ткацкі станок,  жорны, дзяжа, пранік, жлукта і інш. 
Як толькі зайшлі ў музей, склалася ўражанне, што сапраўды апынуліся ў драўлянай беларускай хаце. Так там усё з густам зроблена! Такому ўражанню паспрыяла і абстаноўка пакоя: драўляны ложак, канапа,  печ, посуд і святочна прыбраны кут. Між іншым трэба адзначыць, што кут у жыцці беларусаў заўсёды адыгрываў важную ролю.  На ім вісела святочна прыбраная ікона. Гаспадар хаты садзіўся за стол каля кута. Старажытнага беларуса ўсё жыццё суправаджалі розныя сімвалічныя рэчы: іконы, адзенне, прадметы побыту.
Так, свая цудоўная спадчына ў нашага  народа… Стагоддзямі, нягледзячы на цяжкія гістарычныя ўмовы, на ліхалецці войнаў, выраблялі беларусы ўзоры народнага мастацтва, у якіх увасаблялі свой эстэтычны ідэал, укладвалі тонкі густ і высокае майстэрства. Адыходзіла і гублялася многае — лёс не песціў беларусаў. Але і тое, што засталося, раскрывае перад нашымі сучаснікамі па-мастацку дзівосны, па-філасофску мудры свет народа. Вялікі дзякуй  Алене Паўлаўне — стваральніку гэтага пакоя, за яе працу. Цудоўна, што ёсць людзі, якія клапоцяцца аб гэтым.
Марыя ЛАЗЕБНАЯ,
навучэнка 3 “Г” групы.

Одна мысль о “ПАДАРОЖЖА Ў СІВУЮ ДАЎНІНУ

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK