З клопатам пра ўраджай

DSC07560Жніво паклікала не толькі камбайнёраў і вадзіцеляў, але і тых, хто займаецца дапрацоўкай ураджаю на зернесушыльных комплексах. У КСУП «Ураджайны» ЗСК-30 (аг. Уборак) абслугоўвае аператар Аляксандр БАРАНАЎ (на здымку).
У сельгаспрадпрыемства мужчына прыйшоў пасля атрымання спецыяльнасці электрыка ў Гомельскім электратэхнічным каледжы. На зернесушыльным комплексе працуе ўжо чацвёрты сезон.
Уключэнне і выключэнне сушыльнай устаноўкі, рэгуляванне рэжыму яе работы і рамонт ― вось пералік работ, якія выконвае Аляксандр. Вядома, абслугоўваць такую тэхніку аднаму нялёгка, і працаўніку дапамагае вопытны аператар Іван Курдзясоў. Разам яны кругласутачна дасушваюць “золата палёў” перад адпраўкай у збожжасховішчы і на камбінаты хлебапрадуктаў. “Як бы ні было цяжка, ёсць важнае слова: “Трэба”. Зерне неабходна правільна зберагаць: чысціць, сушыць да належнай вільготнасці. Таму мы з напарнікам робім усё магчымае для захавання ўраджаю”, ― кажа А. Баранаў.
Словы героя публікацыі пацвярджаюць і спецыялісты сельгаспрадпрыемства, якія характарызуюць яго як адказнага, уважлівага і неабыякавага чалавека. Дзякуючы такім працаўнікам каравай гаспадаркі павінен быць важкім.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK