Свята вяртаецца

Зусім хутка мы адзначым унікальнае і па назве, і па змесце свята — стары Новы год. Замежнікі жартуюць: «Святкаваць Новы год двойчы? Такое можа быць толькі ў Расіі”. Аднак дзеля справядлівасці адзначым — не толькі там: стары Новы год ёсць у календарах Арменіі, Грузіі, Казахстана, Латвіі, Македоніі, Малдовы, Сербіі, Украіны, Чарнагорыі і ў нас, беларусаў. I звязана гэта не з менталітэтам народаў, а са зменай летазлічэння.
Доўгі час свет жыў па календары, створаным па даручэнні імператара Гая Юлія Цэзара, аднак з часам гэты юліянскі каляндар значна “адстаў” ад жыцця, і ў XVI стагоддзі Папа Рымскі Грыгорый XIII увёў каляндарную рэформу, у выніку якой у 1582 годзе пасля 4 кастрычніка наступіла адразу 15. На новы грыгарыянскі каляндар большасць еўрапейскіх краін перайшла да канца XVII стагоддзя. А вось іншыя спакойна працягвалі жыць па старым юліянскім, пакуль у 1918 годзе не перайшлі на грыгарыянскі стыль. I ўсё б нічога — перайшлі адзін раз і забыліся, аднак Руская праваслаўная царква працягвала жыць і адзначаць свае святы па старым стылі. У выніку праваслаўныя вернікі сутыкнуліся з праблемай: Нараджэнне Хрыстова яны святкавалі 7 студзеня, а афіцыйны Новы год прыпадаў на 1 студзеня. Як жа яго адзначаць, калі пост у самым разгары? Хіба толькі па старым стылі. Вось так і з’явілася яшчэ адно свята — стары Новы год, які сталі адзначаць з 13 на 14 студзеня.
Па народнай традыцыі гэты святочны вечар насіў назву Шчадрэц (раней прыходзіўся на навагоднюю ноч з 31 снежня на 1 студзеня). Падчас яго адзначалі другую, багатую, Куццю (першая (бедная і посная), святкавалася 6 студзеня перад Божым Нараджэннем, а трэцяя (вадзяная і таксама посная) — 18 студзеня, перад Вадохрышчам). Напярэдадні свята стараліся вычысціць хату і падворак, зняць павуцінне з усіх куточкаў, вымыць падлогу. Для нашых бабуль і дзядуль было важна ўступіць у новы год чыстымі. Калі маглі сабе тое дазволіць, апраналіся ва ўсё новае. Гаспадыні стараліся прыгатаваць не менш за дванаццаць страў, сярод якіх былі каўбасы, смажаніна, масла, сыр, бліны, гародніна, рыба і грыбы.
Лічылася: наколькі шыкоўна адсвяткуе сям’я багатую Куццю, настолькі шчодра яна будзе жыць на працягу ўсяго года.
У розных кутках Беларусі на стары Новы год праводзіліся разнастайныя калядныя абрады: жанілі Цярэшку, шчадравалі з казой, калядавалі з цыганамі або паказвалі батлейкі. А ў першы дзень новага года абавязкова праводзілі абрад засявання — дзеці заходзілі ў хаты з торбачкамі, поўнымі зерня жыта, аўса, ячменю, спявалі калядкі, рассыпалі па падлозе па жменьцы зерня кожнага гатунку і гучна прыгаворвалі: “Сею, сею, засяваю! З Новым годам паздраўляю!” Гаспадары шчыра дзякавалі маленькім сейбітам каўбасой, сушанымі ягадамі, арэхамі і іншым — выкананы рытуал абяцаў сям’і багатае жыццё. Усе дзеянні на Шчадрэц былі звязаныя з надзеяй на ўраджайны год, паколькі ў аснове свята ляжала ў першую чаргу ідэя не каляндарнага новага года, а новага земляробчага цыкла.
Цікава, што калядная ноч, па ўяўленнях нашых продкаў, жыўшых да распаўсюджвання хрысціянства, «адкрывала нябёсы» і тым самым давала магчымасць паспрабаваць зазірнуць у заўтрашні дзень. Больш за ўсіх пытанні лёсу цікавілі моладзь перадшлюбнага ўзросту — дзяўчат і хлопцаў, якія марылі стварыць сваю сям’ю.
Прывядзём толькі некалькі прыкладаў калядных варожбаў тых часоў.
* Дзве сяброўкі набіралі ў калодзежы вядро вады, прыносілі яго ў хату і ставілі на лаву. Затым бралі замок і «замыкалі вядро». Пасля гэтага клаліся спаць, не сказаўшы ніводнага слова. Ноччу павінен быў прысніцца той, хто прыйдзе «адамкнуць» вядро.
* У хляве або ў паветцы дзяўчына набірала ахапак дроў, прыносіла ў хату, клала каля печы і лічыла: калі пара будзе — замуж пойдзе, калі не — то не.
* Дзяўчаты раніцай пеклі аладкі, па адной хавалі. Вечарам збіраліся ў чыёй-небудзь хаце і пачыналі варажыць. Кожная з прысутных дзяўчат на ўслон клала сваю аладку, а затым у хату прыводзілі сабаку. Чыю аладку схопіць першую, тая хутчэй за ўсіх замуж пойдзе.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK