Заўсёды на перадавой

Для калектыву газеты «Лоеўскі край» Дзень друку не проста прафесійнае свята, а магчымасць у чарговы раз падвесці вынікі, задаць сабе галоўнае пытанне: Які ўклад кожны з нас уносіць у жыццядзейнасць нашай малой радзімы?
Журналіст — гэта чалавек, якому патрэбна аб’ектыўна асвятляць рэаліі жыцця, даносіць да чытачоў правераную інфармацыю. Людзі, якія працуюць у газеце, павінны ўмець забыць пра ўласныя амбіцыі. Справа патрабуе ад іх прафесіяналізму, бо патрэбна пісаць артыкулы так, каб зацікавіць чытачоў, прымусіць іх задумацца пра важнасць узнятых праблем.
Мы імкнемся працаваць так, каб чытачы ведалі, што адбываецца навокал. Карэспандэнты з захапленнем расказваюць пра дасягненні вучняў устаноў адукацыі, лепшых працаўнікоў прадпрыемстваў і ўстаноў Лоеўшчыны, разнастайныя святы, паднімаюць тэмы жыллёва-камунальнай сферы, дзейнасці органаў мясцовага самакіравання і шмат іншых. Кожны нумар раёнкі нам хочацца зрабіць непаўторным і цікавым. Усім падпісчыкам «Лоеўскага краю» добра вядомыя імёны тых, хто працуе ў раённай газеце, якая выходзіць штотыдзень аб’ёмам 16 старонак. Гэта галоўны рэдактар Святлана Маторная, адказны сакратар Людміла Краўцова, загадчыкі аддзелаў Вольга Крупейчанка і Таццяна Бялова, карэспандэнт Наталля Апанасенка, старшы карэктар Аксана Шамела, аператары вёрсткі Святлана Місачэнка і Інга Небагацікава. Вялікі ўклад у нашу агульную справу ўносяць галоўны бухгалтар Ірына Лусс, вадзіцель Валерый Давыдоўскі і працаўнік, адказны за парадак і чысціню у нашым будынку і навокал яго, Тамара Крот.
У мінулым годзе раёнка адзначыла свой 85-гадовы юбілей. Мы памятаем імёны калег, якія ў свой час унеслі вялікі ўклад у станаўленне Лоеўскай раённай газеты, яе творчае развіццё, набыццё аўтарытэту. Гэта Алена Уладзіміраўна і Мікалай Афанасьевіч Рубан, Мікалай Фёдаравіч Мельнічэнка, Тамара Паўлаўна Анісавец, Ніна Міхайлаўна Сінілава, Ганна Канстанцінаўна Забоціна, Васіль Пятровіч Крупейчанка, Валенціна Рыгораўна Стасько і інш. Схіляем галовы ў памяць Алены Ігнацьеўны Паўліўскай, Марыі Фёдараўны Савенка, Мікалая Пятровіча Крупейчанкі, Уладзіміра Сямёнавіча Даўгалычанкі і інш. Яны ведалі, што падвесці сваіх падпісчыкаў нельга, таму рабілі газету, нягледзячы на цяжкасці, якія даводзілася пераадольваць. Пераняўшы эстафету, мы таксама напаўняем старонкі разнастайнымі матэрыяламі, якія абавязкова знаходзяць свайго чытача. Сучасны калектыў рэдакцыі таксама жыве газетай, перажываючы за кожны напісаны тэкст, за тое, як яго ўспрымуць чытачы, ці будзе цікавай і карыснай тая ці іншая інфармацыя і г.д. Праца для нас не сканчаецца ніколі, бо як толькі выпускаецца адзін нумар раёнкі, следам рыхтуецца другі, адбываецца пастаянны пошук новых ідэй, сюжэтаў, тэм і формы падачы матэрыялу.
Паважаныя калегі, ветэраны рэдакцыі і друкарні, работнікі паштовых аддзяленняў, пазаштатныя карэспандэнты і чытачы раённай газеты «Лоеўскі край»!
Напярэдадні свайго прафесійнага свята мы дзякуем вам за матэрыяльную і маральную падтрымку газеты, за новыя ідэі, слушныя парады і крытычныя заўвагі, за працу і творчасць. Як і раней, мы спадзяёмся на вашу дапамогу: падпісвайцеся на «Лоеўскі край», пішыце нам лісты, прыносьце рэкламу, падказвайце тэмы для публікацый, распавядайце пра падзеі, якія засталіся паза полем нашага зроку, запрашайце ў госці журналістаў. З вашай дапамогай мы зможам зрабіць газету больш цікавай і сучаснай.
Здароўя, шчасця і дабрабыту вам і вашым сем’ям, а нашай раёнцы — доўгага, плённага жыцця і высокіх ты-ражоў.
Калектыў рэдакцыі газеты
“Лоеўскі край”.

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK