Таленавітыя землякі

Днямі Уборкаўская сельская бібліятэка прыняла ўдзел у акцыі “Чытаем кнігі пісьменнікаў-землякоў”, якая была абвешчана ДУК “Лоеўская цэнтральная раённая бібліятэка”. На сустрэчу з чытачамі, вучнямі 6-11 класаў Уборкаўскай СШ, быў запрошаны мясцовы паэт і мастак Уладзімір Бабраўнічы, які на днях адсвяткаваў свой 65-гадовы юбілей.
Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання Уладзімір Рыгоравіч напісаў паэму “Францыск Скарына”, і першымі слухачамі яе сталі ўдзельнікі мерапрыемства. Потым гучалі песні на вершы Уладзіміра Бабраўнічага ў электронным варыянце “Вёсачка мая” і “Тальянка” у выкананні лоеўскіх спевакоў. Уладзімір Рыгоравіч — актыўны карыстальнік сацыяльных сетак, друкуецца на літаратурных сайтах “Хата-чытальня” і “Парнас”, на яго вершы барды з Санкт-Пецярбурга напісалі вельмі мілагучныя песні.
Акрамя гэтага, свае вершы чытала Н. Курдзесава, бібліятэкар Уборкаўскай сельскай бібліятэкі. Выстава “Кнігі нашых пісьменнікаў-землякоў” прапанавала наведвальнікам творы Міхася Даніленкі, Рыгора Андрэяўца, Алеся Кукары, Лідзіі Долбікавай. На выставе таксама былі прадстаўлены вершы ўдзельнікаў літаратурнай гасцёўні “Верас”, якая працуе пры Уборкаўскай бібліятэцы.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK