Да 500-годдзя кнігадрукавання

У год 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання нельга не згадаць пра дыялектную мову. Менавіта яна стала асновай для фарміравання беларускага пісьменства. Больш таго, многія аўтары шчодра аздаблялі свае творы моўнымі залацінкамі роднай мясцовасці. Цікава і тое, што ў Беларусі склалася такая моўная сітуацыя, што нярэдка не толькі ў розных раёнах, але і нават у двух баках адной і той жа вёскі людзі могуць размаўляць па-рознаму.
Мне пашчасціла некалькі разоў у 80-90-я гг. мінулага стагоддзя ўдзельнічаць у дыялекталагічных экспедыцыях. Мы запісвалі ад старажылаў розных мясцовасцей Бацькаўшчыны гэтыя каштоўныя залацінкі народнай мовы, знаёміліся з укладам жыцця і быту ў многіх рэгіёнах. Занатовак хапіла на некалькі сшыткаў. А гэта ўсё бессмяротнае багацце нашай спадчыны, якое можа беззваротна знікнуць разам з апошнімі старажыламі зямлі роднай. Таму сёння хочацца яшчэ раз звярнуцца да маладога пакалення: часцей сустракайцеся з шаноўнымі землякамі, занатоўвайце іх жыццёвую мудрасць і моўныя багацці.
На шчасце, дыялектнай эстэтыцы і красамоўству нам ёсць у каго павучыцца. Шмат дыялектызмаў запісаў ураджэнец вёсачкі Лаша Гродзенскага павета Яўхім Карскі. Ён падрыхтаваў “Праграму для збору асаблівацей беларускіх гаворак” (1897 і 1916), якая не страціла сваёй актуальнасці і ў наш час. Скрупулёзна вывучаў беларускія гаворкі ў час камандзіровак, асабліва на Гродзеншчыне, Віленшчыне, Міншчыне.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Інстытутам мовазнаўства АН Беларусі сумесна з ВНУ рэспублікі было арганізавана падрабязнае і сістэматычнае вывучэнне гаворак. На падставе сабраных матэрыялаў быў складзены «Дыялектычны атлас беларускай мовы» (1963), а затым “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” (1993-98).
Традыцыйна вылучаюцца асноўныя групы дыялектаў: паўночна-ўсходні — Віцебшчына, паўночны ўсход і цэнтральная частка Магілёўшчыны; віцебская група — усход Віцебшчыны; полацкая група — заходняя і цэнтральная часткі Віцебшчыны і паўночны захад Магілёўшчыны; усходне-магілёўская — усход і частка цэнтра Магілёўшчыны; сярэднебеларускія дыялекты — паласа праз поўнач Гродзеншчыны, цэнтр Міншчыны, паўднёвы захад Магілёўшчыны і паўночны ўсход Гомельшчыны; паўднёва-заходні дыялект — Гродзеншчына, поўдзень Міншчыны і Гомельшчыны; гродзенска-баранавіцкая група — Гродзеншчына і поўнач Брэстчыны; слуцкая група — поўдзень і паўднёвы ўсход Міншчыны, Гомельшчыны; мазырская група — поўдзень Гомельшчыны; палеская група — паўднёвы захад Брэстчыны.
Шмат для вывучэння палескіх гаворак зрабіла Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства “Загароддзе”. Мне пашчасціла прысутнічаць у Мінску на адным з яго пасяджэнняў. Багаты дыялектны збор быў змешчаны ў выпусках выдання «Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні», пачатак якога як перыядычнага выдання быў пакладзены ў 2010 г.
Трэба сказаць, што не толькі вучоныя, энтузіясты роднага слова, патрыёты сваёй мясцовасці, але і пісьменнікі лічылі неабходным занатоўваць гаваркія слоўцы сваёй мясцовасці. Гэтай высакароднай справе сёння дапамагае інтэрнэт, выходзяць электронныя выданні. Так што інтэрнэт-прастора сёння шырока адкрыта і для рупліўцаў матчынай мовы — нашчадкі потым скажуць дзякуй!
З павагай, Канстанцін Сцяпанавіч Карнялюк,
педагог.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK