Бліжэй да зорак

Лоеўшчына! Яна не толькі захапляе сваёй прыгажосцю і экзатычнасцю, але і багаццем чалавечых пачуццяў, інтэлектам, творчасцю, уменнем. Нядаўна на небасхіле культуры Беларусі яскрава заззяла новая зорка, імя якой Віталь КРАЎЧАНКА, малады рэжысёр, акцёр тэатру і кіно, наш зямляк, выпускнік сярэдняй школы імя А.В. Казлова.
У ліпені ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры пры поўных залах прайшла прэм’ера яго спектакля “Метад” (па сусветна вядомай п’есе іспанскага драматурга Жардзі Гальсерана). Як зазначаюць крытыкі, сучасны, востры падыход маладого рэжысёра праяўляецца ва ўсім: і ў выбары п’есы, якая да гэтага часу не ставілася ні ў адным тэатры Беларусі, і ў спосабе акцёрскага існавання, і ў вобразнай сцэнаграфіі. Зала і сцэнічныя падмосткі ператвараюцца ў фокус-пакой, дзе чатыры персанажы праходзяць выпрабаванні на прэстыжную пасаду ў буйной фірме. Каб стаць ідэальным кандыдатам з вялікім заробкам, трэба адмовіцца ад усяго чалавечага ў сабе, пераступіць маральныя межы. Працэдура адбору ператвараецца ў жорсткае псіхалагічнае катаванне. Праца Віталі Краўчанкі выклікае павагу гледачоў і крытыкаў тонкай псіхалагічнай партытурай, складанай пабудовай драмы, якія змушаюць думаць і прачытваюць гісторыю як на інтэлектуальным, так і на эмацыйным узроўні.
Мы звязаліся з Віталем Краўчанкам па тэлефоне і папрасілі адказаць на некалькі пытанняў.
— Ці памятаеце Вы, калі ўпершыню сустрэліся з тэатрам? Як гэта было?
— Было гэта ў 1997 годзе. Запрасілі мяне ў Лоеўскі РДК выканаць ролю Мядзведзя (без слоў у навагоднім ранішніку). Так я і застаўся ў драматычным гуртку. Пасля ўжо нават узначаліў як рэжысёр народны тэатр “Адлюстраванне”. А з прафесійным тэатрам сустрэўся, калі не памыляюся, у 99-м. Пазнаёміўся з народнай артысткай Беларусі Нінай Аляксееўнай Карнеевай з Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, і яна для мяне адкрыла іншы свет. Перад гэтым я ў бібліятэцы ўбачыў яе кнігу “Театр в моей жизни”, прачытаў і быў так уражаны, што неадкладна паведаміў ёй пра гэта. Нечаканасцю стаў яе адказ з запрашэннем у Гомель. Так у маім жыцці з’явіўся фантастычны сябра (хаця мне было тады 14 ці 15 гадоў, а ёй — ужо за 75) і знаёмства з прафесійнай сцэнай. Я ездзіў на спектаклі, Ніна Аляксееўна вадзіла мяне па закуліссі, знаёміла з артыстамі, бываў я ў яе дома. А пасля дзякуючы гэтаму чалавеку і кіраўніку культустановы Валянціне Георгіеўне Рагоўскай крыху займаўся ў студыі і нават першы раз паступаў на акцёрскае майстэрства ад Гомельскага тэатра.
— Рэжысура — для Вас гэта прыступка прафесійнага росту або частка жыцця?
— Прафесійны рост і ёсць частка жыцця творчага ды і любога чалавека. Рэжысура, безумоўна, адна з гэтых прыступак. А калі ўлічыць, што я да яе так доўга ішоў, то гэта і ёсць жыццё.
— Ці былі цяжкасці ў акцёрскім жыцці, сумненні, жаданне змяніць прафесію?
— Безумоўна. Калі першы раз не паступіў (за што сёння вельмі ўдзячны Космасу), то думаў, што я бездар, што ніколі не быць мне акцёрам. І падчас вучобы ў Акадэміі прыгняталі бясконцыя сумневы, жаданне ўсё кінуць, думкі аб тым, што абраў не сваю прафесію, аб пераводзе на рэжысуру. Не пакідала ваганне, калі я працаваў у тэатры. Акцёрская прафесія вельмі залежная: ад абставінаў, выпадку, рэжысёра, яго густу і шмат яшчэ ад якіх момантаў. Гэта праявы слабасці і страху. З цягам часу яны праходзяць. Мой вольналюбівы характар не заўсёды паддаваўся ўстаноўленым правілам гульні. Таму і пакінуў тэатр як акцёр. Хаця граў немаленькія ролі, і за ўвесь час у Горкаўскім тэатры быў заняты ў масоўцы толькі два ці тры разы. Але змянілася мастацкае кіраўніцтва ўстановы, і мы не знайшлі агульнай мовы. Гэта таксама нармальна, такое здараецца. Я не люблю марнаваць свой час і жыццё на тое, што мне не падабаецца. Пагэтаму і давялося развітацца. Папрацаваў у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, але зразумеў, што лялькі — не маё. І таксама спакойна сыйшоў. Калі былі застоі ў тэатры і кіно, заўсёды паратункам для мяне з’яўлялася радыё. З ім я звязаны і да сёння. Атрымліваецца, што засвоіў яшчэ адну прафесію — радыёжурналіста. Але калі б давялося выбіраць: тэатр альбо радыё, то абраў бы, адназначна, тэатр.
— Які Ваш творчы дэвіз?
— Няма ў мяне ніякага дэвізу. Толькі ведаю, што для таго, каб быць заўтра, трэба быць і працаваць сёння. Гэта дазваляе рухацца наперад і не спыняцца.
— Вы малады і дзёрзкі, творчы і амбіцыйны, крэатыўны і непрадказальны. Выбіраючы спектакль, чым кіраваліся? Адгадаць патрэбы гледача? Атрымаць папулярнасць і прызнанне? Паспрабаваць нешта змяніць у гэтым свеце? Ці Вам проста хацелася дастукацца да сэрцаў тых, хто ходзіць побач, шукае выйсце і паступова забывае пра сумленнасць, чалавечы гонар.
— Пытанне выбару матэрыялу для будучага спектакля — заўсёды складаны працэс. Для мяне павінны сыйсціся ў адно некалькі складнікаў. Адзін з іх, напрыклад, гэта мова аўтара (маю на ўвазе стыль). Бо часам чытаеш п’есу — і гісторыя нібы актуальная, а праз слова — лаянка альбо слэнг. Гэта сёння модна, на жаль. Але не для мяне. Па-другое, матэрыял павінен адгукацца ў сэрцы, націскаць на болевыя кропкі, якія хвалююць. Па-трэцяе, патрэбна зачапіць і гледача актуальнай тэмай, спалучальнай з днём сённяшнім, нават калі і напісана 200 гадоў таму. Яшчэ мой майстар, у якога я вучыўся рэжысуры, Мікалай Пінігін казаў: “Задума спектакля нараджаецца ў глядзельнай зале”. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Тэатр не ў стане нешта змяніць. Але калі чалавек выходзіць з тэатра з нейкай думкай, спрабуе асэнсаваць убачанае і спалучыць з тым, чым і як ён сёння жыве, — тады я радуюся. Любы вынік — гэта вынік. Нават калі чалавек адмоўна паставіўся да спектакля. У яго на тое ёсць свае прычыны. Магчыма, ён не можа адкрыцца, таму што бачыць, альбо прызнаць, што на сцэне — яго прататыпы, альбо гісторыя адлюстроўвае яго жыццё. Мне хочацца размаўляць з гледачом, весці з ім дыялог аб тым, што ўсіх нас хвалюе ў большай ці меньшай ступені. Тэатр дае магчымасць дыялогу, у якім кожны мае права на ананімнасць.
— Дарэчы, што для Вас значаць словы “гонар”, “годнасць”, “чалавечнасць”?
— Я нарадзіўся на скрыжаванні эпох у час бясконцых зменаў і падменаў паняццяў. Мне здаецца, маё пакаленне яшчэ доўга будзе спрабаваць знайсці адказ на пытанне “А што гэта?”. Я пакуль у пошуку адказу. Мы існуем у час глабальнага спажывання. І, здараецца, сёння пад маскамі гонару, годнасці, чалавечнасці, сяброўства хаваецца толькі спажывецкая мэта. Даводзілася абпякацца. Таму ў мяне пакуль пераасэнсаванне гэтых паняццяў адбываецца. Магчыма, калі сустрэнемся наступным разам, я змагу дакладна адказаць на гэтае пытанне.
— Сёння можна смела канстатаваць, што пастаноўка Вашага спектакля стала аншлагавай. Вы былі ўпэўненыя ў поспеху ці ўсё ж мелі месца сумневы? Рызыка ж прысутнічае заўсёды.
— Сапраўды, рызыка — гэта тое, што суправаджае рэжысёра кожны раз, як толькі ён абраў той ці іншы матэрыял, пачынае знаёмства з новай для сябе трупай. Я не ведаю рэжысёраў, якія адразу ўпэўненыя ў поспеху. Мне да апошняга здаецца, што я нешта раблю не так. Увесь час хочацца многае перарабіць. Але з трэцім званком спектакль больш не належыць рэжысёру. Ён пачынае жыць сваім жыццём, і гаспадары гэтага жыцця — акцёры і гледачы. А поспех… Гэта паняцце адноснае. Добра, што спектакль прыйшоўся да спадобы гледачу, і мой, і акцёрскі мэсэдж дайшоў да яго. Але, калі заўтра глядач не прагаласуе рублём за спектакль, калі ён паўстане перад выбарам “кавалак каўбасы альбо паход у тэатр” і абярэ кавалак каўбасы, поспеху не будзе. І я яго зразумею ў гэтым выбары. На жаль, даводзіцца канстатаваць такі факт.
— Аналізуючы пройдзены Вамі творчы шлях, міжволі напрошваецца пытанне: Вы патрыёт сваёй Радзімы? Чаму госці Вашага эфіру “Бліжэй да зорак” размаўляюць толькі на беларускай мове?
— Сёння паняцце “патрыёт” крыху скасабочанае. Мне б хацелася рабіць усё магчымае, каб не трэба было нічым ахвяраваць дзеля таго, каб даказваць, як ты любіш свой край, сваю зямлю, якая разам з тваёй маці дала табе жыццё. Мне аднойчы падалося, што больш не магу дыхаць у Беларусі, што мала месца, што Радзіма выкідвае мяне. Я сеў у цягнік і з’ехаў у Чэхію. У Празе пражыў паўгода. Назіраючы за тым, як чэхі любяць сваю мову, культуру, як цэняць свае нацыянальныя здабыткі, зразумеў, што чужы там і чужым застануся, калі не з’еду дадому, дзе ўсё роднае. Вярнуўшыся ў Беларусь, я пайшоў на Радыё “Сталіца”, бо гэта адзіная беларускамоўная дзяржаўная радыёстанцыя ў краіне. І адзін з праектаў, які прапанаваў — гэта праграма “Бліжэй да зорак”, дзе абавязковая ўмова пры выбары госця — чалавек, народжаны ў Беларусі, які размаўляе на роднай мове. Каб паказаць (нават, у нейкай ступені, зламаць стэрэатып), што ў нас шмат таленавітых беларусаў, якія нясуць менавіта беларускае, а не калькаванае з расійскіх тэлеканалаў мастацтва ў масы, якія любяць сваё і сваім прыкладам зараджаюць на гэта іншых. Больш за 180 перадач (адпаведна, больш за 180 гасцей) у прамым эфіры. І ўсё па-беларуску. Акцёры, мастакі, рэжысёры, спевакі, спартсмены, праграмісты… Праграма жыве чацвёрты год. Пра што гэта гаворыць?
— Якога чалавека можаце назваць сваім сябрам?
— Сябра — той, хто побач. Нягледзячы на абставіны і сітуацыі. Нават калі на адлегласці, але побач.
— Якія якасці ў людзях прыцягваюць?
— Шчырасць і жаданне быць (жыць)!
— Што для Вас значыць каханне?
— Як добра, што ў беларускай мове ёсць і любоў, і каханне… Адкажу радкамі з верша Яўгеніі Янішчыц: “Пачынаецца ўсё з любві. А інакш і жыць немагчыма”.
— Лепшая парада, якую Вы калі-небудзь атрымлівалі?
— Не люблю парады, каб не было каго пасля вінаваціць у сваім выбары.
— Што б Вы хацелі пажадаць сваім землякам?
— Мне часам даводзіцца чуць ад землякоў: “Мы правінцыя…” і г.д. Даражэнькія, правінцыя не на квадратных метрах, яна — у галовах. Выкіньце гэтыя думкі. Узгадайце бітву пад Лоевам (1649 год), успомніце, што кожны дзень ходзіце па легендарнай зямлі, палітай крывёю. І, урэшце, ведайце: тапонім “Лоеў” утварыўся ад асабістага імя Лой, першапачатковы сэнс якога — тоўсты, поўны, грузны. Будзьма ж поўнымі ва ўсіх сэнсах: у здароўі, дабрачыннасці, сумленні, шчырасці, уменні берагчы і прабачаць…
А мы жадаем Віталю творчых поспехаў і здзяйснення ўсіх планаў!
Наталля Апанасенка, “ЛК”.
Фота Паўла Міцкевіча і Яўгена Чарняўскага.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK