Лоеўшчына: дзясятак акунёў або жыццё?

Не паспела зіма заявіць пра сябе ў поўную сілу, як аматары падлёднай рыбалкі, даверыўшыся першым марозам, адразу ж выйшлі на лёд выпрабоўваць лёс, які, на жаль, не заўсёды добразычлівы. Каб не дапусціць трагедый, работнікі Лоеўскага РАНС сумесна з начальнікам выратавальнай станцыі Уладзімірам Склема правялі рэйды, накіраваныя на папярэджанне гібелі людзей на вадаёмах. У ходзе мерапрыемстваў з аматарамі лоўлі былі праведзены прафілактычныя гутаркі па правілах паводзін на лёдзе і аказання дапамогі тым, хто праваліўся.

Чарговы такі выезд прайшоў у панядзелак. І, хоць мароз у тыя дні перайшоў нулявую адзнаку ў бок паніжэння, стан ракі быў далёка не лютаўскі, хутчэй, сакавіцкі: па ўсёй рацэ плылі крыгі, і толькі ў ціхіх месцах водная роўнядзь зацягнулася лёдам. Тым не менш рыбаловаў давялося ўбачыць нямала. Самым папулярным месцам у жыхароў Лоева з’яўляецца месца каля аддзела берагавой аховы. Таблічка на беразе з надпісам аб забароне выхаду на тонкі лёд іх не бянтэжыць. Тут займаліся любімай справай каля 30 чалавек. Далей ад людскіх вачэй сядзелі некалькі пажылых мужчын, у кожнага з якіх улоў да 11 раніцы склаў па некалькі рыбінак. Аднак, як кажуць, паляванне мацней няволі. Вось і сядзяць рыбаловы ўпарта і чакаюць здабычу.
А між тым, Уладзімір Пятровіч вырашыў змераць таўшчыню лёду ў месцы навалы рыбакоў каля набярэжнай. На здзіўленне, яго таўшчыня склала каля 11 сантыметраў. У прынцыпе, пакуль ён у стане вытрымаць вагу чалавека, аднак прыкметна, што знізу тоўшча не зусім моцная, усё ж такі маразы ўдарылі невялікія. А гэта значыць, што ў адзін цудоўны дзень лёд у месцы, дзе яшчэ ўчора ўпэўнена хадзілі, можа не вытрымаць. Правёўшы прафілактычную гутарку і ўручыўшы памятныя буклеты, удзельнікі рэйду адправіліся да наступнага папулярнага месца на Дняпры ў раён паромнай пераправы. Тут аказалася не так шматлюдна — каля дзясятка рыбакоў. Падыходзім да аднаго з іх. Супрацоўнік МНС сумесна з работнікам выратавальнай станцыі паказвае неабходныя сродкі бяспекі, якія павінны быць у людзей, што выйшлі на лёд. Усе быццам бы згаджаюцца і нават ведаюць пра тое, наколькі небяспечна лавіць рыбу на лёдзе, калі надвор’е амаль веснавое. Аднак ні ў каго няма ні выратавальнай камізэлькі, ні якіх-небудзь падручных сродкаў. Нават вяроўка адсутнічае але ў кожнага ёсць нож, які зможа служыць зачэпам.
Важна памятаць наступныя правілы, выконваючы якія можна засцерагчы сябе і сваіх блізкіх:
— выхад на лёд забараняецца падчас ледаставу, пакуль яго таўшчыня не дасягне 7 сантыметраў, а таксама ў перыяд інтэнсіўнага раставання і разбурэння лёду;
— пры групавым пераходзе варта рухацца на адлегласці 5-6 метраў адзін ад аднаго, уважліва сачыць за наперадзе ідучым;
— кожнаму рыбалову пры выхадзе на раку ці сажалку рэкамендуецца мець з сабой выратавальную камізэльку і лінь (вяроўку) даўжынёй 15-20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам вагой 400-500 грамаў на іншым;
— праваліўшыся пад лёд, трэба дзейнічаць хутка і рашуча: кінуць у бок берага замацаваны на поясе лінь і без рэзкіх рухаў старацца выбрацца на трывалы лёд, а затым, лежачы на жываце ці спіне, рухацца ў бок берага, адначасова заклікаючы аб дапамозе;
— пры аказанні дапамогі чалавеку, які праваліўся пад лёд, падаюць лесвіцы, дошкі, жэрдкі, вяроўкі і іншыя падручныя сродкі, пры гэтым набліжацца да яго варта паўзком, пажадана абапіраючыся на прадметы, якія павялічваюць плошчу апоры.
Хочацца спадзявацца, што тыя, хто ў гэтыя дні вырашыць парыбачыць на ненадзейным лёдзе, задумаюцца аб тым, што іх чакаюць дома, што жыццё і здароўе значна даражэй.
Аляксей Сініла, «ЛК».

Добавить комментарий

Instagram
Telegram
VK
VK
OK