Ганарымся беларускімі талентамі

poetka11 мая ў актавай зале Лоеўскага педагагічнага каледжа адбылася сустрэча навучэнцаў, членаў аб’яднання “Літаратурная гасцёўня”, якім кіруе Г.В. Пякарская, знакамітых паэтаў-землякоў А.У. Кукары і І.І. Лямешкі з паэтэсай, членам Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцінай Дзмітрыеўнай ОСІПАВАЙ.
Размова прайшла проста і добразычліва, юнакі і дзяўчаты з захапленнем слухалі паэтэсу.
Нарадзілася яна ў вёсцы Абакумы. Успамінаючы дзяцінства, Валянціна Дзмітрыеўна расказала, што вельмі любіла мастацкую літаратуру. У тыя далёкія гады добрая кніга з’яўлялася вялікім скарбам. І, на шчасце, у іх сельскай бібліятэцы можна было ўзяць творы савецкіх і замежных класікаў. Чытала запоем, таму што карыстанне кнігамі было абмежавана часам.
З пачуццём павагі і любові распавяла жанчына пра бацьку, прайшоўшага доўгі шлях вайны, пра старэйшую сястру, якой яна многім у сваім жыцці абавязана. Дэкламавала паэтка вершы, прысвечаныя сваім дзецям.
Валянціна Дзмітрыеўна Осіпава лічыць, што беларусы з’яўляюцца нацыяй паэтаў. І ў наш час, калі ва ўсім свеце пануюць ідэі глабалізацыі, не знікае інтарэс да літаратуры, да паэзіі. Хаця сама жанчына ішла да сваёй мэты паступова. Закончыла яна Магілёўскі тэхналагічны інстытут, а вось першы верш напісала толькі ў 35 гадоў. Тады менавіта і зразумела, што гэта справа яе жыцця. Нездарма яшчэ Піфагор пісаў, што пачатак — гэта палова справы. А далей адкрыўся талент: за 4 гады было надрукавана больш 400 вершаў, якія зачароўвалі душы чытачоў, праходзілі праз сэрцы і пачуцці. Яна чытала, спявала, адказвала на пытанні. Прысутных у зале крануў самы кароценькі верш паэтэсы:
Усе дарогі вядуць у храм.
Усе дарогі вядуць да мам.
На развітанне Валянціна Дзмітрыеўна пажадала будучым настаўнікам верыць у сябе, ставіць мэты, упэўнена, паступова і цярпліва дабівацца іх выканання, заўжды памятаць словы Чэрчыля: “Ніколі! Ніколі! Ніколі не здавайцеся!”
Удзячныя навучэнцы: Ганна Арлова, Мікалай Бузько, Наталля Лапухіна, Анастасія Асташонак, Аліна Драгун, не хаваючы хвалявання, чыталі свае першыя вершы члену Саюза беларускіх пісьменнікаў, якая падарыла каледжу кнігі, а актыўным удзельнікам бяседы — паштоўкі.
Паступова апусцела зала. Каля стала засталіся аматары пяра, знакамітыя пісьменнікі Лоеўшчыны. Яны чыталі свае творы, выказвалі меркаванні, дзяліліся планамі на будучае. Іх яднае любоў да літаратуры, роднай зямлі, нашай Беларусі.
Наталля Апанасенка, “ЛК”.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK